Выбрать главу

– Упэўнены, вы пераклалі мне ўсё найцяжэйшае, – пажаліўся Фрода. – Вох, бедныя сьлімакі ды ўсе іншыя, хто цягне на сабе сваю хату.

– Я магу несьці нашмат болей, спадару Фрода. Мой мех такі лёгкі, – мужна схлусіў Сэм.

– Не, болей табе ня трэба, – запярэчыў Піпін. – Нашаму спадару гэта толькі на карысьць. Сам жа прызначаў, што пакаваць. Разьеўся апошнім часам, разьмяк. Яму палягчэе тады, калі скіне трошкі тлушчу, шпацыруючы.

– Зьлітуйцеся зь беднага старога хобіта! – узмаліўся Фрода, сьмеючыся. – Клянуся, стану танчэйшым за трысьцінку, пакуль даберамося да Прыбычча. А ўвогуле, глупства вярзу. Сэме, ты, здаецца, у свой мех напхаў куды болей, чым мы табе прызначылі. Калі прыпынімся наступны раз, праверым дый перапакуем. Ну, усім нам падабаецца шпацыр пад зорамі, – дадаў Фрода, узяўшыся за кіёк, – дык пакіньма ж за сьпінаю колькі вёрстаў, пакуль спаць не захочацца.

Яны троху прайшлі прысадамі на захад, потым зьвярнулі налева й зноў рушылі палямі. Ішлі цугам уздоўж жывых агароджаў і зарасьцяў, нябачныя, нячутныя ў начной цемры, нібыта ўсе з чароўнымі пярсьцёнкамі. Хобіты, асабліва калі стараюцца, перасоўваюцца так, што й хобіт наўрад ці пачуе. Нават і навакольныя зьвяры наўрад заўважылі вандроўнікаў.

Нарэшце перайшлі Ваду-ля-Стромы на захадзе ад Хобіцку па вузкім мастку-кладцы. Рачулка была вузенькая, уначы – нібы чорная стужачка, што ўецца паміж пахіленых альховінаў. Празь вярсту ці дзьве на поўдзень перабеглі бальшак ад Бранявінскага мосту. Цяпер яны былі ўжо ў Прыхваце і, кіруючы на паўднёвы ўсход, падабраліся да Зялёных пагоркаў. Пачалі ўзьбірацца – і, азірнуўшыся, убачылі, як агеньчыкі Хобіцку ціха мігцяць у даліне Вады-ля-Стромы. Хутка й увогуле зьніклі за схіламі, і Прырэчча таксама схавалася разам з сваім азярком. Калі сьвятло апошняй сядзібы засталося далёка за сьпінай, Фрода павярнуўся й памахаў рукою, разьвітваючыся. I сказаў, уздыхнуўшы:

– Ці пабачу я калі гэтую даліну зноў?

Ішлі амаль тры гадзіны й прыпыніліся адпачыць. Ноч была ясная, прахалодная й зорная, але паміж пагоркамі паўзьлі ад ручаінаў і мокрых паплавоў танюткія пасмы туману. Бярозавыя галіны, хістаючыся пад ветрыкам над галовамі, чорным сецівам спляліся на цёмных нябёсах. Хобіты зьелі небагаты (ну, для хобітаў, вядома) вандроўны падвячорак і рушылі зноў. Хутка напаткалі вузкую дарогу, што вілася ўверх ды ўніз па схілах, зьнікаючы недзе ў цемры наперадзе, – шлях да Лясной сядзібы, Бярвішча й пераправы ў Бычышчах. Шлях гэты адгаліноўваўся ад бальшаку ў даліне Вады-ля-Стромы й віўся па схілах Зялёных пагоркаў да Ляснакуцьця, дзікага закутка Ўсходняга падзелу.

Шлях зрабіўся вузкаю прарэхаю ў начы сярод высачэзных дрэваў, якія шапацелі сухім лісьцем. Было вельмі цёмна. Спачатку хобіты яшчэ размаўлялі ці напявалі ціхенька, бо ўсё адно ж далёка ад тых, хто можа падслухаць. Потым ішлі моўчкі. Піпін пачаў адставаць і нарэшце, калі ўскараскаліся на круты схіл, прыпыніўся дый пазяхнуў:

– Не, я ўжо надта сонны. Хутка проста на дарозе засну. Вы што, сабраліся спаць на нагах? Ужо амаль поўнач.

– Мне падавалася, вы хацелі пашпацыраваць уночы, – сказаў Фрода. – Вядома, ня так ужо й сьпяшаемся. Мэры чакае нас толькі празь дзень, так што маем яшчэ амаль двое судняў. Напаткаем першае ж прыдатнае месца й пасьпім.

– Вецер усходні, – зазначыў Сэм. – Спадару Фрода, на тым баку пагорку, калі не памыляюся, ёсьць добрае месца, прыхаванае й сухое. Побач – у нас наперадзе – ельнік.

Сэм выдатна ведаў мясцовасьць на дваццаць вёрстаў ад Хобіцку, але ж там і пралягала мяжа ягоных геаграфічных ведаў.

Сапраўды, адразу ж за вяршыняй пагорку адкрыўся ельнік, Пакінуўшы дарогу, хобіты нырнулі ў духмяную ад смалы цемру. Набралі сухіх галінак і шышак, хутка распалілі вогнішча пад вялізнаю ялінаю й паселі кругам агню, здаволеныя, пакуль не задзяўблі насамі. Тады ўладкаваліся паміж каранёў, кожны ў сваім закутку, загарнуўшыся ў плашчы й коўдры, і імгненна заснулі. Вартаю не клапаціліся – нават Фрода яшчэ анічога не баяўся. А чаго баяцца пасярод Шыру? Калі вогнішча згасла, лясныя пачваркі падкраліся бліжэй падзівіцца на хобітаў. Лісовін, які прабягаў побач па сваіх справах, нават прыпыніўся на хвілю, прынюхаўся й падумаў: "Хобіты! Што робіцца, га? Калі ж гэта хобіт ня ў хаце спаў, а пад дрэвам у лесе. А тут жа не адзін, а ажно тры! Нешта ў сьвеце пахіснулася". Вядома, правільна падумаў, але ж яму самому так і не давялося даведацца, дзе пахіснулася й што.