Раніца выдалася бледная й воглая. Фрода прачнуўся першы й вынайшаў, што шыяй не варухнуць, а корань ледзь ня выціснуў яму ў сьпіне дзірку.
"Ну, і што ж прыемнага ў шпацыры? Ці ня лепей было б на вазку? – падумаў небарака, як звычайна на пачатку любой сваёй экспэдыцыі. – А ўсе мае найцудоўнейшыя пярыны дасталіся Кескам! Караніскаў гэных ім пад бакі!"
Фрода пацягнуўся й загаласіў:
– Хобіцтва, пад'ём! Цудоўная раніца!
– І што ж у ёй цудоўнага? – засумняваўся Піпін, вызірнуўшы адным вокам з-пад коўдры. – Га, Сэме! Каб сьняданак быў гатовы а палове на дзясятую! Ужо нагрэў вады для ванны?
Сэм ускочыў і залямантаваў спрасонку:
– Не, спадарыкі, даруйце, не!
Тут Фрода сьцягнуў коўдру зь Піпіна, перакульнуў яго на другі бок і пайшоў да ўскрайку лесу. На ўсходзе, чырванеючы, павольна выбіралася з густога туману сонца. Прыбраныя ў восеньскае золата й чырвань, дрэвы нібыта плылі ў сутонным моры. Зьнізу й крыху зьлева ад Фрода лясная дарога спускалася ў глыбокую лагчавіну й зьнікала там.
Калі Фрода вярнуўся, Сэм і Піпін ужо распалілі вогнішча.
– Вада! – крыкнуў Піпін. – Дзе вада?
– Безумоўна, у маіх кішэнях яе няма, – азваўся Фрода.
– А мы думалі – ты пайшоў яе шукаць, – сказаў Піпін, заклапочана раскладваючы ежу ды расстаўляючы куфлі. – Лепей адшукай яе хутчэй.
– Хутчэй атрымаецца толькі разам з табою, Піпіне. I вазьмі-тка ты бутэлькі.
Крынічка знайшлася ўнізе, ля ўзножжа пагорку. Хобіты ўмыліся, напоўнілі бутэлькі й малы паходны імбрык зь невялікага вадаспаду, дзе струменьчык падаў з прыступкі шэрага каменя вышынёю некалькі стопаў. Вада была лядзяная, так што хобіты нафыркаліся й навохкаліся, умываючыся.
Па сьняданку зноў спакаваліся, ужо й адзінаццатая гадзіна пайшла. Дзень пачынаўся сонечны, сьпякотны. Хобіты спусьціліся з пагорку, перасеклі струменьчык, які зьнікаў з аднога боку дарогі й зноў узьнікаў на другім, падняліся па схіле за ім – і зноў, і зноў уверх ды ўніз па пагорках. Хутка іхняя паклада – плашчы, коўдры, вада, ежа й астатняе – падалася ім невыносна цяжкой.
Відавочна, тэпаць так увесь дзень было б няпроста, але праз колькі вёрстаў стамляльныя пад'ёмы й спускі скончыліся. Шлях зігзагам ускараскаўся на высачэзную строму, і хобіты ўбачылі пад сабою роўнядзь з купкамі дрэваў там-сям, што ў далечы зьліваліся ў цьмяна-буры мур лесу. Хобіты пазіралі на Ляснакуцьце, у бок Бранявіну. Дарога вілася перад імі тонкаю стужкай.
– Гэты шлях бясконцы, – паскардзіўся Піпін. – А я ўжо стаміўся. Трэба адпачыць. Ды ўжо й час паабедаць.
Ён сеў на ўзбочыне, тварам на ўсход. Недзе там, далёка, плынеў Бранявін, а за ім сканчаўся Шыр, дзе Піпін правёў усё сваё жыцьцё. Сэм стаяў побач, зьдзіўлены й разгублены, бо глядзеў на краі, якія аніколі ня бачыў. Нарэшце спытаў:
– Ці жывуць эльфы ў гэтых лясох?
– Наколькі я ведаю, не, – адказаў Піпін.
Фрода не азваўся. Ён таксама пазіраў на ўсход уздоўж шляху, нібыта аніколі раней яго ня бачыў. Раптам паволі, уголас, але быццам сабе самому прамовіў:
– Гучыць падобна да вершыкаў старога Більба, – зазначыў Піпін. – Ці гэта тваё перайманьне? Ня надта аптымістычна.
– Ня ведаю, – адказаў Фрода. – Раптам прыйшло да галавы, быццам толькі прыдумалася. Але ж я мог чуць і калісьці даўней. Мне таксама гэта моцна нагадвае штосьці Більбава, асабліва ў апошнія ягоныя гады перад сыходам. Більба тады часьцяком казаў, што існуе толькі адзін вялікі Шлях, і ён быццам рака. Вытокі яе ля кожных дзьвярэй, і кожная сьцяжынка – яе прытока. "Небясьпечная гэтая справа, Фрода, рушыць за дзьверы, – казаў ён зазвычай. – Ледзь крочыш, дык сачы за нагамі. Бо падхопіць ды панясе й немаведама куды завядзе ўрэшце. Ты разумееш, што вось тутака пачынаецца тая самая сьцяжына, што вядзе празь Ліхалесьсе, і калі ты ёй дазволіш, яна давядзе цябе да Самотнай гары альбо й далей, да краёў яшчэ больш вусьцішных?" Ён часьцяком казаў гэткае пра сьцежку ад парадных дзьвярэй Торбы-пад-Стромай, асабліва калі вяртаўся з доўгага шпацыру.
– Ну, будзьце пэўныя, сама мала з гадзіну гэты Вялікі Шлях мяне анікуды не завядзе, – абвесьціў Піпін, скідваючы заплечнік. За ім і астатнія паскідвалі пляцакі на ўзбочыну ды паселі, выцягнуўшы ногі на дарогу. Адпачыўшы, пасьнедалі, а пасьля зноў адпачылі.