Выбрать главу

Вядома, няшмат сягала вушэй звычайных хобітаў. Аднак нават самыя дамаседлівыя й зацятыя пачалі прыслухоўвацца да расповедаў, а тыя, каму даводзілася трапляць у прымежжа, бачылі нямала дзіўнага. I гаворка ў прырэчанскім "Зялёным цмоку" неяк веснавым вечарам пяцідзясятага Фродавага году відочна паказвала, што нават і да ўтульных шырскіх кутоў дабраліся чуткі, але хоць большасьць хобітаў яшчэ зь іх сьмяялася.

Сэм Гэйхад сядзеў сабе побач з агменем, а насупраць яго прыладзіўся Тэд Пяшчак, млынароў сын, тутэйшыя паблізу ўслухоўваліся ў гаворку.

– Дзіўныя рэчы можна цяпер пачуць, – сказаў Сэм.

– Анягож, – азваўся Тэд, – галоўнае, каб вушы былі, а наслухацца заўсёды можна. Толькі вось дзіцячых казак ды бабчынай балбатні ня трэба. Я іх і тут наслухаюся, калі захачу.

– Вядома, яшчэ як наслухаесься, калі захочаш. А калі трошкі болей захочаш, дык і зразумееш, што праўды там бывае нашмат болей, чым падаецца. Хтосьці ж распавёў іх упершыню, адкуль? Тых жа цмокаў вазьмі, для прыкладу.

– Не, дзякуй, цмокаў я браць ня буду. Ня трэба мне іх, калі ласка. Калі быў малы, усе вушы прагулі байкамі, а цяпер ужо вырас, бачыш. Бздура ўсё. Ня бачыў я іх і ня ўбачу. Хіба што аднаго, нашага прырэчанскага. Дый той зялёны.

Усе зарагаталі.

– Ну, добра, – пагадзіўся Сэм, сьмеючыся разам з усімі, – а як наконт дрэвалюдаў, веліканаў, калі іх можна гэтак назваць? Кажуць, аднаго, вышэйшага за любое дрэва, нядаўна бачылі за Паўночнай роўнядзьдзю.

– Хто сказаў?

– Ну хоць бы сваяк мой, Хэл. Ён у спадара Выкумека працуе ў Застром'і, а ў Паўночны падзел езьдзіць паляваць. Ён аднаго бачыў.

– Або сказаў, што бачыў. Твой Хэл заўсёды нешта бачыць, а часьцяком і такое, чаго аніхто іншы аніяк пабачыць ня можа.

– Дык жа гэны велікан быў нібыта вяз і крочыў – тры сажні як адну цалю.

– Так, можа, тое й была адна цаля, а мо й таго нат не было. Хутчэй за ўсё, ён пабачыў звычайны вяз, а ўжо астатняе ў ягонай галаве пакрочыла куды ня трэба.

– Не, сапраўды крочыў, кажу табе. А вязаў жа ў Паўночным падзеле й увогуле няма.

– Ну, тады твой Хэл і ўвогуле анічога ня бачыў.

Навокал зноў засьмяяліся, а сёй-той і ў далоні запляскаў – выдатна Тэд падрэзаў.

– Лады, але ж ты ня станеш адмаўляцца, што й іншыя, ня толькі наш Хэлфаст, бачылі ўсялякі дзіўны народ, што рушыць праз Шыр – праз Шыр, кажу табе. А колькі на межах не прапускаюць. Памежная варта ніколі столькі клопатаў ня мела. А яшчэ я чуў, што эльфы рушылі на Захад. Кажуць, да заваняў за Белымі вежамі, туды вось, – Сэм махнуў рукою некуды ў заходнім напрамку. Ані ён, ані хто іншы вакол яго ня ведаў, дзе там мора за старажытнымі вежамі на заходніх межах Шыру. Аднак у старажытных паданьнях баялася: там і ёсьць Сівыя Завані, адкуль адплываюць эльфавы караблі, каб ніколі ўжо не вярнуцца.

– Плывуць, плывуць за мора, на Захад далёкі, нас пакідаючы, – прамовіў Сэм напеўна й сумна, ківаючы галавою. А Тэд засьмяяўся.

– Калі верыць казкам, анічога новага ў гэтым няма. А з чаго яно ўвогуле павінна тычыць цябе ці мяне? Плылі – і хай сабе! А ці ж бачыў хто тут, дый увогуле ў Шыры, ці плывуць яны там на самай справе, ці не?

– Ну, ня ведаю, – адказаў Сэм задуменна. Ён, як яму падалося, бачыў аднойчы эльфа ў лясах і спадзяваўся пабачыць зноў. З усіх паданьняў, чутых з маленства, болей за ўсё краналі яго напаўзабытыя хобітамі гісторыі пра эльфаў.

– У нашых мясьцінах ёсьць тыя, якія бачылі Сьветлы народ ды ведаюць пра іх. Вось і спадар Торбінс, на якога я працую. Ён мне казаў – яны адплываюць, а ён ужо пра эльфаў ведае. А стары спадар Більба й нашмат болей ведаў, і я ад яго шмат пачуў, калі малы быў.

– Яны абодва без глуздоў у галаве, – сказаў Тэд, – і стары, і малады. Стары – так дакладна зьехаў, і Фрода зьяжджае. Калі гэта ад іх твае зьвесткі, то няма чаму дзівіцца: тут і эльфы, і веліканы, і рак на гары сьвішча. Гамон, сябры. Час дахаты. За ваша здароўе!

Ён дасмактаў піва ды выйшаў, пляснуўшы дзьвярыма.

А Сэм так і застаўся сядзець моўчкі. Шмат пра што яму думалася. Па-першае, працы ў садзе Торбы-пад-Стромай хапала з галавою, і раніцою, калі толькі надвор'е дазволіць, давядзецца парупіцца. Трава так хутка расьце! I яшчэ тое-сёе было, апрача садоўніцтва. Праз колькі часу Сэм уздыхнуў, устаў дый пайшоў дахаты.

Быў пачатак красавіка, нябёсы якраз праясьняліся пасьля моцнага дажджу. Сонца ўжо сядала, было ясна й халодна, павольна цямнела. Сэм, задуменны, ішоў пад першымі зоркамі праз Хобіцак, угару па Строме, і ціхенька насьвістваў.