– Каб жа толькі гэты пракуда-чараўнік маладога пана Фрода ў спакоі пакінуў – можа, ён і набярэцца розуму, прызвычаіцца дый будзе хобіт хобітам, – казалі ў навакольлі.
Ну й сапраўды: здаецца, чараўнік пакінуў Фрода ў спакоі й той прызвычаіўся да Торбы-пад-Стромай, абжыўся й прыжыўся, аднак прыбытку цьвярозай хобіцкай рацыі ў ім нешта не назіралася. А дакладней, ён амаль адразу ж перахапіў Більбаву рэпутацыю дзівака. Дзядзьку згадваў заўсёды як жывога, а наступным годам адзначыў Більбава стодванаццацігодзьдзе й вечарыну ў ягоны гонар назваў "Бяседай ста з тузінам". Ня тое каб адпаведна назваў, бо гасьцей склікаў усяго два дзясяткі, але ж частавалі некалькі разоў, дый так, што, як хобіты кажуць, на пузах каталіся ды з вушэй лезла.
Некаторыя моцна абураліся, аднак Фрода ўцята задаваў "Бяседу за сто" год за годам, і паступова прыцярпеліся. Фрода заўсёды казаў, што Більба жывы. А дзе ж ён?.. На тое толькі паціскаў плячыма.
Жыў Фрода, як і Більба, бабылём, але меў колькі сяброў, асабліва сярод маладзейшых хобітаў (пераважна нашчадкаў Старога Хвата), якія з маленства круціліся вакол Торбы-пад-Стромай і любілі старога дзядзьку Більба, – Фолька Выкумек ды Фрэдэгар Барсукс, напрыклад. А найбліжэйшымі сябрамі былі Перыгрын Хват (якога звычайна клікалі Піпін) ды Мэры Бронь-Быч (чыё сапраўднае імя, якое згадвалі зрэдку, было Мэрыядок). Фрода цягаўся зь імі па ўсім Шыры, але найчасьцей бадзяўся на самоце. На зьдзіўленьне ўсялякага нармалёвага й прыстойнага хобіта, заўважалі яго й далёка ад Торбы ўночы – шпацыраваў пры зорным сьвятле па лясох ды пагорках. Мэры й Піпін падазравалі, што ён, як і Більба, час ад часу наведваўся да эльфаў.
З часам народ прыкмеціў, што Фрода таксама "добра захоўваецца": на выгляд такі самы малады, жвавы хобіт, толькі-толькі за паўнагодзьдзем. На тое казалі: ну шанцуе ж некаторым. А дзівосным, каб не казаць і ненатуралёвым, палічылі гэта, калі Фрода наблізіўся да пяцідзесяці. Паважны ўзрост усё-ткі.
Пасьля клопатаў першых дзён Фрода вынайшаў, што быць гаспадаром самога сябе, а да таго й Торбы-пад-Стромай надзвычай прыемна. Колькі гадоў ён проста жыў не загадваючы на будучыню. Але паціху, можа, толькі напалову сьвядома расьлі ў ім незадаволенасьць і шкадаваньне, што не сышоў тады зь Більба. Наплывалі самі сабою, асабліва ўвосень, думкі пра далёкія, дзікія краі, і туманныя абрысы гор, якіх ніколі ў жыцьці ня бачыў, прыходзілі ў ягоныя сны. Ён казаў сам сабе: "Можа, і я аднойчы выпраўлюся за Раку". На тое другая палова розуму нязьменна адказвала: "Не цяпер".
Так яно й цягнулася, ужо саракавыя яго сканчаліся й надыходзіла пяцідзесяцігодзьдзе. Лічба пяцьдзясят падавалася Фрода істотнай, нават прадказальнай: менавіта ў пяцьдзясят гадоў Більба напаткаў сваю прыгоду. Фрода занепакоіўся, старыя сьцежкі падаваліся ўжо надта знаёмымі, сходжанымі ўздоўж ды ўпоперак. Падоўгу глядзеў на мапы, меркаваў, што ж там – за межамі Шыру. А там шырскія мапы паказвалі пераважна белыя плямы. Узяўся шпацыраваць далей, чым зазвычай, ды ўсё часьцей сам па сабе. Мэры й іншыя сябры занепакоіліся. Часта бачылі, як ён ішоў побач ці размаўляў з чужынцамі-вандроўнікамі, іх шмат у той час мінала Шыр.
Папаўзьлі чуткі пра нядобрыя падзеі ў навакольным сьвеце. Гэндальф не зьяўляўся цягам некалькіх гадоў, зьвестак аніякіх ня слаў – і Фрода зьбіраў навіны дзе толькі мог. Эльфаў, якія раней амаль не наведвалі Шыр, цяпер часьцяком можна было пабачыць увечары. Яны лясамі ішлі на захад, ішлі й не вярталіся, бо пакідалі Міжзем'е. Тутэйшыя падзеі болей іх не турбавалі. I гномаў зьявілася надзвычай шмат на старым шляху з усходу на захад, які вёў да Сівых Заваняў – гномы здаўна карысталіся ім, каб дабрацца да сваіх капальняў у Блакітных гарах. Пераважна ад гномаў хобіты й даведваліся пра падзеі ў далёкіх краёх – калі толькі жадалі даведацца. Бо распавядалі гномы мала, дый без ахвоты, а дапытвацца хобіты ахвоты мелі яшчэ меней. Аднак цяпер Фрода часьцяком сустракаў зусім незнаёмых гномаў з далёкіх краінаў, якія шукалі паратунку на захадзе. Гномы тыя былі надзвычай перапалоханыя, а некаторыя, азіраючыся, напаўголасу распавядалі пра Ворага ды Мордарскі край.
Гэты назоў хобіты ведалі толькі з паданьняў далёкай даўніны – быццам нейкі цень па-за ўспамінамі, трывожны й злаўмысны. Падавалася, Сьветлая Рада выгнала зло зь Ліхалесься толькі для таго, каб яно з большай моцай зьявілася ў сваёй даўняй крэпасьці, у Мордары. Казалі, Цёмная вежа ўзьнялася зноўку. I адтуль змрочная навала распаўсюджвалася паўсюль. Далёка на ўсходзе й на поўдні палалі войны, і адтуль поўз страх. У гарах зноў памножыліся оркі. Шнарылі тролі: не тупыя й нязграбныя, як раней, а разумныя ды жахліва ўзброеныя. А яшчэ шапталіся пра пачвараў больш жудасных, якім і імя не было.