Выбрать главу

Піпін сеў, уздрыгнуўшы, і пацёр вочы.

– Цяпло й ежа чакаюць галодных гасьцей, – запрасіў эльф, які стаяў побач зь ім.

На паўднёвым ускрайку лес адступаў і паляна залівам заходзіла ў лес – нібыта велічэзная заля. Галіны – рыхтык дах над галавою, ствалы – калёны. Пасярод палала вялікае вогнішча, а на "сьценах" гарэлі роўным залатым і срэбным полымем паходні. Эльфы сядзелі вакол агню на траве ці на тоўстых цурбэлках, адпілаваных ад бярвеньняў. Некаторыя разносілі куфлі й налівалі напой, іншыя накладвалі ежу на талеркі й раздавалі іх.

– Выбачайце за сьціплы пачастунак, – казалі эльфы хобітам. – Бо мы ж у лесе, далёка ад нашых бяседных заляў. Калі б толькі вы завіталі да нас!

– Мне б так частаваць на свой дзень народзінаў! – усклікнуў Фрода.

Піпін потым амаль нічога ня мог узгадаць – ані што елі, ані што пілі, бо толькі й бачыў дзівоснае сьвятло на тварах эльфаў, толькі й чуў іхнія галасы, такія розныя й такія прыгожыя – нібыта патрапіў у сон. Аднак узгадваў: здаецца, быў хлеб, але такі смачны, быццам згаладнеламу далі вось толькі выпечаны, наймякчэйшы белы бохан, і былі яблыкі, пахкія, салодкія, рыхтык лясныя суніцы, смачнейшыя за найсмачнейшы садовы яблык. І піў нібыта з свайго куфля нешта больш празрыстае за крынічную ваду, лёгкае й залатое, як летні надвячорак.

А Сэм ані словаў адшукаць ня здолеў, ані нават уявіць сабе ясна ня мог, што ж ён адчуваў ці думаў тае начы – хоць запомніў яе як адну з найгалоўнейшых падзеяў жыцьця. Толькі й казаў потым: "Ну, спадарове, калі б я такія яблыкі выгадаваў, тады назваў бы сябе сапраўдным садоўнікам. Ды што яблыкі, што яблыкі, сьпевы іхнія – вось што да сэрца дайшло, калі разумееце, пра што я..."

Фрода частаваўся зь вялікім задавальненьнем, еў і піў з асалодаю, але галоўным чынам намагаўся зразумець гаворку. Эльфскую мову ён ведаў ня тое каб добра, з пачутага разумеў ня шмат і загаворваў, каб падзякаваць, толькі з тымі, хто прыносіў яму ежу й пітво. А тыя ўсьміхаліся й казалі, сьмеючыся: "О, найвучонейшы сярод хобітаў!"

Неўзабаве Піпін заснуў канчаткова. Яго зьнесьлі ад вогнішча ў намёт пад дрэвамі й паклалі на мяккі ложак, дзе ён і праспаў рэшту ночы. Сэм жа адмовіўся пакінуць гаспадара. Калі Піпіна зьнесьлі, Сэм прыйшоў да Фрода, сеў, скурчыўшыся, каля яго, ды, торкнуўшы носам, задрамаў. А Фрода яшчэ доўга ня спаў, размаўляючы з Гільдарам.

Яны шмат гутарылі й пра навіны, і пра падзеі даўніны. Фрода надта цікавіла, што ж робіцца за шырскімі межамі. Адбывалася шмат непрыемнага й злавеснага: цемра зьбіралася, людзі ваявалі, эльфы сыходзілі на Захад. Нарэшце Фрода спытаў пра тое, што хвалявала найбольш:

– Скажы мне, спадару Гільдару, ці бачыў вашэць Більба пасьля таго, як ён пакінуў Торбу?

– Так, – адказаў Гільдар з усьмешкай. – Двойчы. Ён разьвітаўся з намі на гэтым самым месцы. А яшчэ я бачыў яго далёка адсюль.

Болей ён анічога пра Більба не распавёў, і Фрода змоўк.

– Ты не пытаўся ў мяне й не распавядаў шмат з таго, што цяпер турбуе цябе, – зазначыў Гільдар. – Але я й сам ведаю крыху, а болей бачу з твайго твару й з таго, што засталося па-за тваімі пытаньнямі. Ты пакідаеш Шыр, але сумняесься, ці знойдзеш тое, што шукаеш, ці зьдзейсьніш тое, што намагаесься зьдзейсьніць. І ці вернесься ўвогуле. Гэта так?

– Так, – пацьвердзіў Фрода. – А я ж лічыў, што мае пляны – таямніца, вядомая толькі Гэндальфу й майму вернаму Сэму.

Фрода зірнуў на Сэма, які ўжо ціхенька пасопваў.

– Ад нас твая таямніца да Ворага не патрапіць, – сказаў Гільдар.

– Да Ворага? Значыць, вашэць ведае, чаму я пакідаю Шыр?

– Я ня ведаю, чаму Вораг перасьледуе цябе, аднак бачу – сапраўды перасьледуе. Хоць гэта й незразумела для мяне. Таму хачу папярэдзіць: небясьпека цяпер і ззаду, і наперадзе, і пааберуч.

– Вашэць мае на ўвеце Вершнікаў? Напэўна, яны – прыслужнікі Ворага? Хто ж яны такія, гэтыя Чорныя Вершнікі?

– Гэндальф нічога табе пра іх не казаў?

– Не, зусім не.

– Тады, лічу, і мне ня варта распавядаць пра іх – страх толькі перашкодзіць табе. Бо мне падаецца, ты пасьпеў выправіцца ў апошнюю хвіліну, дый ці пасьпеў увогуле. Табе трэба сьпяшацца, і не марудзіць, і ня збочваць назад. Бо й Шыр цяпер небясьпечны для цябе.

– Цікава, які расповед здолеў бы напалохаць мяне мацней, чым намёкі ды туманныя папярэджаньні, – адказаў Фрода. – Я ведаю, што мяне чакаюць небясьпекі, але каб яны чакалі мяне ў нашым родным Шыры? Няўжо хобіт ня можа спакойна шыбаваць ад Вады-ля-Стромы да Бранявіну?

– Шыр вам родны, але ён ня ваш. Іншыя жылі ў ім да вас. Будуць жыць і па вас. Калі вы адмежаваліся цяпер ад сусьвету – гэта ня значыць, што ён ад вас адмежаваўся.