Як лічылі самі хобіты, усе яны з даўніны жылі ў норах, і нават цяпер утульней за ўсё пачуваліся менавіта там. Вядома, цягам часу ім давялося прызвычаіцца й да іншага жытла. Напрыканцы Трэцяй эпохі ў Шыры фактычна толькі самыя багатыя ды самыя бедныя хобіты яшчэ трымаліся старога звычаю. Найбяднейшыя жылі ўвогуле ў зямлянках найпрымітыўнейшага кшталту: проста дзірка ў глебе з адным вакенцам ці ўвогуле безь яго. Багацейшыя ж будавалі шыкоўныя ўзоры традыцыйнага жыцьцясховішча. Але ж прыдатныя для гэткіх вялікіх ды шматгалінных тунэляў (называных сьміялы) месцы трапляліся не паўсюль, і па роўнядзях і далінах хобіты, памножыўшыся, будавалі наземныя дамы. На самай справе цяпер і ў той мясцовасьці, дзе было шмат пагоркаў, і нават у старэйшых паселішчах – у Хобіцку й Хват-Гарадку ці галоўным шырскім месьце Міхальскім Выкапе на Белым узгор'і – было шмат драўляных, мураваных і цагляных пабудоваў. Яны асабліва падабаліся млынарам, кавалям, вазьнякам і сучыльнікам ды іншаму рамеснаму люду накшталт таго. Бо нават жывучы ў норах, хобіты здаўна прызвычаіліся будаваць пуні й майстэрні.
Кажуць, звычка гэтая пайшла ад пасельнікаў Багнючынаў, што ў панізьзях ля Бранявіну. Хобіты гэтай часткі Шыру – Усходняга падзелу – былі й ростам крыху вышэйшыя, цяжканогія, а ў непагадзь насілі гномскія боты. Вядома ж, па крыві былі амаль што чыстыя Каранюкі – шмат у каго й валосьсе расло на падбародзьдзях. Ані ў Скурланогаў, ані ў Беласкураў аніякіх прыкметаў барады не зьяўлялася. I сапраўды, народзец на Багнючыны ды ў Прыбычча, што на ўсходнім беразе Бранявіну, прыйшоў аднекуль з поўдня й пазьней за астатніх. Таму й мелі яны шмат дзівосных імёнаў, і словы такія ўжывалі, якія нідзе болей у Шыры не пачуеш.
Верагодна, уменьне будаваць хобіты разам з шматлікімі іншымі рамёствамі перанялі ў дунаданаў. Зь іншага боку, маглі вывучыцца й наўпрост ад эльфаў, першых настаўнікаў людзей на пачатку чалавечай гісторыі. Бо й Вышнія эльфы ў той час яшчэ не пакінулі Міжзем'е, асталяваўшыся ў Сівых Заванях на захадзе ды ў іншых мясьцінах непадалёк ад Шыру. За заходнімі балотамі на Вежавых пагорках стаялі тры эльфскія вежы, пабудаваныя ў пракаветныя гады. У месяцовым сьвятле яны зьзялі далёка навокал. Найвышэйшая зь іх была найдалейшая, яна стаяла самотна на зялёным кургане. Хобіты Заходняга падзелу казалі, што зь вяршыні гэтай вежы можна пабачыць мора, аднак жа ніхто ня памятае, ці ўскараскваліся на яе хобіты хоць калі-небудзь. Сапраўды, зусім няшмат хобітаў бачылі мора ці плавалі па ім і яшчэ меней вярнуліся дахаты, каб пра гэта распавесьці. У большасьці хобіты нават на рачулкі ды чоўнікі паглядалі з глыбокім недаверам і самі плаваць ня ўмелі. Гады Шыру доўжыліся, і цягам іх хобіты ўсё радзей размаўлялі з эльфамі, сталі баяцца іх і зь недаверам ставіліся да тых, хто яшчэ стасункаваў зь імі. Самое слова "мора" стала азначаць для хобітаў нешта жудаснае, і яны нават пазіраць перасталі на заходнія горы.
Хоць рамяство мулярства, мажліва, і прыйшло ад людзей ці эльфаў, будавалі хобіты на свой асаблівы лад. Аніякіх вежаў, а хацінкі нізкія, доўгія й надзвычай утульныя. Спачатку хаты ўвогуле нагадвалі сьміялы – зь сьценамі, якія пучыліся вонкі, з стрэхамі, крытымі саломай ці дзірваном. Аднак гэтак будавалі толькі ў першыя шырскія гады. З таго часу многае зьмянілася, бо шмат перанялі ў гномаў, вынайшлі самі й навучыліся рабіць лацьвей і зручней. Хоць даўняя й непераадольная звычка да круглых вокнаў і круглых дзьвярэй так і засталася адметнай рысай хобіцкай архітэктуры.
У вялікіх хатах ды норах у хобітаў звычайна жылі немаленькія сем'і (Більба й Фрода ў сваім бабыльстве былі вельмі адметным выключэньнем, як і ў іншых рэчах, напрыклад у сяброўстве з эльфамі). Часам у адным шматтунэлевым продкавым жытле – у хватаўскіх Вялікіх Сьміялах, напрыклад, ці бронь-бычаўскай Прырэчнай сядзібе – жылі сабе мірна (ну ці амаль што так) мноства сваяцкіх пакаленьняў. Ва ўсялякім выпадку, хобіты вылучаліся сямейнасьцю й да ўсялякага сваяцтва ставіліся вельмі паважліва. Высьвятлялі ўсё, малюючы доўгія ды незьлічона разгалінаваныя генэалягічныя дрэвы. У зносінах з хобітамі надта істотна памятаць, хто каму радзіна ды ў якой ступені. У гэтай кнізе было б немагчыма прывесьці генэалягічнае дрэва, якое ўлічвала хоць бы найістотнейшых прадстаўнікоў найістотнейшых родаў на той час, пра які пойдзе расповед. Генэалягічныя дрэвы, што ў канцы Пунсовай кнігі Заходняга Краю, – кніга сама па сабе, якую ўсе, апрача хобітаў, прызнаюць надзвычай нудотнай. А хобітаў гэткія рэчы, наадварот, задавальняюць – пры ўмове, вядома, што напісана дакладна й без памылак. Хобіты любяць чытаць пра тое, што й так ведаюць, і жадаюць, каб распаведзена было проста й безь якіх-кольвек супярэчнасьцяў.