Выбрать главу

Калі скончылі вячэраць, гаспадар з сынамі выйшлі зь ліхтаром і выцягнулі вазок. Калі госьці нарэшце выбраліся з хаты, было ўжо цёмна. Хобіты закінулі хатулі на вазок, тады ўскараскаліся самі. Гаспадар сам узяўся кіраваць, сеў наперадзе ды сьцёбнуў пугаю двох жвавых тлусьценькіх поні. Тут выйшла на двор і Блазнава, стала ў сьвятле ад адчыненых дзьвярэй.

– Ты ж пасьцеражыся, Блазане! – гукнула яна. – Ані зь якімі збродамі не чапляйся ды вяртайся хутчэй!

– Анягож! – азваўся той.

Вазок выехаў за браму. Цяпер і аніводны лісток не варушыўся, ноч была надзіва спакойная, бязьветраная, але адчуваўся халадок. Ехалі ў цемры, павольна. Празь вярсту ці дзьве прысады скончыліся мастком цераз глыбокае ўрвішча. Пасьля яго вазок успоўз па кароткім схіле й апынуўся на шырокім гасьцінцы.

Блазан зьлез, прайшоўся туды-сюды, зірнуўшы на поўдзень і на поўнач, але ў цемры нічагуткі не было відаць, і ані гуку не чувалася ў нерухомым паветры. Над канаўкамі ля гасьцінцу віселі танюткія пасмачкі туману, марудна паўзьлі па палёх.

– Так, з гэным туманом будзе хоць вока выкалі, – сказаў Блазан. – Але ж я ліхтар запальваць ня стану, покуль дахаты не павярну. Хто б ні ехаў, мы пачуем яго нашмат раней, чым пабачым.

Ад Блазнавых прысадаў да пераправы было вёрстаў пяць. Хобіты сядзелі, загарнуўшыся ў плашчы, ды напружана прыслухоўваліся: што там яшчэ, апроч рыпеньня колаў і павольнага "туп, туп" капытоў поні. Фрода вазок падаваўся больш павольным за сьлімака. Піпін ужо й носам торкаў. Сэм насьцярожана ўглядаўся ў туман, што, здэцца, шчыльнеў.

Нарэшце дабраліся да павароту на пераправу. Яго адзначалі два высокія белыя слупы, якія раптам узьніклі зь цемры праваруч ад вазка. Блазан пацягнуў лейцы, і вазок спыніўся. Хобіты пачалі выгружацца й раптам пачулі тое, чаго ўвесь час так баяліся: пошчак капытоў наперадзе. Нехта ехаў да іх!

Блазан саскочыў, стаў наперадзе, трымаючы поні пад аброць ды ўглядаючыся ў цемру. "Тупу-туп" – гучна й выразна адбівалася ў нерухомым паветры.

– Лепей вам схавацца, пане Фрода, – папрасіў Сэм занепакоена. – Кладзіцеся ў вазок, мы вас коўдрамі загорнем і самі ад таго вершніка адгаворымся як-небудзь.

Сэм зьлез долу й стаў побач з Блазнам. Што ж, калі гэта Чорныя Вершнікі, дык ім давядзецца мець справы з Сэмам, пакуль дабяруцца да вазка.

"Тупу-туп, тупу-туп" – вершнік ужо побач.

– Гэй, там! – паклікаў Блазан.

Пошчак раптам сьцішыўся. Падалося, скрозь туман відаць змрочная, загорнутая ў плашч постаць – крок ці два наперадзе.

– Ну, і хто тут? – спытаў Блазан, аддаў лейцы Сэму й рушыў наперад. – Ані кроку болей! Хто такі, чаго тут шукаеш!?

– Шукаю спадара Торбінса. Вы яго бачылі? – вымавіў глухі голас... Але ж гэта быў голас Мэры Бронь-Быча!

Тут вершнік адкінуў покрыва зь ліхтара, асьвятліўшы зьдзіўлены Блазнаў твар.

– Спадару Мэры! – усклікнуў той.

– Ну так! А каго ж вы яшчэ чакалі? – сказаў Мэры, пад'яжджаючы. Цяпер, калі пазналі й перасталі баяцца, адразу відавочна зрабілася: ну, звычайны ж хобіт на поні, шалікам заматаны да рота, каб ня зьмерзнуць.

Фрода выскачыў з вазка павітацца.

– Вунь ты дзе! – усклікнуў Мэры. – А я ўжо засумняваўся, ці зьявіцеся сёньня ўвогуле, якраз вяртаўся дахаты, каб павячэраць. Бо калі туман узьняўся, вырашыў праехацца да Бярвішча, зірнуць, ці не зваліліся вы ў якую канаву. Каб вам добра было, дзе ж вы швэндаліся!? Дзе вы іх падабралі, спадару Блазьне? З копанкі сваёй вылавілі?

– Не, прыхапіў, калі залезьлі на маю зямлю. Ледзь сабак на іх не спусьціў. Але ж шаноўныя паны самі табе распавядуць. Цяпер, перапрашаю, пане Мэры, пане Фрода, шаноўнае спадарства, мне дахаты трэба. Гаспадыня мая турбуецца, і туман усё шчыльнейшы.

Ён завёў вазок у праезд да пераправы й выехаў, разьвярнуўшыся гэткім манерам.

– Ну, дабранач усім! Такі дзіўны дзень, нічога ня скажаш. Аднак усё добра, што добра сканчаецца, хоць мо й ня варта так казаць, пакуль не дабраліся да ўласных дзьвярэй. Я ўжо дакладна ўздыхну з палёгкай, калі крочу на свой ганак.

Ён запаліў ліхтары ды прыўзьняўся з лавы. Раптам выцягнуў з-пад яе вялікі кошык.

– Ледзь не забыўся. Гаспадыня мая спакавала для спадара Торбінса, з найлепшымі пажаданьнямі, – ён аддаў кошык ды рушыў прэч, у суправаджэньні падзяк і пажаданьняў дабраначы.

Блядныя кругі сьвятла ад ягоных ліхтароў паволі расталі ў туманнай цемры. Раптам Фрода зарагатаў: з-пад накрыўкі кошыка струменіўся смачны грыбны пах.

5. Змова раскрываецца

Цяпер пасьпяшаймася й мы дахаты, – прапанаваў Мэры. – Бачу, нешта тут у вас надта цікавае робіцца, але, відаць, яно пачакае, пакуль даберамося.