Выбрать главу

– І даўно ваша гэта ведае? – зноў спытаў Фрода.

– Ведаю што? Я ведаю шмат таго, што ведаюць толькі мудрыя, шаноўны мой Фрода. А калі ты маеш на ўвазе пярсьцёнак, то скажу: і цяпер дакладна ня ведаю. Трэба праверыць апошні раз, каб спраўдзіць здагадкі. Але ж я не сумняюся ў выніку. А вось калі я пачаў здагадвацца... так, калі ж гэта... напэўна, у той год, калі Більба знайшоў пярсьцёнак і Сьветлая Рада выгнала цемру зь Ліхалесься. Якраз напярэдадні Бойкі Пяці Войскаў. Нейкі цень тады лёг мне на сэрца, прадчуваньне, але ж я не разумеў, у чым прычына. Думаў часьцяком, як жа Глыкс натрапіў на Вялікі Пярсьцёнак, а што пярсьцёнак быў менавіта зь вялікіх, я не сумняваўся ад самага пачатку. Потым я пачуў няўклюдны Більбаў расповед пра "выйгрыш у гульні" – і не паверыў. А калі ўрэшце выцягнуў зь яго праўду, зразумеў: ён намагаецца пацьвердзіць сваё права на пярсьцёнак – рыхтык Глыкс зь ягоным "падарункам на дзень народзінаў". Так, надта ўжо падобная хлусьня, і падазроная. Ясна, гэта пярсьцёнак уплывае на свайго гаспадара, уплывае адразу ж і нядобра. Вось гэта й стала для мяне першым сыгналам небясьпекі. Я часьцяком казаў Більба, каб ён не карыстаўся пярсьцёнкам, але ён не любіў, калі я згадваў пра пярсьцёнак. Хутка злаваўся. Ну, я мог зрабіць няшмат болей за параду. Забраць пярсьцёнак я ня мог, не пашкодзіўшы Більба яшчэ болей, дый права на тое ня меў. Я мусіў толькі назіраць і чакаць. Магчыма, варта было б папрасіць рады ў Сарумана Белага, але нешта заўсёды ўтрымлівала мяне ад таго.

– А хто гэта? Я ніколі ня чуў пра яго.

– Зразумела, бо на хобітаў ён увагі не зьвяртае. Ён – найвялікшы з мудрых, ачольца майго Ордэну й Сьветлай Рады. Глыбока сягнуў у ведзе, але ж разам зь ведамі рос і ягоны гонар, і цяпер ён ня церпіць, каб у ягоныя справы ўблытваліся. А вывучэньне эльфавых пярсьцёнкаў, і слабейшых, і вялікіх, – Саруманава справа. Доўгі час адшукваў ён сакрэты іх вырабу й уласьцівасьці, аднак калі гаворка пра пярсьцёнкі зайшла на Радзе, ён распавёў толькі тое, што супакоіла мяне. I прыцішыла сумнеў – але ня зьнішчыла яго. I я зноў – назіраў і чакаў. Усё падавалася добра зь Більба. Гады міналі – і не пакідалі на ім адзнак. Ён ня старыўся. I цень зноў агарнуў маё сэрца. Я супакойваў сябе: "Ну, з матчынага боку ў ягоным родзе шмат доўгажыхароў. Пачакаем яшчэ крыху". Я й чакаў – да тае начы, калі ён сышоў. А перад тым нагаварыў ды нарабіў такога, што аніякія Саруманавы словы мяне болей не супакойвалі. Я зразумеў нарэшце: чыясьці чорная воля й моц тут, чорная й злаўмысная. Цягам доўгіх гадоў пасьля тае начы я няспынна шукаў – і толькі цяпер дашукаўся, чыя яна.

– I ён пашкодзіў Більба? Цяжка? Ён жа паправіцца, праўда? Здолее жыць – і памерці – у супакоі?

– Яму палепшала адразу ж, як ён пакінуў пярсьцёнак. Аднак толькі Адзін у гэтым сусьвеце ведае ўсё пра пярсьцёнкі й іх уплыў, і, наколькі мне вядома, ніхто ня ведае ўсё цалкам пра хобітаў. Сярод мудрых толькі я й вывучаў іх, аніхто іншы іх й не дасьледваў, але ж вынікам – спрэс нечаканкі. Хобіты падаюцца то мяккімі й падатлівымі, як масла, то цьвярдымі ды ўпёртымі, нібыта карані старога дрэва. Думаю, яны нават здольныя супрацівіцца пярсьцёнкам нашмат даўжэй, чым можа ўявіць сабе большасьць мудрых. Табе ня варта турбавацца пра Більба. Вядома, ён валодаў пярсьцёнкам шмат гадоў і карыстаўся ім, так што спатрэбіцца нямала часу, каб пазбавіцца ўплыву, каб Більба здолеў, напрыклад, бачыць яго безь небясьпекі для сябе. А так – Більба можа жыць спакойна й шчасьліва шчэ шмат гадоў і заставацца амаль гэткім, якім быў, калі пазбавіўся пярсьцёнка. Бо, урэшце, ён аддаў яго з уласнай волі – і гэта вельмі істотна. Не, пасьля таго, як ён разьвітаўся з гэтай рэччу, я за нашага дарагога Більба больш не турбуюся. Я турбуюся за цябе. З таго дня, як сышоў Більба, у мяне з галавы ня йдзеш і ты, і ўвогуле ўсе мілыя, бязглуздыя, нязграбныя хобіты. Якая цяжкая страта будзе для сьвету, калі Змрок паглыне Шыр, калі ўсе-ўсенькія вясёлыя, праставатыя Барсуксы, Рагадзьмуўцы, Галавасты, Папружніксы ды астатнія, ня кажучы ўжо пра дзівакоў Торбінсаў, стануць рабамі.

Фрода ўздрыгнуў.

– Рабамі? Чаму? Навошта Ўладару Змроку такія рабы?

– Папраўдзе кажучы, – азваўся Гэндальф, – пакуль што – пакуль! – ён не зьвяртаў на хобітаў аніякай увагі. Так што будзь удзячны й за гэта. Але ж час вашай бясьпекі мінуў. Вы яму не патрэбныя – у яго ёсьць мноства больш карысных паслугачоў, але ж цяпер ён на вас не забудзецца. Хобіты-рабы значна больш даспадобы яму, чым хобіты шчасьлівыя й вольныя. Ведаеш, ёсьць такія рэчы, як злосьць і помста.