Выбрать главу

– Добра, Фрода, сын Дрога, – спачувальна зірнуў Арагорн, – у цябе ёсьць гадзіна самоты. Мы пачакаем тут. Але ж не адыходзь далёка, па-за погук.

Фрода сядзеў пэўны час, нахіліўшы галаву. Надта занепакоены Сэм назіраў за гаспадаром, хітаў галавою й мармытаў:

– Ну, тут усё прамей за жэрдку, але ж ня Сэму Гэйхаду свой грош цяпер устаўляць.

Фрода ўстаў і пайшоў прэч, і Сэм пабачыў, што хоць астатнія стрымалі сябе й не праводзілі яго позіркамі, Бараміравы вочы ўпіліся ў Фродаву сьпіну й не адпускалі, пакуль той ня зьнік за дрэвамі ля ўзножжа Аман Эн.

Паблукаўшы бязмэтава па лесе, Фрода вынайшаў, што ногі самі вядуць яго ўгару. Неўзабаве выбраўся на сьцежку – амаль зьніклую, рэшту старажытнай дарогі. На стромых пад'ёмах у камені былі вычасаныя прыступкі, цяпер парэпаныя й шчарбатыя ды расколатыя каранямі дрэваў. Пэўны час караскаўся, ня ведаючы куды, пакуль ня выбраўся на роўную ўтравелую паляну. На ёй расьлі рабіны, а пасярэдзіне ляжаў шырокі пляскаты белы камень. Гэты маленькі лужок быў адкрыты на ўсход і заліты ранішнім сьвятлом. Фрода прыпыніўся зірнуць на раку далёка ўнізе, на Тол Брандыр і птушак, што кружлялі ў вялікім правале паміж ім і выспай, на якую ня крочыла чалавечая нага. Магутна роў Рэрас, з ровам мяшаліся накаты цяжкіх грымотаў.

Фрода прысеў на камень, абаперся падбародзьдзем аб руку, пазіраючы на ўсход, але бачыў няшмат. Бо цяпер усё, што здарылася з таго часу, як Більба пакінуў Шыр, праходзіла перад Фродавымі вачыма, і ён намагаўся згадаць на ўсё, што толькі казаў Гэндальф, дый абмеркаваць зноў. Час мінаў, а да вырашэньня Фрода так і не наблізіўся.

Зьнянацку абудзіўся ад задуменнасьці. Дзівоснае пачуцьцё агарнула яго – нібы нехта крадзецца ззаду ды нядобра глядзіць на яго. Хобіт ускочыў, павярнуўся – і ў подзіве пабачыў Бараміра, які добра й ветла ўсьміхаўся.

– Я баяўся за цябе, – сказаў Барамір. – Калі Арагорн мае рацыю й оркі побач, нікому ня варта бадзяцца на самоце, а табе меней за ўсіх, столькі ж залежыць ад цябе! Бо ў мяне на сэрцы неспакойна. Магу я пабыць побач з табою ды пагутарыць, калі ўжо я напаткаў цябе? Мне было б спакайней. Калі спрачаецца натоўп, спрэчка робіцца бясконцай. А ў гамонцы двух мудрасьць, мажліва, адкрые сябе хутчэй.

– Дзякуй за шчырасьць і спагаду, – прамовіў Фрода. – Наўрад ці якая гамонка дапаможа мне цяпер. Бо я ведаю, што мушу рабіць, але проста баюся. Баюся зрабіць гэта, Барамір.

Барамір стаяў маўкліва. Несупынна роў Рэрас. У галінах дрэваў шапацеў вецер. Фрода ўздрыгнуў.

Барамір падышоў ды сеў побач.

– Ці ты ўпэўнены, што не пакутуеш дарма? – спытаў ён. – Я хачу дапамагчы табе. Табе ж патрэбная парада, каб зрабіць цяжкі выбар. Чаму не прыслухацца да маёй?

– Мне падаецца, я ведаю, што ты хочаш мне параіць, Барамір. I гэта мудра, аднак маё сэрца пярэчыць.

– Сэрца? Пярэчыць? Пярэчыць чаму? – рэзка спытаў Барамір.

– Пярэчыць затрымцы. Шляхам, якія падаюцца лягчэйшымі. Таму, каб адмовіцца ад цяжару, даверанага мне. Пярэчыць – ну, калі ўжо давялося тое выказаць, – пярэчыць даверу да моцы й вернасьці людзей.

– Але ж тая моц здаўна абараняла цябе ў тваёй маленькай краіне, хоць ты й ня ведаў таго.

– Я не сумняюся ў мужнасьці твайго народу. Але ж сусьвет зьмяняецца. Муры Мінас Тырыту, напэўна, моцныя, але ж вораг можа прарвацца й за іх. I што тады?

– Тады мы адважна загінем у бітве. Аднак яшчэ ёсьць надзея, што вораг за іх не прарвецца.

– Няма надзеі, пакуль існуе пярсьцёнак.

– А, пярсьцёнак, – вымавіў Барамір, і вочы ягоныя бліснулі, – пярсьцёнак! Ці ж не дзівосна, што нам даводзіцца трываць столькі страхаў, пакутаваць ад сумневаў з-за гэткай маленечкай драбязкі. Маленечкай драбязкі! Я й бачыў яго ўсяго імгненьне на Эльрандавай Радзе. Ці можна мне яшчэ раз зірнуць на яго?

Фрода глянуў Бараміру ў твар, і сэрца ягонае заныла ад дрэннага прадчуваньня. Бараміравы вочы зьзялі прагай, хоць твар ягоны заставаўся добрым і сяброўскім.

– Лепей яму застацца прыхаваным, – адмовіў Фрода.

– Ну, як пажадаеш, справа твая, – пагадзіўся Барамір. – А чаму мне хоць бы не паразважаць пра яго? Вы чамусьці бачыце толькі ягоную моц у варожых руках. Бачыце толькі шкоду ад яго, а не карысьць. Сусьвет зьмяняецца, ты сам казаў. Мінас Тырыт загіне, калі пярсьцёнак замарудзіць у сусьвеце. Але чаму? Напэўна, гэта бясспрэчна, калі пярсьцёнак патрапіць да Ворага. А калі патрапіць да нас?

– Ці ж ты ня быў на Радзе? – спытаў Фрода. – Мы ня можам карыстацца ім. Усё, здабытае ім, абернецца ліхам.

Барамір узьняўся й нецярпліва захадзіў туды й сюды.