Выбрать главу

– Ну, няшмат. Намёкі адны ды незразумеласьці нейкія.

– А ты пытаўся пра вынюхваньне?

– Пха тое не раш-маўлялі, – адказаў Фрода праз поўны рот ежы.

– А варта было б, гэта ж істотна, я ўпэўнены!

– А я ўпэўнены, што ў гэтым выпадку Гільдар проста адмовіўся б гаварыць далей, – адказаў Фрода троху рэзка. – А зараз дазволь мне, калі ласка, пасьнедаць спакойна! Я ж не магу адказваць на бясконцыя пытаньні зь ежай у роце. Я падумаць хачу!

– Сонца й нябёсы, думаць за сьнеданьнем?! – жахнуўся Піпін і сышоў прэч, да ўзьлеску.

Зыркая раніца падалася Фрода здрадліва зыркай, сьвятло зусім не прагнала страх перад пагоняй. Фрода сумна абдумваў словы Гільдара. Раптам пачуў вясёлы голас Піпіна. Той бег па траве й гучна сьпяваў.

"Не, не магу я, – падумаў Фрода. – Адна справа – узяць хлапцоў з сабою на шпацыр па Шыры, дзе хіба што прытомісься ды згаладаесься якраз, каб ежа ды ложак падаліся саладзейшымі. А забраць іх з сабою ў выгнаньне, да сапраўднага голаду й стомы – зусім іншае, нават калі яны й самі пажадаюць пайсьці. Мая спадчына – толькі мая. Напэўна, мне нават і Сэма браць ня трэба", – тут ён зірнуў на Сэма й убачыў, што той таксама глядзіць на яго.

– Так, Сэме. Ты ж уцям: я пакідаю Шыр. I хутка. Я вырашыў і на дзень у Цвыркуновай Лагчыне не затрымлівацца, калі толькі здолею.

– Добра, пане!

– Ты ўсё роўна хочаш ісьці з мною?

– Так.

– Будзе вельмі небясьпечна, Сэме. Ужо небясьпечна. Хутчэй за ўсё, ніводны з нас дадому ня вернецца.

– Калі вы ня вернецеся, спадарыку, дык і я не, гэта дакладна. "Ты ж яго не пакідай!" – так яны мяне папярэдзілі. "Пакінуць? Ды ніколі! Няхай ён на месяц караскацца ўздумае й няхай толькі гэныя чорныя стануць упоперкі – будуць справы мець з Сэмам Гэйхадам!" – гэтак я адказаў. А яны засьмяяліся.

– Якія такія "яны", ты пра каго гаворыш?

– Эльфы, спадару. Я гаманіў зь імі мінулай ноччу. Падавалася, яны ведалі, што вы зьбіраецеся адгэтуль сысьці, таму я й ня стаў адгаворвацца. Цудоўны, цудоўны народ, эльфы! Найцудоўнейшы!

– Яны такія. I як, зірнуўшы на іх побач з сабою, не перамяніў думкі, яны па-ранейшаму табе падабаюцца?

– Ведаеце, спадару, яны, як бы мовіць, па-над усімі маімі "падабаецца" ці "не падабаецца". I зусім няйстотныя мае думкі пра іх. Я чакаў зусім ня тое. А яны ж і старыя – і маладыя, такія радасныя – і сумныя адначасна.

Фрода зірнуў на Сэма зь зьдзіўленьнем, нібыта жадаючы пабачыць нейкі вонкавы адбітак перамены, што, здэцца, раптоўна адбылася зь ім. Гэта былі словы не таго Сэма Гэйхада, якога Фрода добра ведаў ці толькі лічыў, што ведаў. Не, звонку – той самы Сэм, хіба твар незвычайна задуменны.

– Ці хочаш ты пакінуць Шыр цяпер, калі твая мара пабачыць эльфаў ужо збылася? – спытаў Фрода.

– Так, спадару. Ня ведаю, як казаць, але ж пасьля мінулае начы я сябе адчуваю нейк па-іншаму. Быццам бачу далей наперад, вось гэтак. Ведаю – перад намі доўгі шлях, і ў цемру, але таксама ведаю – назад не павярну. Цяпер ня дзеля таго, каб пабачыць эльфаў, ці цмокаў якіх, ці горы, не – я й сам цяпер добра ня ведаю, чаго хачу. Проста трэба зрабіць нешта ў жыцьці, і каб зрабіць, трэба йсьці наперад, а не вяртацца ў Шыр. Мне абавязкова трэба йсьці побач з вамі й зьдзейсьніць, калі вы мяне разумееце, спадару.

– Не зусім. Але ж даволі, каб уцяміць: Гэндальф абраў мне добрага спадарожніка. Мы пойдзем разам, Сэм.

Фрода даеў моўчкі. Потым устаў, агледзеў далячынь перад сабою й паклікаў Піпіна.

– Ці ўсё падрыхтавана, каб выходзіць? – спытаўся. – Рушым неадкладна. Заспаліся, а яшчэ йсьці ды йсьці.

– Маеш на ўвазе, ты заспаўся. Бо я ўжо даўно ня сплю. Мы ўсё чакалі, пакуль ты скончыш сьнедаць – і думаць.

– Дык я скончыў. Цяпер я думаю як мага хутчэй дабрацца да пераправы ў Бычышчах. I не па дарозе, зь якой мы сышлі ўчора, а напрасткі якраз адсюль.

– Напэўна, ты сабраўся лётаць. Пехам напрамкі ў гэтых краёх аніяк не прабярэсься.

– Прабярэсься, прамей за тую дарогу ва ўсялякім выпадку. Пераправа – на ўсход ад Лясной сядзібы, а дарога адхіляецца налева, вунь, і адсюль бачна. Яна дае пятлю ўздоўж паўночнага ўскрайку Багнючынаў, каб злучыцца з гасьцінцам ад мосту за Бярвішчам. Гэта вёрсты ўбок ад нашага прызначэньня. Калі рушым напрасткі ад месца, дзе стаім, да пераправы – скароцім шлях на чвэрць.

– Проста пойдзеш, ды крыва выйдзеш, – запярэчыў Піпін. – Мясьціна тут ня надта роўная, а Багнючыны – гэта дрыгва й іншыя вабноты накшталт таго. Я гэтыя краі ведаю. А калі ты пераймаесься Чорнымі Вершнікамі, дык розьніцы няма, ці на дарозе іх напаткаць, ці ў лесе.

– У лесе, ведаеш, цяжэй адшукаць. Таксама, калі нехта лічыць, што табе зручней шыбаваць па дарозе, дык ён і шукаць цябе будзе менавіта ўздоўж дарогі, а ня ў лесе ці ў дрыгве.