Тым часам хобіцкія паданьні сталіся гісторыяй і пачаўся адлік гадоў. У тысяча шэсьцьсот першым годзе Трэцяй эпохі браты-беласкуры Марка й Бланка атрымалі дазвол ад найвышэйшага караля ў Форнасьце2, пакінулі Прыгор'е й на чале натоўпу хобітаў пераправіліся праз бурую раку Барандуйн. Прайшлі яны праз Каменналучны мост, збудаваны яшчэ ў час магутнасьці Паўночнага каралеўства, і занялі ўсе землі за ім ажно да Дальняга ўзгор'я. Узамен ад іх патрабавалася толькі трымаць Каменналучны мост у належным стане, як і астатнія масты й шляхі, спрыяць каралеўскім ганцам ды прызнаваць каралеўскую ўладу.
Так пачаліся Шырскія гады, бо год пераходу праз Бранявін (гэтак хобіты перайначылі назоў) стаў першым годам Шыру й усе даты пачалі адлічвацца менавіта ад яго. Хобіты адразу ж палюбілі свае землі, абжыліся ў іх ды зноў зьніклі з эльфскай і людзкой гісторыі. Хоць яны й прызнавалі сябе каралеўскімі падданымі, але ж фактычна іх узначальвалі ўласныя правадыры, і ў справы за межамі Шыру яны аніякім чынам ня ўблытваліся. Лічыцца, што на апошнюю бітву ля Форнасту з ангмарскім каралём-ведзьмаком Шыр выправіў колькі лучнікаў. Аднак у людзкіх летапісах ды паданьнях пра гэта ня згадваецца. Менавіта тая вайна й скончыла існаваньне Паўночнага каралеўства. Адгэтуль хобіты ўзялі зямлю ва ўласнае валоданьне й выбіралі сярод сваіх правадыроў тана, каб ён прадстаўляў каралеўскую ўладу пры адсутнасьці караля. Потым каля тысячы гадоў войны іх амаль не краналі. Пасьля Чорнага мору ў 37-м годзе хобіты памнажаліся й багацелі ажно да Доўгай зімы й галадамору сьледам за ёй. Тысячы й тысячы памерлі з голаду. Але ж падчас нашага расповеду нават і галодныя гады Недароду (1158-1160) засталіся далёка ў мінулым, хобіты зноў прызвычаіліся да дабрабыту й заможнасьці. Землі іх былі лагодныя й урадлівыя, і хоць дасталіся запустэчанымі, цяпер добра абрабляліся. У часіны росквіту Паўночнага каралеўства тут было шмат фэрмаў, палёў, вінагроньнікаў ды лясоў.
Мела хобіцкая краіна дваццаць пяць міляў з усходу на захад, ад Дальняга ўзгор'я да мосту праз Бранявін, і пяцьдзясят вёрстаў ад верасовых пустэчаў на поўначы да паўднёвых балотаў. Назвалі яе хобіты Шыр, таму што была яна шырокая, падуладная хобіцкаму тану й добра ўпарадкаваная. Вось у гэтым прыемным кутку сусьвету яны праводзілі сваё файна ўладкаванае жыцьцё й зьвярталі ўсё менш і менш увагі на астатні сьвет, дзе адбываліся падзеі даволі-такі змрочныя. Урэшце, хобіты палічылі, што дабрабыт і спакой – рэчы, уласьцівыя ўсяму Міжземнаму сьвету й кожнай разумнай у ім істоце. Яны забыліся ці не зьвярталі аніякай увагі нават і на тое невялікае, што ведалі пра Ахоўнікаў, чыім дбаньнем і зьберагаўся доўгі спакой Шыру. Фактычна, іх пільнавалі ды сьцераглі, аднак яны гэтага ня памяталі.
Аніколі аніякія хобіты не былі ваяўнічыя й адзін з адным ня біліся. У даўніну, вядома, ім надарылася пастаяць за сябе й сваё месца ў суворым сусьвеце, аднак у Більбавы дні гэта была ўжо надта даўняя гісторыя. Апошняя перад часам нашага расповеду бітва ў Шыры адбылася за межамі жывой памяці: у 1147 годзе на Зялёных Палях, дзе Бандабрас Хват адбіў орцкае нашэсьце. Нават і надвор'е паступова мякчэла, і ваўкі, што калісьці ў асабліва лютыя зімы прыходзілі па здабычу з Поўначы, засталіся толькі ў прадзедаўскіх байках. Таму зброю, якой мала захоўвалася ў Шыры, трымалі збольшага як хатняе ўпрыгожаньне, папаразьвешанае над агменямі ці па сьценах або сабранае ў музэі Міхальскага Выкапу. Музэй той называўся Адметнік, бо рэчы, відавочна непатрэбныя, але якія шкада выкінуць на сьметнік, называліся адмецьце. У хобіцкіх хатах яно зьбіралася сапраўды дзівосным чынам, і шмат падарункаў, якія абыходзілі ўсё навакольле, былі менавіта адмецьцевага паходжаньня.
Цікава, што, нягледзячы на спакой і дабрабыт, хобіты заставаліся народцам даволі дужым ды моцным. Прыбіць ці запалохаць іх – калі ўжо да таго справа даходзіла – было ня проста. Можа, і ўтульнасьць сваю з раскошай яны так любілі не ў апошнюю чаргу таму, што маглі някепска абыходзіцца й бяз гэтага, калі даводзілася. Усялякія напасьці ад ворагаў, надвор'я ці іншых недарэчнасьцяў пераносілі, моцна зьдзіўляючы тых, хто меркаваў пра хобітаў толькі па іх выдатна наетых брушках ды тварах. Нават і да свары ў іх даходзіла зрэдку, і для забавы яны ніколі не палявалі, аднак жа на зброю не зусім забыліся й пры неабходнасьці давалі супраціўнікам шмат клопату. Трапна стралялі, бо мелі востры зрок і пацэліць маглі ўдала. I ня толькі з лукамі й стрэламі спрытна абыходзіліся. Калі ўжо хобіт нахіляўся па камень, усялякі шкодны зьвер ведаў, што трэба хутчэй хавацца.
2
Паводле гондарскіх запісаў, гэта быў Аргелеб Другі, дванаццаты кароль Паўночнага каралеўства. Дынастыя перарвалася праз трыста гадоў, апошнім стаўся кароль Арведуі.