– Так, – пацьвярджаў ён. – Гэтай восеньню й пераеду. Мэры Бронь-Быч прыглядае для мяне файную маленькую норачку альбо хатку.
Ну, насамрэч Мэры ўжо прыгледзеў, а Фрода набыў маленькі домік у Цвыркуновай Лагчыне, што за Бычышчамі ў Прыбыччы. Дый перад усімі, акрамя Сэма, рабіў выгляд, што там і зьбіраецца пасяліцца. Падказаў яму тое плян рушыць на ўсход, бо Прыбычча знаходзілася на ўсходнім ускрайку Шыру й Фрода ў маленстве жыў там, так што вяртаньне ў Прыбычча падавалася падобным да праўды.
Гэндальф гасьцяваў у Торбе больш за два месяцы, пакуль аднойчы ўвечары напрыканцы чэрвеня, калі Фродава задума з хаткай у Прыбыччы ўжо зьдзейсьнілася, не абвесьціў: сыходзіць наступнай раніцою. Але дадаў:
– Ненадоўга, спадзяюся. Выпраўлюся за паўднёвую мяжу, разьведаю, што робіцца, калі здолею, вядома. Заседзеўся я тут, заленаваўся – і каб не занадта.
Гэндальф прамаўляў быццам жартуючы, але выглядаў устурбаваным.
– А што здарылася? – спытаў Фрода.
– Пакуль што анічога, аднак я чуў крыху сёе-тоё – і трывожнае, і дагляду патрабуе. Калі палічу, што табе трэба неадкладна рушыць, вярнуся ці дашлю вестку. А да таго трымайся сваёй прыдумкі – толькі сьцеражыся, асабліва сьцеражыся зь пярсьцёнкам. Дазволь табе яшчэ раз нагадаць: не карыстайся ім ні ў якім разе!
Сышоў ён на сьвітанку.
– Вярнуся з дня на дзень, – сказаў на разьвітаньне. – Самае позьняе – на народзіны. Падаецца мне, вам усё-ткі спатрэбіцца мая кампанія ў падарожжы.
Спачатку Фрода непакоіўся й ламаў галаву: што ж такое пачуў Гэндальф? Але ж нельга ўвесь час турбавацца, дый надвор'е такое файнае, і Фрода звыкся й забыўся на сваю трывогу. Зрэдку Шыр наведвала такое мяккае, цудоўнае лета, а за ім – такая шыкоўная восень. Яблыні ледзь не ламіліся ад яблыкаў, мёд ажно крынічыў з сотаў, а збожжа ўрадзілася высачэзнае, з паўнюткімі каласамі.
Ужо й восень пайшла, калі Фрода нарэшце занепакоіўся. Верасень мінуў, і аніякіх зьвестак пра Гэндальфа. Народзіны й вандроўка набліжаліся, а ні чараўніка, ні весткі ад яго. У Торбе тым часам дадалося народу: Фродавы сябры прыехалі, каб дапамагчы скласьці рэчы ды пагасьцяваць у Торбе апошні разок. Прыехалі Фрэдэгар Норс, і Фолька Выкумек, і, вядома ж, найлепшыя сябры – Піпін Хват ды Мэры Бронь-Быч. Разам яны ўсё ў нары паставілі з ног на галаву.
Дваццатага верасьня два крытыя вазкі, нагружаныя мэбляй і рэчамі, якія Фрода не прадаў разам з Торбай, рушылі да Бранявінскага мосту. Наступным днём Фрода ажно месца сабе не знаходзіў у чаканьні Гэндальфа. Сьвітанак чацьвярга, дня народзінаў, быў надзвычай ясны й прыгожы, як калісьці, у дзень знакамітай Більбавай вечарыны. А Гэндальфа ўсё не было. Увечары Фрода наладзіў разьвітальную бяседу – маленечкую, для сябе й чатырох сяброў, хто дапамагаў зь пераездам. Бо на сэрцы ў яго было паскудна, і весяліцца не хацелася. Дый ад думкі пра разьвітаньне зь сябрамі рабілася надта тужліва. Як жа распавесьці ім, што ўвогуле пакідаеш Шыр?
Чатыры маладыя хобіты, аднак, балявалі ад душы, і бяседа хутка разьвяселілася, нягледзячы на тое, што Гэндальф не прыйшоў. У пакоі анічога ўжо не засталося, акрамя стала й фатэляў, але ж ежа была файная, а віно яшчэ лепшае – віно сваё Фрода Кескам-Торбінсам не прадаў.
– Што ні сталася б з маім дабром, калі патрапіць да Кескавых кіпцюроў, а вось для гэтага я знайшоў найлепшы прытулак! – абвесьціў Фрода, дапіўшы віно з келіха – рэшту з рэштак славутай "Старой вінарні".
Прасьпяваўшы мноства песьняў, абмеркаваўшы безьліч рэчаў, гуртам паробленых, і дзён, разам праведзеных, узьнялі келіхі за Більбавы народзіны й выпілі разам за Більбава й Фродава здароўе – паводле Фродавай традыцыі. Пасьля выйшлі праветрыцца ды зірнуць на зоркі, а потым паклаліся спаць. Фродава вечарынка скончылася, а Гэндальф так і не зьявіўся.
На раніцу пакавалі яшчэ адзін, астатні, вазок. За гэтым прыглядаў Мэры, і ён жа на тым вазку паехаў разам з Фуфам (насамрэч Фрэдэгарам Норсам).
– Хтосьці ж мусіць хату сагрэць, пакуль вы да яе даберацеся, – сказаў Мэры. – Ну, да пабачэньня празь дзень, калі, вядома, па дарозе дзе-небудзь не папазасьнеце.
Фолька пасьля другога сьнеданьня пайшоў дахаты. Застаўся толькі Піпін. Фрода месца сабе не знаходзіў ад непакою, усё прыслухоўваўся: а можа, гэта Гэндальфавы крокі? Але дарэмна. Нарэшце, вырашыў сысьці, як сутонее. Калі што, Гэндальф адшукае й у Цвыркуновай Лагчыне, магчыма, нават і першы туды дабярэцца. Бо Фрода ж зьбіраўся рушыць пехатою. Для забавы, а галоўным чынам, каб зірнуць на Шыр у апошні раз, вырашыў проста так прайсьціся ад Хобіцку да пераправы ў Бычышчах.