Выбрать главу

– Ну, добра! – пагадзіўся Піпін. – Калі хочаш, палезу за табою ў любую яміну ды багнючыну. Але хутчэй гэта ня будзе, пабачыш. Эх, а я ўжо разьлічваў завітаць увечары ў бярвішчанскі "Залаты шасток". Калісьці там было, а можа й ёсьць, найлепшае ва ўсім Усходнім падзеле піва. Даўнютка я яго не каштаваў!

– Тады абавязкова напрасткі. Яно хоць і крыва часьцяком выходзіць, але ж шынок зусім з ног валіць. Таму мы абавязаны ўратаваць цябе ад "Залатога шастка" чаго б нам гэта ні каштавала. Бо трэ дабрацца ў Бычышчы да цемры. Што скажаш, Сэме?

– Я з вамі, спадар Фрода, – сказаў Сэм (хоць сам і затужыў горка па найлепшым ва ўсім Усходнім падзеле піве).

– Ну, раз нам наканавана прадзірацца праз хмызьняк ды дрыгвяк, гайда прадзірацца! – сказаў Піпін.

Стала сьпякотна, амаль як учора, але на захадзе грувасьціліся хмары. Відавочна, зьбіралася на дождж. Хобіты спусьціліся, коўзаючыся на крутым схіле, і паглыбіліся ў лес. Разьлічвалі пакінуць Лясную сядзібу леваруч, прайсьці напрамкі празь лес на ўсходнім ускрайку пагоркаў і за імі выбрацца на роўнядзь. А там мо й проста да пераправы, хіба што колькі канаваў ды агароджаў патрапіцца на шляху. Паводле Фродавага разьліку, напрамкі было ня болей за васямнаццаць вёрстаў.

Неўзабаве высьветлілася, што гушчар больш шчыльны, чым падавалася зьверху. Праз зарослы буралом сярод дрэваў не было аніякіх сьцежак, таму прадзіраліся марудна. Калі дабраліся да самага нізу схілу, убачылі перад сабою рачулку з даволі высокімі, сьлізкімі, стромкімі берагамі, зарослымі кустамі ажыны, што нават навісалі над вадою. I было ані абысьці тую рачулку, ані скочыць празь яе, ані перабрацца без таго, каб вымакнуць, запэцкацца ў брудзе й падрапацца. Яны спыніліся, мяркуючы, што ж рабіць.

– Першая неспадзяванка! – нявесела ўсьміхнуўся Піпін.

Сэм Гэйхад азірнуўся: скрозь прасьвет сярод дрэваў быў бачны верх схілу, зь якога яны спусьціліся.

– Зірніце! – усклікнуў Сэм, ухапіўшы Фрода за руку. Усе паглядзелі ўгору – і там, высока, убачылі каня, а побач – нахіленую чорную постаць.

Адразу ж расхацелася вяртацца назад. Фрода першы пачаў ламіцца праз кусты ля рачулкі.

– Вох! – азваўся ён Піпіну. – Абодва мы, як відаць, маем рацыю: напрасткі выйшла крыва, але ж і схаваліся мы своечасова. У цябе найвастрэйшы слых, Сэме, ці чуеш ты, мо набліжаецца хто?

Замерлі, прыслухоўваючыся й амаль ня дыхаючы. Не, пагоні не чуваць.

– Наўрад ці ён пацягне каня ўніз па такім схіле, – сказаў Сэм. – Але, здаецца, ён ведае, што мы тут спусьціліся. Лепей пасьпяшацца.

Сьпяшацца было ня лёгка. Заплечнікі ледзь пралазілі праз гушчар, цяжка дыхалася ў сьпякоце, бо схіл за сьпінамі адгароджваў ад ветру. Калі нарэшце праламаліся да месца менш зарослага, запыхаліся, стаміліся й падрапаліся з ног да галавы. I ня ведалі болей, у якім напрамку рухацца. Бераг рачулкі зрабіўся ніжэйшым, амаль на ўзроўні з вадою, а сама яна пашырэла й паплытчэла, струменячы ў бок Багнючынаў ды Бранявіну.

– Ну, дык гэта Бярвішчанка! – усклікнуў Піпін. – Каб вярнуцца на свой шлях, нам трэ хутчэй пераправіцца й завярнуць направа.

Яны перайшлі праз рачулку й пасьпяшаліся праз шырокую роўнядзь, бязьлесую, зарослую чаротам. Перасекшы яе, зноў паглыбіліся ў лес, пушчу з высокіх дубоў, сярод якіх дзе-нідзе трапляліся асіны ці вязы. Тут ямінаў амаль не было, і падлеску таксама, але ж дрэвы расьлі надта шчыльна й далёка наперад не было відаць. Раптам вецер шкуматнуў лісьце й з захмараных нябёсаў упалі першыя кроплі дажджу. Вецер сьцішыўся, і дождж паліў на ўсю моц. Хобіты ўпарта крочылі па траве й тоўстым покрыве старога лісьця. Вада зьбягала па іх струменьчыкамі. Ішлі моўчкі, толькі часта азіраліся.

Праз паўгадзіны Піпін заўважыў:

– Спадзяюся, мы не ўзялі надта на поўдзень і не шыбуем уздоўж гэнага лесу. Бо ён не такі ўжо шырокі – ну, зь вярсту сама больш. Мы даўно ўжо павінны былі яго перасекчы.

– Наўрад ці нам варта хадзіць зігзагамі, – сказаў Фрода. – Шчэ болей заблытаемся. Пойдзем як ідзецца. Я ўвогуле не сьпяшаўся б выходзіць зь лесу.

Яны прайшлі яшчэ колькі вёрстаў. Сонца зноў бліснула між падраных аблокаў, і дождж сьцішыўся. Хобіты адчулі, што зараз самы час паджалюбаць і прыпыніліся пад вязам. Ягонае лісьце, ужо амаль цалкам зжаўцелае, але яшчэ густое, хавала ад кропляў, пад дрэвам было суха. А калі ўзяліся ладзіць пад'едак, убачылі, што эльфы напоўнілі біклажкі празрыстым залацістым трункам – настоеным на духмяным мёдзе, сабраным з мноства кветак, – які надзвычай асьвяжаў. Неўзабаве хобіты рагаталі, забыўшыся на дождж і на Чорных Вершнікаў. Падавалася, апошнія колькі вёрстаў хутка застануцца за сьпінамі.