Выбрать главу

– Я ведаю. Але ж Шыр заўсёды быў для нас такі знаёмы й утульны. Што мне рабіць цяпер? Я плянаваў выбрацца таемна й рушыць у Долы Яр. Цяпер за мною пагоня, а я ж яшчэ й да Прыбычча не дабраўся.

– Мяркую, табе трэба рабіць, як заплянаваў. Шлях да Долага Яру, лічу, табе пад сілу. А лепшай парады трэба прасіць у Гэндальфа. Я ня вядаю, чаму ты ўцякаеш з Шыру, і таму ня ведаю, што менавіта пагражае табе ад тваіх перасьледнікаў. Гэндальф мусіць ведаць. Ты, напэўна, пабачысься зь ім перад тым, як пакінуць Шыр?

– Спадзяюся. Аднак наконт Гэндальфа я й турбуюся. Я шмат дзён яго чакаў, ён павінен быў зьявіцца ў Хобіцку шчэ два дні таму, і не зьявіўся. Што магло зь ім здарыцца? Ці, можа, мне варта яго дачакацца?

Хвіліну Гільдар малчаў. Нарэшце вымавіў:

– Мне гэта зусім не падабаецца. Тое, што сам Гэндальф спазьняецца, не абяцае анічога добрага. Але ж нездарма гаворыцца: "Ня блытайся ў справы мудрых – іх цяжка зразумець і лёгка раззлаваць". Выбірай сам – ісьці ці чакаць.

– Бачу, нездарма таксама кажуць, што эльфавы парады бы талер – калі зьверху "так", дык зьнізу "не".

– Сапраўды? – Гільдар засьмяяўся. – Насамрэч, мы зрэдку кажам проста "так" або "не", таму што простыя "так" або "не" – надта недарэчныя падарункі, нават ад мудрага мудраму. Кожны шлях можа прывесьці да бяды, асабліва калі йсьці бяздумна. Што ж тычыцца цябе – ты ж не распавёў мне ўсяго. Як я магу выбраць твой шлях лепей за цябе, ня ведаючы? Але ўсё ж параю, як сябру: не затрымлівайся, нават калі Гэндальф і не абвесьціцца. I яшчэ: не сыходзь на самоце. Вазьмі з сабою сяброў, якія пажадаюць ісьці з табою й якім давяраеш. Такая мая табе парада. Задаволься ёю, бо я ня надта задаволены тым, што давялося яе даць. У эльфаў свой шлях у гэтым сусьвеце, свае клопаты й беды, і яны амаль ня тычацца хобітаў, дый аніякіх іншых стварэньняў гэтай зямлі. Шляхі нашыя перакрыжоўваюцца зрэдку – выпадкова ці не. Нашая сустрэча не падаецца мне выпадковай, але ў чым яе прызначэньне, я не магу бачыць ясна, і мне не хацелася б нагаварыць лішняга.

– Я вельмі ўдзячны вашэці. Але, усё ж такі, мог бы васпане распавесьці: хто такія гэныя Чорныя Вершнікі? Калі я скарыстаюся з парады, дык, магчыма, яшчэ доўга не змагу пабачыць Гэндальфа. А мне ж трэба ведаць пра небясьпеку, якая йдзе за мною.

– Ці ж не дастаткова ведаць, што яны – службіты Ворага? Уцякай ад іх! Ніводнага слова зь імі! Яны – сьмяротная небясьпека для цябе. I не пытайся ў мяне анічога болей! Але ж прадчуваю, што недалёка той час, калі ты, Фрода, сын Дрога, будзеш ведаць болей пра гэтых ліхіх стварэньняў, чым Гільдар Інглорыян. Барані цябе Эльберэт!

– А ці стане ў мяне мужнасьці? І дзе ж мне знайсьці яе, гэную мужнасьць, калі ў мяне яе амаль няма?

– Мужнасьць раптоўна адшукваецца ў самых нечаканых месцах. Не губляй надзеі! А цяпер – сьпі. Раніцою мы сыдзем, але разашлем весткі. Нашыя вандроўныя суполкі даведаюцца пра твой шлях, і тыя, хто абараняе гэтыя краі ад цемры, таксама. Я называю цябе Сябрам Эльфаў. Хай зорнае зьзяньне асьветліць твой шлях да самага сканчэньня! Нячаста бывае так прыемна сустрэць незнаёмцаў, і так цудоўна чуць словы Старажытнай мовы з вуснаў такіх самых, як мы, вандроўнікаў у гэтым сусьвеце.

I не пасьпеў Гільдар скончыць прамову, як Фрода адчуў: сон апаноўвае яго. "Так, зараз я засну", – сказаў ён, і эльф правёў яго да намёта, дзе ўжо спаў Піпін. Фрода ўпаў на ложак і імгненна глыбока й бесклапотна заснуў.

4. Напрасткі па грыбы

Раніцою Фрода прачнуўся бадзёры й поўны сілаў. Над ім быў сапраўдны намёт зь пераплеценых жывых галінаў, што спускаліся да самай зямлі, пад ім – ложак з папараці й травы, мяккай, пругкай, зь дзіўным й прыемным пахам. Скрозь трапяткое лісьце, яшчэ зусім зялёнае, зьзяла сонца. Фрода ўскочыў і выбраўся вонкі.

Сэм сядзеў на траве, Піпін стаяў, уважліва разглядаючы нябёсы ды аблокі. А эльфаў нідзе не было.

– Яны пакінулі нам садавіны ды хлеба зь пітвом, – сказаў Піпін. – Пасьнедай, калі ласка. Хлеб і не счарсьцьвеў зусім з ночы. Я сам усё зьеў бы, але ж Сэм не дае.

Фрода прысеў побач з Сэмам і пачаў есьці.

– Якія пляны на сёньня? – спытаў Піпін.

– Дабрацца да Бычышчаў як мага хутчэй, – адказаў Фрода, заняты сьнеданьнем.

– Як ты лічыш, мы яшчэ пабачым гэтых Чорных Вершнікаў? – лагодна спытаў Піпін. Пад ранішнім сонейкам сустрэча нават і з табуном іх Піпіну не падавалася надта трывожнаю.

– Верагодна, так, – Фрода згадка пра вершнікаў не спадабалася. – Спадзяюся, мы перабярэмся праз раку непрыкметна для іх.

– Ты выцягнуў ад Гільдара што-колечы пра іх?