– Вітаем, Фрода! – усклікнуў ён. – Вы запозьніліся, шпацыруючы. А можа, згубіліся?
Эльф паклікаў астатніх, і неўзабаве ўся кампанія сабралася вакол хобітаў.
– Вось неспадзяванка! – гаманілі эльфы. – Тры хобіты ўночы ў лесе. Мы такога ня бачылі з часоў Більбавай вандроўкі. Што б гэтакае азначала?
– Азначае гэта толькі тое, – адказаў Фрода, – што, як падаецца, нам з вамі па дарозе. Я люблю шпацыр пад зорамі. I з радасьцю далучуся.
– Ну, нас і так тут ужо вялікая кампанія, і вы, хобіты, такія нудныя, – эльфы засьмяяліся. – Дый адкуль вы ўзялі, што нам па дарозе, ня ведаючы, куды мы ідзем?
– А адкуль вы ведаеце маё імя? – спытаў Фрода ў сваю чаргу.
– Мы шмат чаго ведаем, – адказалі яны. – Мы часьцяком бачылі цябе разам зь Більба, хоць ты нас, пэўна, і не заўважаў.
– Што вы за эльфы й хто ваш правадыр?
– Я, Гільдар, – адказаў той самы эльф, які першым павітаў хобітаў. – Гільдар Інглорыян з Дому Фінрада. Мы – выгнаньнікі. Большасьць нашай радзіны адплыла за мора шчэ ў даўніну, і толькі мы затрымаліся тут да часу, пакуль і нам не давядзецца адплысьці за Вялікае мора. Хоць нашыя сваякі яшчэ жывуць у Долым Яры. Фрода, распавядзі ж нам, куды вы кіруеце й што здарылася? Бо мы бачым на вас цень нейкага жаху.
– О, мудры народ! – ублытаўся раптам Піпін. – Ці ведаеце вы пра чорных вершнікаў?
– Чорных Вершнікаў? – адгукнуліся эльфы напаўголасу. – Чаму вам трэба ведаць пра Чорных Вершнікаў?
– Таму што мы напаткалі двох сёньня ці аднаго двойчы, – патлумачыў Піпін. – Толькі хвіліну таму адзін уцёк прэч, пачуўшы, як вы набліжаецеся.
На тое эльфы адразу не адказалі, а пачалі сьцішана перамаўляцца на сваёй мове. Гаманілі яны даволі доўга, нарэшце Гільдар зноў зьвярнуўся да хобітаў.
– Пра гэта тут мы гутарыць ня будзем. Нам падаецца, вам лепей пайсьці з намі. Такое ані ў нашых звычаях, але мы правядзем вас, і вы пераначуеце побач з намі – калі пажадаеце, вядома.
– О, Сьветлы народ! Вашая дабрыня пераўзыходзіць усе спадзяваньні! – выгукнуў Піпін. У Сэма ажно дух перахапіла, ён так і стаяў моўчкі.
– Вялікі дзякуй, Гільдар Інглорыян! – сказаў Фрода, кланяючыся. – Элен сіля люмен'нь омент'іэльво – зорка асьвятліла час нашай сустрэчы, – дадаў ён на мове вышніх эльфаў.
– Асьцярожней, сябры! – усклікнуў Гільдар зь сьмехам. – Цішэй з сакрэтамі. Тут побач з намі майстра Старажытнай мовы! Більба быў добры настаўнік! Вітайма Сябру Эльфаў! – і Гільдар пакланіўся Фрода. – Запрашаю вашэць і сяброў далучыцца на нашай кампаніі! Лепей ідзіце сярод нас, каб зьнянацку не адстаць. Да прывалу далёка.
– Чаму? Куды вы кіруецеся? – спытаў Фрода.
– Сёньня – на пагоркі над Лясной сядзібай. Туды некалькі вёрстаў, але ж пасьля іх вы добра адпачняце, і раніцою застанецца прайсьці меней.
Зноў усе крочылі ў цішыні, нібыта цені ці прывідныя агеньчыкі, бо эльфы, нават лепей за хобітаў, могуць рухацца зусім бязгучна. Піпін хутка пачаў торкаць носам, пахіснуўся раз ці два, і кожны раз высокі эльф побач падхопліваў яго і не даваў упасьці. Сэм ішоў побач з Фрода, нібыта ўжо ўва сьне, – напалову перапалоханы, напалову неверагодна шчасьлівы.
Лес абапал дарогі стаў гусьцейшы: і дрэвы трапляліся маладзейшыя, і ў нізінах паміж пагоркамі схілы сям-там парасьлі непраходным гушчаром ляшчыны. Тут эльфы й збочылі з дарогі. Праваруч праз зарасьці вілася амаль непрыкметная зялёная сьцяжынка, вяла яна назад, па схілах на атовілак пагорку, які ўзвышаўся над рачною далінаю. Раптам дрэвы засталіся за сьпінаю й хобіты ўбачылі шырокую травяністую паляну, срабрыстую пад зорамі. З трох бакоў яе атачалі дрэвы, але на ўсходзе пагорак абрываўся крутой стромай, і вяршыні дрэваў, што расьлі ля ўзножжа, заставаліся далёка ўнізе, пад нагамі. За абрывам ляжалі нізіны, цьмяныя й шэрыя ў зорным сьвятле. Непадалёк мільгала некалькі агеньчыкаў – вёска Лясная сядзіба.
Эльфы паселі на траву й пачалі ціха перамаўляцца. Падалося, яны ўвогуле забыліся пра хобітаў. А тыя загарнуліся ў коўдры й плашчы, сонныя ды стомленыя. Зусім сьцямнела, і агеньчыкі ў даліне згасьлі. Піпін заснуў, паклаўшы галаву на купінку.
На ўсходзе ў нябёсах разгарнуўся Рэмірат, Зорнае Сеціва, і з-за туману павольна ўзьняўся чырвоны Боргіль, палымнеючы, нібы вогненны рубін. А потым, быццам выдыхнула паветра, туман зьнік і над сусьветам нахіліўся, выкараскаўшыся з-за краю небасхілу, Менэльвагор, Нябёсны Мечнік, у зіхоткім зорным пасе. Эльфы засьпявалі. Раптам сярод дрэваў заскакала чырвоным полымем цяпельца.
– Далучайцеся! – гукнулі эльфы хобітаў. – Надышоў час бяседы й забавы!