У пакоі павісла цяжкая цішыня. Фрода нават чуў, як б'ецца ягонае сэрца. Нават і вонкі ўсё прыціхла, і Сэмавы нажніцы перасталі шчоўкаць.
– Так, да Мордару, – пацьвердзіў Гэндальф. – Мордар вабіць усялякае зло. Змрочны Ўладар воляю сваёю зьбірае ліхадзеяў да сябе, пад сваю руку. А Глыкс паняволены Пярсьцёнкам Улады. У Дзіказем'і паўсюль шэпты пра новы Цень на Поўдні, пра яго нянавісьць да Захаду. Небарака й вырашыў – там знойдуцца моцныя сябры, яны дапамогуць адпомсьціць!.. Бедны дурань. Тое сяброўства ня кожны перажыве. Напэўна, ён бадзяўся ля межаў той злавеснай краіны, выслухваў, вынюхваў, мо й вызнаў шмат – і патрапіў варце, быў схоплены й дапытаны. Калі мой сябра знайшоў Глыкса, той ужо доўга адбыў у Мордары й вяртаўся адтуль, напэўна, на загад, каб зьдзейсьніць якое-небудзь злачынства. Якое – цяпер ня надта істотна. Бо найвялікшае злачынства ён ужо зьдзейсьніў. Празь яго Вораг ведае, што Адзіны Пярсьцёнак знайшоўся. Ён ведае, дзе загінуў Ісільдар. Дзе Глыкс знайшоў пярсьцёнак. Дазнаўся, што гэта адзін зь Вялікіх Пярсьцёнкаў, бо падаўжае жыцьцё. Гэта не адзін з трох эльфавых, бо іх аніколі не гублялі й яны непадуладныя ліху. I не адзін зь сямі гномавых, і не адзін зь дзевяці чалавечых. Ён ведае цяпер: гэта – Адзіны Пярсьцёнак. А яшчэ ён нарэшце пачуў пра хобітаў і Шыр. Можа, ён ужо шукае Шыр, калі яшчэ не адшукаў. Фрода, я баюся, што й прозьвішча Торбінс ён ужо пачуў – і запомніў.
– Які жах! – усклікнуў Фрода. – Найгорш, чым я мог уявіць з усіх гэтых намёкаў ды папярэджаньняў! Гэндальф, сябра мой найлепшы, што ж мне рабіць? Як шкада, што Більба не пырнуў Джалам нягодніка, калі была магчымасьць!
– Шкада, кажаш? Менавіта шкадаваньне й спыніла ягоную руку. Шкадаваньне й міласэрнасьць. Ён ня стаў забіваць, таму што мог абысьціся без забойства. I быў добра ўзнагароджаны. Менавіта таму пярсьцёнак і пашкодзіў у такой малой ступені. Бо на пачатку былі шкадаваньне й міласэрнасьць.
– Выбачайце, калі ласка, – азваўся Фрода. – Вашаць мяне напалохаў, і аніякага шкадаваньня да Глыкса я не адчуваю.
– Ты яго ня бачыў.
– Не, і не хачу бачыць. I вашаць не разумею. Вашаць з эльфамі дазволілі Глыксу жыць пасьля такіх жудасных злачынстваў? Ён жа ня лепшы за орка, гэткі самы вораг. Ён ня варты жыцьця!
– Ня варты жыцьця? Магчыма, так. Сапраўды, шмат з тых, хто цяпер жыве, жыцьця ня вартыя. А колькі з тых, каго пазбавілі жыцьця, былі вартыя жыць? Можаш ты вярнуць ім жыцьцё? Калі не – не сьпяшайся прысуджаць да сьмерці. Бо нават і наймудрэйшым ня дадзена прадбачыць, як усё ўрэшце паверне. Няшмат надзеі, што Глыкса можна ўратаваць, але ж яна ёсьць. I да таго ж ягоны лёс злучыўся зь лёсам пярсьцёнка. Сэрца падказвае мне: мы яшчэ пабачым Глыкса. Ягонае апошняе слова – добрае ці не – тут яшчэ ня сказанае. А калі надыдзе час, мажліва, менавіта Більбава шкадаваньне й вырашыць шмат чый лёс. Твой у тым ліку. Так ці інакш, мы ня сталі яго забіваць. Ён надта стары й вельмі няшчасны. Лясныя эльфы трымаюць яго ў турме, але ж ставяцца зь мяккасьцю, якую толькі могуць знайсьці ў сэрцах.
– Ну, хай так, – згадзіўся Фрода, – нават калі й слушна, што Більба не забіў Глыкса, дык навошта ж ён трымаў пярсьцёнак? Калі б толькі ён ніколі не знаходзіў яго, каб жа мне не было гэткага ліха! Ну чаму вашаць дазволіў мне трымаць яго? Чаму не прымусіў выкінуць ці зьнішчыць?
– Дазволіць табе? Прымусіць? Ці ты ня чуў, што я казаў табе? Ці ўвогуле ня кеміш, пра што гаворыш? Проста так выкінуць пярсьцёнак нельга. Гэткія пярсьцёнкі ўмеюць трапляць на вочы – і на пальцы. А на пэўных пальцах яны здольныя нарабіць вялікую шкоду. Горш за ўсё, што так пярсьцёнак можа патрапіць і да Ворага. Безумоўна, урэшце й патрапіць, бо ён, ягоны творца й майстра, няспынна цягне пярсьцёнак да сябе ўсёю сваёю воляю. Вядома, даражэнькі мой Фрода, трымаць пярсьцёнак небясьпечна для цябе. Аднак стаўкі ў гэтай гульні такія, што іншага выйсьця ў мяне не было. Без аховы я цябе не пакінуў: нават калі я вандраваў, Шыр пільнавалі, і вельмі ўважліва. Я палічыў: калі ты ня станеш карыстацца пярсьцёнкам, наўрад ці ён здолее з хуткасьцю табою завалодаць ці нарабіць значнай шкоды – такой, якая адчувалася б доўга. Да таго ж трэба табе памятаць: калі я апошні раз цябе бачыў, дзевяць гадоў таму, я яшчэ амаль ні ў чым ня быў пэўны.
– А чаму ня зьнішчыць яго? Вашаць казаў: гэта трэ было зрабіць яшчэ ў даўніну! – усклікнуў Фрода зноў. – Каб мяне толькі папярэдзілі ці даслалі вестку, я адразу ўзяўся б за яго!
– Узяўся за яго? Адразу ж? I як? Ты хоць раз спрабаваў?
– Не. Ну, яго ж, напэўна, можна расплюшчыць ці расплавіць.