Фрода не прызнаўся Гэндальфу ў тым, што, пакуль прамаўляў, вялікае жаданьне пайсьці ўвасьлед за Більба запалілася ў ягоным сэрцы. Жаданьне пайсьці ўвасьлед, а можа, і знайсьці – і такое моцнае, што пераадолела ягоны страх. Ён мо й выскачыў бы зараз жа вонкі нават і без капелюша, як Більба калісьці гэткай самай раніцою шмат гадоў таму.
– Даражэнькі мой Фрода! – усклікнуў Гэндальф. – Заўсёды зьдзіўляюся, якія ж хобіты цудоўныя істоты! Здаецца, за месяц усё пра іх вывучыш ды вызнаеш, а яны табе й праз стагодзьдзе – неспадзяванку за неспадзяванкай. Прызнаюся: не чакаў я такога адказу нават ад цябе. Більба не памыліўся з спадчыньнікам, хоць і не ўяўляў, як гэта істотна. Ты маеш рацыю: пярсьцёнку ў Шыры болей заставацца нельга. Дзеля тваёй жа бясьпекі, дый бясьпекі астатніх, табе трэба сысьці – і пакінуць імя Торбінс у Торбе. За межамі Шыру, дый у Дзіказем'і, гэтае імя небясьпечнае. Трэба іншае. Назавіся Падстромнік. А аднаму табе сыходзіць недарэчна. Калі з табою пагодзіцца йсьці хто-небудзь, каму давяраеш і каго захочаш узяць у невядомыя й небясьпечныя прыгоды, дык бяры яго з сабою! Але выбірай уважліва, і асьцярожней з словамі – нават у гутарцы з найбліжэйшымі сябрамі. Бо Вораг – майстра падслухоўваць, у яго паўсюль шпіёны.
Раптам ён змоўк, прыслухоўваючыся. Фрода ўсьвядоміў, што навокал незвычайная цішыня – і вонкі, і ў пакоі. Гэндальф падкраўся да вакна. I скочыў на прываконьне! Пацягнуўся доўгаю рукою... пачуўся віскат, а потым зьявілася калматая галава Сэма Гэйхада, ягонае вуха было моцна заціснутае ў пальцах Гэндальфа.
– Так, так, клянуся барадою! Гэта Сэм! I што ж ты тут робіш?
– Дабрыдзень, дабрыдзень, добрага здароўіца, пане Гэндальфе! – залапатаў Сэм. – Ну нічога ж не раблю! Вось толькі травічку пад акном падразаў, праца ж у мяне такая, калі ведаеце, – ён падняў нажніцы й прадэманстраваў у пацьверджаньне словаў.
– Ня ведаю, якая ў цябе праца, – сувора вымавіў Гэндальф. – Я ўжо даўно ня чую шчоўканьня тваіх нажніцаў. Колькі ты сядзеў пад акном?
– Пане Гэндальфе, не сядзеў я, як можна, я ж працую, туды хаджу, сюды!
– Не дуры! Што ты чуў і чаму падслухоўваў?! – Гэндальфавы вочы бліснулі, а бровы ўстапырыліся.
– Спадару Фрода! – узмаліўся Сэм, дрыжучы. – Не дазвольце яму рабіць шкоды! Не дазвольце ні ўва што мяне ператвараць! Мяне ж бацька стары не пазнае! Я ж анічога дрэннага не хацеў, клянуся!
– Ён табе не пашкодзіць, Сэме, – супакоіў Фрода, ледзь стрымліваючыся, каб не зарагатаць, хоць і сам крыху напалохаўся ды моцна зьдзівіўся. – Ён ведае, як і я, – ты не хацеў нічога благога! Аднак лепей зараз жа адкажы яму, дый усю праўду!
– Так, так, пане Гэндальфе, – сказаў Сэм, крыху ачомаўшыся. – Я чуў і нічога не зразумеў: пра ворагаў, пярсьцёнкі, спадара Більба, цмокаў ды вогненную гару й пра эльфаў. Я й слухаў, ну, таму, што ўтрымацца ня мог, калі разумееце. Клянуся, я ж так люблю гэткія расповеды. Я ж ведаю: гэта праўда, што б ні балбатаў Тэд. Спадару Фрода, мне ж пра эльфаў... я так хацеў іх пабачыць! Спадару, вазьміце мяне пабачыць эльфаў, ну, калі самі пойдзеце!
Гэндальф засьмяяўся.
– Давай-тка сюды! – і, ухапіўшы абедзьвюма рукамі, падняў Сэма й разам з нажніцамі й абрэзкамі травы перанёс праз акно ў пакой. – Так, да эльфаў цябе, значыць, га? – спытаў, аглядаючы Сэма строга, але ж з прыкмецінкай усьмешкі на твары. – Так ты чуў, што спадар Фрода зьбіраецца сысьці?
– Так, пане. У мяне з таго ажно дыхалку перахапіла, я й вохнуў, пане, напэўна, і пачуў. Я ж намагаўся, каб цішэй. А тут і не стрымаўся.
– Тут ужо анічога ня зробіш, – сказаў Фрода сумна. Ён раптам зразумеў, што, пакідаючы Шыр, наўрад ці абыдзецца разьвітаньнем толькі з сваім утульным кутком. – Мне трэба йсьці. А калі ты сапраўды добра ставісься да мяне, то захаваеш, што пачуў, у поўным сакрэце, так? – Фрода строга зірнуў на Сэма. – А калі не, калі ты хоць слоўка кінеш, спадзяюся, Гэндальф ператворыць цябе ў жабу ды панапусьціць паўнюткі сад вужак.
Сэм упаў на калені ў дрыжыках.
– Устань, – сказаў Гэндальф. – Я прыдумаў нешта лепшае. Нешта, каб надзейна закрыць табе рот ды таксама пакараць за падслухоўваньне. Ты пойдзеш разам з Фрода!