Выбрать главу

– Трэба ж папрактыкавацца таксама, – казаў сабе, пазіраючы на свой адбітак у пыльным люстэрку ў напаўпустой залі. Даўно ўжо не шпацыраваў па-сапраўднаму, і адбітак выглядаў даволі азызла.

Па другім сьняданку, на немалое Фродава раздражненьне, прыцёглася Лябэля зь белабрысым нашчадкам – Лота.

– Нарэшце нашая, – абвесьціла Лябэля, ледзь крочыўшы на ганак. Тое было надта няветліва, і няпраўда да таго ж, бо ейнай Торба рабілася паводле дамовы толькі апоўначы. Аднак зразумець Лябэлю было можна: ёй давялося чакаць Торбу на семдзесят сем гадоў даўжэй, чым яна спадзявалася, і цяпер яна сягнула ажно за сотню гадоў. Яна заявілася па ключы, а таксама праверыць, ці ўсё ёй пакінулі, за што плаціла. Пазбавіліся ад яе не бяз клопатаў, бо яна прынесла з сабою паўнюткі сьпіс маёмасьці й праверыла кожны пункцік. Нарэшце выправілі яе разам з Лота, запасным ключом і абяцанкам пакінуць уласны Фродаў ключ Гэйхадам у Прыторбінскай слабадзе. Лябэля фыркала – дэманстравала, што Гэйхады, на яе, Лябэліна, разуменьне, і да ночы здатныя абкрасьці хату. Ну, пасьля такога Фрода нат гарбаты ёй не прапанаваў.

Гарбаты ён напіўся на кухні разам зь Піпінам і Сэмам. Усім навокал распавялі, што Сэм таксама выпраўляецца ў Прыбычча, каб "на пана Фрода рабіць і садок ягоны даглядаць". Дзед з ахвотаю пагадзіўся на гэта, хоць пэрспэктыва мець Лябэлю ў суседзях яго ня надта пацешыла.

– Вось і апошні пад'едак у Торбе-пад-Стромай! – абвесьціў Фрода, устаючы з-за стала. Нямыты посуд пакінулі Лябэлі – няхай папрацуе. Піпін з Сэмам вывалаклі ўсе тры заплечнікі на ганак. Пасьля Піпін пашпацыраваў у сад, а Сэм некуды зьнік.

Сонца села. Торба-пад-Стромай падалася сумнай, змрочнай і неахайнай. Фрода цягаўся па знаёмых пакоях, назіраючы, як сьвятло захаду цьмянее на сьценах, як цені паўзуць з кутоў. Нарэшце змрок запоўніў усю нару. Тады Фрода выйшаў вонкі, спусьціўся да брамы ўнізе ды пайшоў напрамкі да Стромавага бальшаку. Спадзяваўся: а можа, і сапраўды – вось зараз і зьявіцца Гэндальф, сьпяшаючыся праз сутоньне.

Нябёсы былі ясныя, разгараліся прамяністыя зоркі.

– Файная будзе ноч, – сказаў Фрода ўголас. – Добры пачатак. Даўно б такі шпацыр. Болей адцягваць усё адно невыносна. Пайду, а Гэндальф няхай даганяе.

Павярнуўся ды крочыў назад – і спыніўся, бо раптам пачуў галасы. Блізка, за паваротам, дзе пачыналася Прыторбінская слабада. Адзін голас, безумоўна, належаў Дзеду, а вось другі быў незнаёмы й нейкі непрыемны. Што казаў чужаніца, было не разабраць, аднак Дзедавы словы чуліся добра. Раздражнёныя словы – стары, падавалася, ледзь стрымліваў сябе.

– Не, зьехаў спадар Торбінс. Ранкам, і мой Сэм зь ім. Дый жа ўсе рэчы выправілі. Так, усё прадалі ды зьехалі, вам кажу... Чаму? Не мая гэта справа, дый ня вашая. Куды? Тут няма сакрэтаў – у Бычышчы ці яшчэ куды, далей. Ня ведаю дакладна – сам ня быў там аніколі. Дурнаваты там народ, у Прыбыччы. Не, анічога перадаць не вазьмуся. Дабранач. Дабранач, я вам кажу.

Незнаёмца рушыў уніз па Строме. Фрода неяк дзівосна палягчэла на сэрцы ад таго, што той не пайшоў угару, ажно зьдзівіўся: чаго ж так?

– Напэўна, давялі мяне ўсе гэтыя распытваньні й вызнаньні, куды гэта я й чаго гэта я, – вырашыў нарэшце. – Ну што за неспакойны народ!

Амаль павярнуў, каб распытаць Дзеда, што ж хацеў чужаніца, але перадумаў (і без таго клопатаў стае) і пакрочыў хутка да Торбы.

Піпін сядзеў на ганку. Сэма не было відаць. Фрода гукнуў зь дзьвярэй:

– Сэме! Сэме, час ісьці!

– Іду, васпане, іду, – данеслася аднекуль здалёк. Неўзабаве й сам зьявіўся, выціраючы рот. Увесь гэты час Сэм разьвітваўся з бочкаю піва ў склепе.

– Парадак? – спытаў Фрода.

– Так, спадару. Падзаправіўся як трэ на дарожку.

Фрода зачыніў і замкнуў дзьверы, аддаў ключ Сэму. Сказаў:

– Аднясі дахаты, калі ласка. А потым ідзі напрасткі праз слабаду як мага хутчэй і сустракай нас каля брамы на прысадах за лугам. Мы сёньня ня пойдзем празь вёску. Зашмат цікаўных.

Сэм памчаў што моцы.

– Ну, час і нам! – паклікаў Фрода.

Яны зь Піпінам узвалілі хатулі на плечы, узялі кійкі й рушылі, абыходзячы Торбу з захаду. "Бывай!" – гукнуў Фрода цёмным вокнам. Памахаў рукой, павярнуўся – і (дакладна як Більба, хоць і ня ведаў гэтага) пасьпяшаўся наўздагон за Перыгрынам уздоўж садавай сьцежкі. Яны абодва скочылі праз агароджу на ніжнім ускрайку саду й пайшлі полем, зьнікнуўшы ў цемры, нібыта шолах у траве.

Спусьціўшыся па заходнім баку гары, дабраліся да брамкі ў вузкія прысады. Там прыпыніліся й падцягнулі лямкі заплечнікаў. Неўзабаве зьявіўся запыханы Сэм з здаравенным мехам на плячох. На галаве Сэма замест капелюша грувасьціўся нейкі нягеглы высачэзны фэтравы каўпак, таму ў цемры ён падаваўся надта падобным да гнома.