Выбрать главу

Песьня скончылася.

– Ды ў ложак хутчэй! – гучна прасьпяваў Піпін.

– Цішэй! – гукнуў Фрода. – Мне падаецца, я зноў чую пошчак.

Хобіты разам спыніліся й замерлі, прыслухоўваючыся, – нерухомыя й маўклівыя, нібыта цені дрэваў. І сапраўды: ззаду вецер данёс слабы, павольны пошчак капытоў. Спрытна й ціха хобіты пасунуліся ў лес, у цень пад вялізнымі дубамі.

– Далёка не адыходзім! – папярэдзіў Фрода. – Я не хачу, каб нас бачылі, аднак трэба зірнуць: можа, гэта яшчэ адзін чорны вершнік.

– Добра! – адказаў Піпін. – Але не забывайся: яны, мажліва, здольныя вынюхаць!

Пошчак наблізіўся. У хобітаў ужо й часу не было шукаць добрую схованку. Паселі ў цені. Піпін з Сэмам – за таўшчэзным дрэвам, а Фрода нават і падпоўз на некалькі крокаў да дарогі, нібы шэрай, бляклай паласы апошняга сьвятла, якое яшчэ сачылася празь лістоту. Над ёй на змрочным небасхіле густа высыпалі зоры, але месяца не было бачна.

Тупат сьцішыўся. Фрода ўбачыў, як нешта цьмянае прасьлізнула праз асьветленае месца між дрэвамі й спынілася. Нібыта чорны цень вершніка вёў за аброць большы цень каня, вялікія чорныя плямы цемры ў змроку. Цені, хістаючыся з боку ў бок, прыпыніліся ля месца, дзе хобіты пакінулі сьцягу. Фрода пачуў сапеньне. Потым меншы цень нахіліўся да зямлі – і папоўз у бок хобіта!

Жаданьне насунуць пярсьцёнак зноў авалодала Фрода, і мацней, чым раней. Такое моцнае, што ён уцяміць не пасьпеў, што робіць, а рука ягоная ўжо мацала кішэню. Але ў гэты момант пачуліся дзівосныя гукі – нібыта сьмех і сьпеў разам, ясныя, чыстыя галасы сярод ночы, асьветленай зорамі. Чорны цень выпрастаўся ды рушыў назад. Ускараскаўся на чорны прывідны цень каня і, падалося, распусьціўся ў цемры леваруч ад дарогі. Фрода ўздыхнуў з палёгкай.

– Эльфы! – засоп Сэм узбуджана. – Спадарове, эльфы!

Напэўна, тут і ўскочыў бы, і кінуўся насустрач, калі б Фрода зь Піпінам яго не ўтрымалі.

– Так, эльфы, – пацьвердзіў Фрода. – Іх час ад часу можна напаткаць у Ляснакуцьці. Яны ня ў Шыры жывуць, а за Вежавымі пагоркамі, аднак завітваюць сюды ўвесну й увосень, вандруючы. I я ім вельмі за тое ўдзячны! Вы ня бачылі – але ж чорны вершнік прыпыніўся вось прама тутака ды ўжо папоўз да мяне, калі пачулася песьня. А як пачулася, ён і ўцёк.

– А эльфы, эльфы? – што Сэму той вершнік, калі побач – эльфы! – Мы ж пабачым іх, пабачым?

– Слухай! Яны самі сюды ідуць! – заўважыў Фрода. – Трэба толькі дачакацца.

Сьпевы наблізіліся. Адзін ясны, чысты голас уздымаўся вышэй за астатнія, пеючы на эльфавай мове, цудоўнай і легкагукай. Фрода разумеў яе хіба крышачку, а Сэм зь Піпінам і ўвогуле ня ведалі. Аднак гукі, зьліваючыся з музыкай, падавалася, самі сабою складваліся ў словы, адбіваліся ў думках – амаль незнаёмыя, а ўсё ж такі зразумелыя. Вось што пачуў Фрода:

О, Гаспадарыня сьвятла! О, Каралеўна за марамі! Ты зоркай яснай нас вяла Выгнаньня доўгімі шляхамі.
Гільтоніель! О Эльберэт! Надзеі нашай ясны сьвет! Табе, Найчыстая, наш сьпеў З-за цемры адзічэлых дрэў.
Для нас ты срэбныя агні Сваёю лёгкаю рукой Парассыпала ў вышыні – Заўжды іх бачым над сабой.
О Эльберэт! Гільтоніель! Нябёсаў зорная купель! Праз жах і змрок нас правяло Тваё нязгаснае сьвятло!

Песьня скончылася.

– Вышнія эльфы! – вымавіў Фрода ў зьдзіўленьні. – Згадваюць імя Эльберэт! Дзівосна, што яны ўвогуле заходзяць у Шыр – іх жа ва ўсім Міжзем'і, на захад ад Вялікага мора, амаль не засталося. Сапраўды, ну й сустрэча!

Хобіты сядзелі ў цені на ўзбочыне. Хутка й эльфы зьявіліся на дарозе. Крочылі павольна, і хобіты бачылі, як зорны водбліск люструецца ад іх вачэй і валасоў. Ішлі без паходняў і ліхтароў, аднак іх агортвала зьзяньне, нібыта сьвятло месяца, які яшчэ ня ўзьняўся над пагоркамі, сьцялілася ў іх пад нагамі. Цяпер эльфы рухаліся моўчкі, а калі апошні зь іх мінуў хобітаў, то прыпыніўся, павярнуўся ды засьмяяўся.