Як спусьціліся з стромы, ужо вечарэла. Дагэтуль на дарозе не сустрэлі ніводнай жывой душы. Шлях быў амаль непрыдатны для вазкоў, дый няшмат хто езьдзіў у Ляснакуцьце. Хобіты ішлі з гадзіну, калі Сэм раптам прыпыніўся, быццам прыслухоўваючыся. Дарога, досыць папятляўшы, ішла ўжо па зарослай травою роўнядзі з высокімі самотнымі дрэвамі там і тут – першымі вылескамі недалёкай ужо пушчы.
– Чую: за нашымі сьпінамі на шляху поні ці конь, – абвесьціў Сэм.
Хобіты азірнуліся, але ж з-за недалёкага павароту нічога ня здолелі пабачыць.
– Можа, Гэндальф даганяе? – зьдзівіўся Фрода, аднак, ужо вымаўляючы, адчуў: не, нешта тут ня так, і яму раптам захацелася схавацца ад вершніка, хто б ён ні быў.
– Вядома, глупства, – дадаў Фрода крыху зьбянтэжана, – аднак мне не хацелася б, каб нас бачылі на дарозе. Хопіць зь мяне ўжо плётак ды шэптаў пра тое, куды йду ды з кім... А калі гэта Гэндальф – няхай крыху напалохаецца. Вось будзе яму за тое, што спазьніўся. Ну, хаваймася!
Сэм зь Піпінам спрытна нырнулі ў невялічкую лагчавіну зь левага боку дарогі ды залеглі там. Фрода трохі затрымаўся: цікавасьць ці нешта падобнае, незразумелае пачуцьцё, ледзь не перамагло жаданьня схавацца. Пошчак наблізіўся. Фрода раптам вырашыўся й кінуўся ў высокую траву за дрэвам, навіслым над дарогай. Крыху высунуўся з травы, назіраючы з-за вялізнага кораня.
З-за павароту зьявіўся чорны конь, і ня хобіцкі поні, а велізарны. На ім сядзеў чалавек, абгорнуты доўгім чорным плашчом, з насунутым на галаву каптуром – толькі й былі відаць боты й страмёны. Чалавек сядзеў згорбіўшыся, і твар ягоны быў нябачны.
Зраўняўшыся з дрэвам, за якім хаваўся Фрода, вершнік спыніўся. І замер, не падымаючы галавы, быццам прыслухоўваючыся. З-пад каптура пачулася бытта сапеньне, нібы вершнік спрабаваў злавіць нейкі ледзь чутны пах, галава ківалася з боку ў бок.
Раптам бессэнсоўны страх апанаваў Фрода: во, зараз знойдзе, убачыць! I ён падумаў пра пярсьцёнак. Фрода ледзь адважваўся дыхаць, і, тым ня менш, жаданьне дастаць пярсьцёнак зрабілася такім моцным, што хобіт паціху ссоўваў руку да кішэні. Адчуваў: вось толькі насуну – і ўратуюся. Усе Гэндальфавы парады падаліся абсурднымі – Більба ж карыстаўся пярсьцёнкам. "А я ўсё ж такі ў Шыры", – падумаў Фрода, кранаючы ланцужок, на якім трымаўся пярсьцёнак. У гэты момант вершнік выпрастаўся і ўстрасянуў лейцы. Конь крочыў наперад, спачатку павольна, тады хутчэй.
Фрода падпоўз да ўскрайку дарогі, назіраючы за вершнікам, пакуль той зьнік у далечыні. Падалося, што коньнік перад тым, як канчаткова зьнікнуць, раптам зьвярнуў у лес з правага боку дарогі.
– Так, так, – сказаў Фрода сам сабе, падыходзячы да сваіх паплечнікаў, – ну й дзіўны вычварань. Трывожна неяк, і ня тое каб прыемна.
Піпін з Сэмам нічога ня бачылі, бо ляжалі ніцма ў траве, таму Фрода апісаў ім вершніка й ягоныя паводзіны.
– Не магу сказаць чаму, але ж перакананы – ён шукаў мяне, мяне вынюхваў. I я не хацеў бы, каб вынюхаў. Аніколі раней у Шыры ня бачыў анічога падобнага.
– Якія справы даўгалыгім да нас? – спытаў Піпін. – Чаго ўвогуле яго сюды занесла?
– Апошнім часам заносіць, – сказаў Фрода. – Казалі, у Паўднёвым падзеле была нават нейкая заварушка зь імі. Але ж пра такіх вершнікаў я ніколі ня чуў. Цікава, адкуль ён?
– Прабачце, спадарове, – раптам улез у гаворку Сэм, – я ведаю, адкуль ён. Калі ён адзін такі, то з Хобіцку. I я ведаю таксама, куды ён накіраваўся.
– Як гэта? – перапытаў Фрода, зьдзіўлена ўтаропіўшыся ў Сэма. – Чаму ты раней не казаў?
– Спадару, я толькі цяпер і ўзгадаў на тое. Вось, калі я вярнуўся ўчора пад вячор да сваёй нары, дык бацька мой і кажа: "Га, Сэме, я думаў, ты з панам Фрода раніцою выправіўся. Тут нейкі дзівак пытаўся пра спадара Торбінса з Торбы-пад-Стромай. Во толькі й зьехаў. Я яго ў Бычышчы адправіў. Нейкі ён нягеглы, так скажу. Раззлаваўся, як даведаўся, што спадар Торбінс назаўсёды пакінуў сваю старую Торбу. Зашыпеў на мяне, я ажно скалануўся". "Што за прыхадзень такі?" – пытаюся ў Дзеда, а той: "Ня ведаю, але ня хобіт. Высокі такі, чорны, схіліўся нада мною. Ну, вядома, даўгалыгі аднекуль здалёк. І размаўляе нейк ня так". Далей я ўжо й ня слухаў, – дадаў Сэм, – таму што вы чакалі, дый сам я асаблівай увагі не зьвярнуў. Дзед стары ўжо, ну й сьлепаваты, а ўжо ж цёмна было, калі тая здань зьявілася з-за Торбы дый напаткала на ўскрайку слабады нашай майго Дзеда, ён паветра сьвежага выйшаў дыхнуць. Спадзяюся, спадарыку, што ад старога аніякай шкоды ня выйшла, дый ад мяне таксама.