– Я, пане, я!? – усклікнуў Сэм, ускочыўшы, быццам сабачка перад доўгачаканым шпацырам. – Я пайду да эльфаў?! Ура-а! Ура!
I расплакаўся.
3. Вандроўка ўтрох
Амаль тры тыдні мінула, а Фрода, відавочна, нават і ня думаў кранацца зь месца.
– Фрода, трэба йсьці, – сказаў яму Гэндальф. – Як мага цішэй і ў хуткім часе.
– Я ведаю, – адказаў Фрода. – Але ж гэта няпроста. Калі зьнікну раптоўна, сарвуся зь месца, як Більба, пра тое ўмомант пачне пляткарыць увесь Шыр.
– Ну зразумела, так зьнікаць нельга! Ні ў якім разе. Я сказаў "у хуткім часе", я не сказаў "зараз жа". Калі ты здольны выдумаць, як выбрацца з Шыру без гармідару на ўсё навакольле, дык дзеля таго затрымайся. Але ж толькі крыху.
– Як наконт восені ці апасьля народзінаў? – спытаў Фрода. – Тады я пасьпеў бы сёе-тое падрыхтаваць.
Насамрэч, менавіта цяпер, калі ён паверыў, што пакіне сваю ўтульную Торбу-пад-Стромай, ахвота кранацца зь месца зьнікла. Жыцьцё ў звыклай сядзібе падалося найсаладзейшым за ўсе гады да таго, а кожны дзень апошняга шырскага лета – каштоўнасьцю, якую надта шкада страчваць. Ведаў: увосень будзе лягчэй, тады заўсёды цягне пабадзяжыць. I насамрэч вырашыў ісьці менавіта на пяцідзясятых сваіх (а Більбавых сто дваццаць восьмых) народзінах. Чамусьці гэты дзень падаўся найпрыдатнейшым для пачатку вандроўкі. Шляхам за Більба – толькі ад гэтай думкі й лягчэла, калі ўяўляў будучыя разьвітаньні. А пра пярсьцёнак і пра тое, куды ён урэшце завядзе, Фрода ўвогуле намагаўся згадваць як мага меней. Аднак усіх сумневаў Гэндальфу не выказваў. Праўда, чараўнік шмат пра што здагадваўся.
Гэндальф зірнуў на Фрода й усьміхнуўся.
– Добра. Можа, гэтак яно й лепей. Але ж не пазьней. Бо мне ўжо вельмі неспакойна. Да таго, як сыдзеш, асьцеражыся – нікому ані слоўца, ані паўслоўца пра тое, куды йдзеш! I прасачы, каб Сэм Гэйхад не балбатаў. Калі прагаворыцца, сапраўды ператвару яго ў жабу.
– Пра тое, куды йду, балбатаць складана – я ж і сам ня ведаю.
– Не кажы глупства! Ты ж не ўцякаеш абы-куды ў нікуды. Проста ня трэба, каб ведалі, што ты пакінуў Шыр. Ва ўсялякім разе, пакуль не адыдзеш падалей. Куды б ты ні пайшоў – а тое шчэ будзе вызначанае, – напрамак трэба трымаць у сакрэце.
– Насамрэч, я толькі й думаю, як пакіну Торбу, як разьвітаюся, – прызнаўся Фрода. – А куды падацца, і не ўяўляю. Дык куды ж мне йсьці? Дзеля чаго? Што мне давядзецца зьдзейсьніць? Більба выпраўляўся па скарбы, пайшоў і вярнуўся, а мне ж у адзін бок, калі не памыляюся.
– Можа, і памыляесься. I ня толькі ты. Магчыма, менавіта табе давядзецца дабірацца да Пашчы Лёсу, а можа, і не. Я ня ведаю. Дый ва ўсялякім выпадку, ты яшчэ не гатовы да такіх шляхоў.
– Так, так! – ахвотна згадзіўся Фрода. – А куды мне да таго?
– Да небясьпекі, але ані надта хутка, ані прама, – адказаў чараўнік. – Напэўна, параю табе скіравацца ў Долы Яр. Вандроўка туды наўрад ці занадта рызыкоўная, хоць Шлях пагоршаў цягам часу, і чым бліжэй да зімы, тым ён цяжэйшы.
– Долы Яр! – усклікнуў Фрода. – Добра: пайду на ўсход, да Долага Яру. Вось Сэму будзе радасьць – пабачыць эльфаў!
Сказаў паўжартам і раптам адчуў: як жа будзе файна пабачыць дом Эльранда Паўэльфа, удыхнуць паветра сьветлай даліны, дзе яшчэ жыве ў міры й спакоі Дзівосны народ.
I вось аднойчы летняй раніцою ў "Зялёным цмоку" й "Ракітах" пачулі неверагодную зьвестку. Што магуты ды іншыя дзівосы ў памежжы! Істотнейшыя навіны: спадар Фрода прадае Торбу-пад-Стромай! Больш – ужо прадаў, і не каму-небудзь, а Кескам-Торбінсам!
– Немалыя грошы, – казалі адны.
– Наўрад – спадарыня Лябэля гроша лішняга ня дасьць, – лічылі іншыя.
А трэба дадаць, што спадар Ота, яе муж, так і памёр у расчараваньні, хоць і сягнуў файнага ўзросту, ажно ста двух гадоў.
Нашмат болей пляткарылі пра тое, чаму ж спадар Фрода прадае сваю цудоўную нару. Некаторыя, у тым ліку й сам Фрода, намякалі, што грошыкі ў гаспадара Торбы павыветрыліся, а з продажу Торбы якраз хопіць, каб пакінуць Хобіцак ды жыць сабе ціхенька ў Прыбыччы сярод бронь-бычаўскіх сваякоў.
– І як далей ад Кесак-Торбінсаў, – дадавалі часьцяком. Аднак большасьць зацята верыла ў незьлічонае багацьце Торбінсаў з Торбы-пад-Стромай і на намёкі не зважала. Хутчэй, тут нейкая цьмяная й злосная Гэндальфава інтрыга – гэтак і лічылі. Хоць Гэндальф удзень на двор і носа не казаў, і трымаўся як мага цішэй, навакольле добра ведала, што ён "у Торбе прыхаваўся". Якім чынам продаж Торбы выгодны чараўніку, асабліва ня думалі, бо факт ёсьць факт: Фрода Торбінс вяртаецца ў Прыбычча.