Фрода прыхіліўся да дрэва й змружыў вочы. Сэм зь Піпінам паселі побач, замармыталі песеньку, а хутка й засьпявалі, праўда, ня ў поўны голас:
– Гэй! Гэй! – завялі яны ўголас. I раптам абарвалі. Фрода ўскочыў. Зь ветрам данеслася доўгае выцьцё, нібыта самотная, злая жальба якойсь злой самотнай істоты. Яно ўздымалася й аціхала ды скончылася на высокай пранізьлівай ноце. Хобіты здранцьвелі – і пачулі другі крык, нібыта адказ, слабейшы, аднекуль з далечыні, але ж ня менш жахлівы за першы. А потым наступіла цішыня, якую парушаў толькі шэпт ветру ў лісьці.
– Як мяркуеце, што гэта было? – спытаў Піпін нарэшце бадзёра, але голас ягоны крыху дрыжэў. – Калі птушка, дык я такой аніколі ў Шыры ня чуў.
– Ані птушка, ані зьвер, – адказаў Фрода. – Нехта паклікаў – і нехта адказаў. Я нават словы там адрозьніў, хоць і не зразумеў. Але ж ніякі хобіт такога голасу ня мае.
Болей пра гэта не размаўлялі. Усе падумалі пра Вершнікаў, але ніхто пра іх нічога не сказаў. Хобітам ужо не хацелася ані выпраўляцца, ані заставацца на месцы, аднак раней ці пазьней трэба было прайсьці праз адкрытую роўнядзь да пераправы. Вядома, было б лепш раней і пры дзённым сьвятле. Хутка плецакі былі за сьпінамі.
Нечакана лес скончыўся й перад хобітамі легла шырокая, зарослая травою роўнядзь. Цяпер убачылі: моцна адхіліліся на поўдзень. За роўнядзьдзю ўжо быў відаць невысокі пагорак Бычышчаў – цяпер леваруч ад хобітаў. Выпаўзшы ціхенька з-за дрэваў, круцячы галовамі на бакі, хобіты што моцы кінуліся па траве.
Спачатку баяліся, бо аніяк жа не схаваесься, і Фрода, азіраючыся, усё чакаў, што ўбачыць на вяршыні далёкай стромы – там, дзе сьнедалі раніцою, – чорную постаць вершніка. Але ж ня ўбачыў. Праз падраныя аблокі зноў зырка зьзяла сонца, схіляючыся долу, да пагоркаў. Хобіты нават перасталі баяцца, хоць яшчэ й непакоіліся крыху. Мясьціны рабіліся ўсё болей дагледжанымі, добра апрацаванымі. Абапал леглі палі ды лужочкі, парканы, брамкі ды канаўкі для сьцёку вады. Усё ўладкавана й спакойна – звычайны куток Шыру. Хобітаў настрой узьнімаўся з кожным крокам. Рака набліжалася, і Чорныя Вершнікі ўжо падаваліся ляснымі зданямі, прывідамі, якіх пакінулі далёка за сьпінамі.
Прайшлі ўздоўж вялізнага поля рэпы й апынуліся перад брамаю. За ёю прысады зь нізкімі дагледжанымі жывымі агароджамі абапал вялі да купкі дрэваў. Піпін спыніўся.
– Вох, я ж ведаю гэтую браму й палі! Гэта Крывы Асьмярык, селішча старога Блазна. Вунь там, між дрэваў, ягоная сядзіба!
– З агню ды ў полымя, – усклікнуў Фрода, такі напалоханы, быццам Піпін абвесьціў пра цмокаву пячору наперадзе, а не пра хобіцкую хату. Усе паглядзелі на яго зьдзіўлена.
– Што ня так з старым Блазнам? – спытаў Піпін. – Ён добры сябра ўсім Бронь-Бычам. Вядома, бадзягаў шугае яшчэ як, і сабакі ў яго – сапраўдныя пачвары, ну дык памежжа побач, трэба ж сядзібу трымаць.
– Ведаю, – уздыхнуў Фрода, і дадаў зь вінаватай усьмешкаю. – Але ўсё ж я баюся ягоных сабак. Я ўжо шмат гадоў на ягоную зямлю ні нагой. Ён мяне разоў колькі лавіў, калі я па грыбы лазіў – у маленстве, калі яшчэ ў Прырэчнай сядзібе жыў. Апошні раз адлупцаваў, а потым паказаў сваім сабакам і сказаў: "Гэй, хлопцы, калі гэты малы валацуга сюды хоць нос суне, жарце яго жыўцом! А зараз – правядзіце яго!" Аёечкі, яны за мною да самай пераправы йшлі. Я так і тросься, хоць пачвары справу ведалі й мяне не кранулі б.
– Ну, тады сама час, каб наладзіць стасункі! – засьмяяўся Піпін. – Асабліва, калі зьбіраесься жыць у Прыбыччы. Стары Блазан – хобіт, якіх яшчэ пашукаць, ну вядома, калі не чапаюць ягоныя грыбы. Пойдзем па сьцежцы як прыстойныя хобіты, і анічога нам не пагражае. Калі яго сустрэнем, размаўляць буду я. Ён – сябра Мэры, і я разам зь ім сюды калісьці часьцяком наведваўся.
Хобіты рушылі па прысадах і ўбачылі сярод дрэваў саламяныя стрэхі вялізнай хаціны й іншых пабудоваў немалога падвор'я. Блазны, бярвішчанскія Лапарукі ды жыхары Багнючынаў нораў не капалі. I гэтая сядзіба была цагляная, таўстасьценная й надзейная, ды яшчэ й агароджаная высокім мурам. Прысады выводзілі да шырокай драўлянай брамы ў сьцяне.
Як наблізіліся, раптам пачуўся жудасны брэх ды рык, і гучны голас загадаў: