Выбрать главу

Неўзабаве выбраўся на вяршыню Аман Эн дый прыпыніўся, хапаючы ротам паветра. Нібы праз туман бачыў шырокую пляскатую пляцоўку, забрукаваную тоўстымі камянямі й абкружаную шчарбатым мурам, усярэдзіне на чатырох магутных калёнах узвышалася назіральная вежа. Хобіт падняўся па доўгай лесьвіцы дый пасеў у старажытную каменную фатэлю, адчуваючы сябе згубленым дзіцем, якое забралася на сталец горных каралёў.

Спачатку амаль нічога ня ўгледзеў. Быццам плыў у сусьвеце, запоўненым туманом, дзе існавалі толькі цені, – то ж бо пярсьцёнак быў на ягоным пальцы. Там і тут туман ірваўся, і разьвіналіся далягляды – маленькія, ясныя да дробязяў кавалкі сусьвету, нібы пабудаваныя на ўласным стале, і адначасова далёкія. I аніякіх гукаў, толькі карцінкі. Сусьвет нібыта скурчыўся, ссох – і змоўк. Фрода сядзеў на стальцы Зроку, на Аман Эн, гары Зроку людзей Нумэнору. На ўсход перад хобітам разаслаліся незамапаваныя землі, безыменныя роўнядзі, няходжаныя лясы. Зірнуў на поўнач – і Вялікая рака стужкаю легла перад ім, і Туманныя горы паўсталі маленькімі й вострымі, бы паламаныя зубы. Зірнуў на захад – і пабачыў неабсяжныя пашы Рохану, і Ортанк, вежу Ізенградку, бы чорны сьпічак. Зірнуў на поўдзень – і пад самымі ягонымі нагамі Вялікая рака хваляю абрынулася ўніз, па вадаспадзе Рэрасу ў глыбокую, запоўненую пенай пашчу, над якой зіхацела вясёлка. I пабачыў Этыр Андуйн, прасторную дэльту Вялікай ракі, дзе мірыяды марскіх птушак луналі белымі пылінкамі пад сонцам, а пад імі беглі бясконцыя шыхты хваляў зялёна-срэбнага мора.

Але ж паўсюль, куды ні сягаў позірк, прыкмячаў адзнакі вайны. Туманныя горы кішэлі, бы мурашнік, оркі вылазілі з тысячаў дзірак. Пад галінамі Ліхалесься на сьмерць біліся зь ліхімі пачварамі эльфы й людзі. Зямля Беарнінгаў палала. Хмара вісела над Морыяй, і дым падымаўся ад межаў Лорыйну.

Вершнікі скакалі па роўнядзях Рохану, зь Ізенградку выбягалі зграі ваўкоў. З заваняў Хараду выходзілі на вайну караблі. З усходу няспынным струменем рушылі людзі: мечнікі, дзідары, лучнікі на конях, калясьніцы правадыроў ды гружаныя вазы. Уся моц Чорнага Ўладара мкнула да вайны. Тады хобіт, павярнуўшыся зноў на поўдзень, пабачыў Мінас Тырыт. Далёкім ён падаваўся й прыгожым: беласьценны, шматвежавы, ганарлівы й сьветлы на каменным п'едэстале. Бастыёны блішчэлі стальлю, і на вежах трапятала мноства сьцягоў і харугваў. Надзея ўскалыхнулася ў Фродавым сэрцы. Аднак насупраць Мінас Тырыту ўзвышалася яшчэ адна цьвярдыня, больш моцная й велічная. Туды, на ўсход, мімаволі вабіла хобіцкі погляд. Прайшоў над руінамі Азгіліяту, за ашчэраную браму Мінас Моргулу, праз прывідныя горы, над Гаргаратам, далінаю жаху ў краіне Мордар. Цемра ляжала там пад сонцам. Полымя прабівалася праз дым – палала гара Выраку, вывяргаючы смурод. I, нарэшце, хобітаў позірк пацягнуўся да сьценаў, чорных, невымернай моцы й вышыні, да жалезнай гары, сталёвых брамаў, адамантавых вежаў – да Барад-дуру, крэпасьці Саўрона. I ўся надзея пакінула Фрода.

Раптам ён адчуў чужы позірк – нястомны позірк вока, якое ня спала аніколі. Уладар Цёмнай вежы адчуў хобіта й сабраў усю прагную, лютую волю. Хобіт адчуў яе – нібы пальцы мацаюць паветра, адшукваючы яго. Яны намацаюць абавязкова, яшчэ крыху – і крануць, і вызнаюць, дзе ён. Ужо сягнулі Аман Лэ. Сьлізнулі па Тол Брандыры. Фрода кінуўся на падлогу, скурчыўся, закрыў галаву шэрым каптуром.

Пачуў свой голас:

– Аніколі! Аніколі не аддам яго табе! – а мо тое было: – Калі аддам яго табе? Калі?

I тады, выбліскам з другога боку, ад іншай моцы, успыхнула ў ягоным розуме інакшая думка:

– Здымі ж яго! Здымі! Дурань, здымі яго!!! Зараз жа здымі пярсьцёнак!

Дзьве сілы змагаліся ў ім. На момант, нібы падвешаны паміж іхнімі канчарамі ў імгненнай раўнавазе, ён курчыўся, пакутуючы. I зьнянацку ачомаўся, зноў зразумеўшы, што менавіта ён, а ня Вока, а ня Голас вольны абіраць, што рабіць далей. I ў апошні момант абраў, сарваўшы пярсьцёнак з пальца. I зразумеў, што стаіць на каленях перад каменным стальцом. Чорны цень, нібы рука прайшоў над ім. Так і не натрапіўшы на Аман Эн, памацаў на захадзе дый зьнік. I нябёсы зноў сталіся чыстымі й блакітнымі, і птушкі сьпявалі з кожнага дрэва.

Фрода ўзьняўся на ногі. Вялікая стома наваліла на яго, але цяпер ягоная воля памацнела й на сэрцы палягчэла.

– А цяпер я зраблю тое, што мушу, – сказаў сам сабе ўголас. – Вось што бясспрэчна: пярсьцёнкава ліха ўжо дабралася да нас, да самай ягонай аховы, і трэба несьці пярсьцёнак прэч, пакуль ён не нарабіў большай шкоды. Некаторым я ўжо не магу давяраць, а тых, каму магу, я не вазьму з сабою, бо яны надта дарагія для мяне. Швэндала таксама не, бо ягонае сэрца мкне да Мінас Тырыту й там ён насамрэч спатрэбіцца цяпер, калі Барамір паддаўся ліху. Я пайду адзін. I зараз жа.