Выбрать главу

– Ты прамаўляеш мудрэй за нас усіх, – згадзіўся Арагорн. – І што ж нам рабіць, калі твая рацыя?

– Спыніць яго трэба! Не дазволіць ісьці! – выгукнуў Піпін.

– Але як? – спытаў Арагорн. – Ён – Ахоўнік, і лёс ягонай ношы – ягоная адказнасьць. Ня думаю, што мы маем права прымушаць яго йсьці туды ці сюды. Дый ня здолеем мы яго прымусіць, нават калі паспрабуем. Тут дзеюць іншыя сілы, нашмат вялікшыя за нашыя.

– Ну, дык хутчэй бы Фрода "сьціснуў сябе ў кулак" і вярнуўся, і мы з усім скончылі б, – прастагнаў Піпін. – Чакаць невыносна! Ці не мінула ўжо тая гадзіна?

– Даўно мінула, – згадзіўся Арагорн. – Раніца ўжо праходзіць. Трэба паклікаць яго.

У гэты момант вярнуўся Барамір. Выйшаў зь лесу й рушыў да іх, ня кажучы ані слова. Твар ягоны выглядаў сумным ды змрочным. Ён прыпыніўся, нібы падлічваючы, колькі прысутнічае, дый прысеў непадалёк, апусьціўшы галаву.

– Дзе ты быў, Барамір? – спытаў Арагорн. – Ці ня бачыў Фрода?

Барамір адказаў не адразу, відавочна вагаючыся. Нарэшце павольна вымавіў:

– Так – і не. Так: я знайшоў яго крыху вышэй па схіле й размаўляў зь ім. Я пераконваў яго йсьці не на ўсход, а ў Мінас Тырыт. Я раззлаваўся, і ён сышоў. Проста зьнік. Я аніколі раней ня бачыў гэткіх рэчаў, хоць і чуў паданьні пра іх. Напэўна, ён насунуў пярсьцёнак. Адшукаць яго зноў я ня здолеў. Я падумаў: можа, ён вярнуўся да вас.

– Гэта ўсё, што ты можаш распавесьці? – спытаў Арагорн сувора й амаль варожа.

– Але, – адказаў той. – Пакуль што гэта ўсё.

– Ну, як жа ж гэна?! – ускочыў Сэм. – Ня ведаю, што нарабіў гэны чалавек! Навошта пану Фрода насоўваць пярсьцё нак? Ды яму ж нельга гэнага! Калі насуне яго, дык немаведама што ўтворыцца!

– Як насунуў, так і здыме, – паспрабаваў суцешыць Мэры, – як Більба рабіў, калі хацеў пазбавіцца ад нежаданага наведніка.

– А куды ж ён падзеўся? Дзе ён? – выклікнуў Піпін. – Яго ж паўдня ўжо няма!

– Калі ты астатні раз бачыў Фрода, Барамір? – спытаў Арагорн.

– Паўгадзіны таму. Ці гадзіну. Я блукаў па лесе. Я ня ведаю! Ня ведаю! – Барамір абхапіў галаву рукамі й сеў, згорбіўшыся, нібы ад цяжкой тугі.

– Ужо гадзіну як зьнік! – загаласіў Сэм. – Трэба адшукаць яго зараз жа! Зараз жа!

– Пачакай хвілінку! – папрасіў Арагорн. – Трэба падзяліцца на пары й вызначыць, дзе каму... стой! Стой!!

Дарэмна. Аніхто не зьвярнуў на яго ўвагі. Сэм кінуўся прэч першы, на захад, Мэры зь Піпінам – за ім, і ўжо схаваліся за прыбярэжнымі дрэвамі, гукаючы "Фрода! Фрода!" сваімі чыстымі, гучнымі, высокімі хобіцкімі галасамі. Ужо й Гімлі зь Ляголасам пабеглі. Падавалася, раптоўная паніка – ці апантанасьць – завалодала ўсімі.

– Мы ўсе паразьбежымося ды папагубляемся, – прастагнаў Арагорн. – Барамір, я ня ведаю, якую ролю адыграў ты ў гэтым вар'яцтве, але ж дапамажы цяпер! Руш сьледам за двума маладзейшымі хобітамі, ахоўвай іх, нават калі ты й ня здольны адшукаць Фрода. А калі знойдзеш яго ці хоць бы якую ягоную прыкмету, вяртайся сюды. Я неўзабаве буду.

Арагорн ускочыў і памчаў наўздагон за Сэмам. I нагнаў, якраз калі той сягнуў невялікай паляны паміж рабінамі й упарта караскаўся ўгару, цяжка дыхаючы й гукаючы:

– Фрода!

– Хадзем з мною, Сэме! – паклікаў Арагорн. – Анікому з нас нельга заставацца на самоце. Тут нейкае ліха зусім побач, я адчуваю. Я зьбіраюся на самую гару, на Сталец Аман Эн, мо што ўбачыцца. Зірні сюды! Як і падказвала мне сэрца, Фрода кіраваўся сюды! Пасьпяшайся за мной ды пільна пазірай наўкол!

Сэм сьпяшаўся, як мог, але ж ня здолеў угнацца за Швэндалам сьледапытам і неўзабаве далёка адстаў. Не пасьпеў адысьці ад паляны, як згубіў Арагорна. Тады прыпыніўся, аддыхваючыся. Раптам пляснуў даланёю па лобе.

– Ну, Сэм Гэйхад! – сказаў уголас. – Ногі караткаватыя – дык карыстайся галавою. Ну-тка, паразважаем. Барамір ня хлусіць, не ў ягонай тое звычцы, але ж і ўсяго ня кажа. Нешта перапалохала спадара Фрода. I таму ён раптоўна сьціснуў сябе ў кулак. Ён вырашыўся, няйначай. I куды ён пойдзе? Напэўна ж, на ўсход. I бяз Сэма. Так, без свайго Сэма. Вось гэтае жорстка й сувора, сапраўды!