2. Пра люлькавую траву
Трэба ўзгадаць на яшчэ адну асаблівасьць хобітаў старадаўнасьці, дзіўны іх звычай – удыхаць ці ўцягваць у рот праз драўляныя ці гліняныя люлькі дым ад травы, якую яны называлі люлькавая трава ці проста лісьце, зёлкі – верагодна, разнавіднасьць нікацыяны. Паходжаньне гэтага звычаю (ці мастацтва, як яго завуць самі хобіты) даволі загадкавае. Усё, што мажліва выведаць пра яго вытокі, сабраў Мэрыядок Бронь-Быч (які пазьней зрабіўся гаспадаром Прыбычча). Ён і табака Паўднёвага падзелу адыгрываюць пэўную ролю ў нашым расповедзе, таму не зашкодзіць працытаваць уводзіны да ягонага "Травазнаўства Шыру":
«Гэнае майстэрства – адзінае, што мы бясспрэчна можам лічыць нашым уласным вынаходніцтвам. Калі хобіты ўпершыню пачалі паліць, не гаворыцца ані ў адным паданьні ці сямейнай гісторыі. З часоў спракаветных хобіцкі народ паліў розныя зёлкі, больш ці менш смуродлівыя. Але ж усе пагаджаюцца, што Тобальд Рагадзьмуўца з Доўгіх Панізьзяў, у Паўднёвым падзеле, першы ўзгадаваў сапраўдную люлькавую траву ў сваім садзе ў часы Ізенгрыма Другога – недзе каля 1070 году паводле шырскага адліку. Найлепшая ва ўсім Шыры табака й цяпер менавіта адтуль – асабліва ж гатункі, вядомыя як Панізовае лісьце, Стары Тобі ды Паўночная зорка.
Пра тое, як старына Тобі натрапіў на сваю зёлку, зьвестак не захавалася, і не распавёў ён пра гэта нават перад сьмерцю. Безумоўна, пра зёлкі ён ведаў шмат, але ж асабліва не вандраваў. Кажуць, што ў маладосьці заносіла яго ў Прыгор'е, аднак бясспрэчна – далей ад Шыру ён не трапляў. Таму цалкам верагодна, што сваю траву ён знайшоў у Прыгор'і, дзе яна й цяпер добра расьце на паўднёвых схілах пагоркаў і стромаў. Прыгорскія хобіты сьцьвярджаюць, што яны першыя прыдумалі па-сапраўднаму паліць люлькавую траву. Вядома, яны пра ўсё баюць, што вынайшлі ды прыдумалі раней за шырскіх хобітаў, якіх завуць "каляністамі". Але ж менавіта ў гэтым выпадку яны, як я лічу, маюць рацыю. Бясспрэчна, менавіта зь Прыгор'я звычка паленьня распаўсюдзілася цягам апошніх стагодзьдзяў сярод гномаў і да іх падобнага народу – сьледапытаў, чараўнікоў – дый проста ўсялякіх вандроўнікаў, якія й патудзень часта сустракаюцца на гэтым старажытным скрыжаваньні шляхоў. Радзіма й цэнтр майстэрства паленьня, гэткім парадкам, ёсьць стары прыгорскі шынок "Скаклівы конік", які належыць сям'і Масьлякоў з пракаветнай даўніны.
У той самы час мае ўласныя назіраньні падчас шматлікіх вандровак на поўдзень пераканалі мяне, што люлькавая трава паходзіць ня з нашых кутоў, а патрапіла на поўнач зь ніжніх плыняў Андуйну. А туды, падаецца мне, завезьлі яе з-за мора людзі Захаду. Яна паўсюць расьце дзічком у Гондары й вырастае нашмат буйнейшай і больш сакавітай, чым на поўначы, дзе ўвогуле яе па-за садамі ці гародамі ня знойдзеш, дый там яна добра расьце толькі ў цёплых, схаваных ад халадоў месцах накшталт тых самых Доўгіх Панізьзяў. Людзі Гондару называюць яе салодкі галенас і цэняць хіба што за водар кветак. З Гондару, верагодна, траву цягам доўгіх стагодзьдзяў – ад Элендыля да нашых дзён – завезьлі па Травашляху на поўнач. Але нават дунаданы Гондару прызнаюць: хобіты першыя дадумаліся класьці траву ў люлькі ды паліць. Нават чараўнікі такога ня скемілі. Хоць адзін вядомы мне чараўнік засвоіў нашае майстэрства даўным-даўна й дасягнуў у ім ня меншых вышыняў, чым у любой іншай справе, за якую толькі браўся».
3. Пра ўладкаваньне Шыру
Складалі Шыр чатыры чвэрткі, ці падзелы, пра якія ўжо згадвалася: Паўночны, Паўднёвы, Заходні ды Ўсходні. Яны, у сваю чаргу, падзяляліся на часткі. Тыя ўжо называліся па імёнах найвыдатнейшых і найгалоўнейшых родаў, хоць падчас нашага расповеду ня ўсе гэтыя назвы адпавядалі рэчаіснасьці. Хваты амаль усе жылі ў Прыхваце, але ж тое наўрад ці мажліва казаць пра Торбінсаў ці Мудрагеляў. Акрамя падзелаў, у складзе Шыру лічыліся Ўсходняя ўкрайна, ці Прыбычча, ды Заходняя ўкрайна, далучаная да Шыру ў 1462 годзе.