Рушылі ўніз да пераправы па гасьцінцы – прамым, добра дагледжаным, абкладзеным з бакоў вялікімі пабеленымі камянямі. Праз сотню крокаў ці каля таго выйшлі на бераг да шырокага драўлянага прыпаромку зь вялікім пляскатым паромам. У сьвятле двух ліхтароў, падвешаных на высокіх палах, бялелі ля вады швартовыя слупкі. За сьпінамі хобітаў па палёх слаўся туман, уздымаючыся ўжо вышэй за жывыя агароджы. Але ён не крануў ракі, хіба што ў чаратах на беразе віліся, нібы над кіпнем, танюткія пасмачкі. Перад хобітамі плынела чорная вада. Падавалася, на другім беразе туман меншы.
Мэры завёў па мастку на плыт поні. Тады зайшлі й астатнія хобіты. Мэры нясьпешна адпіхнуўся доўгай жэрдкаю, плыт рушыў зь месца – у шырокі павольны Бранявін. Другі бераг быў стромкі. Па ім, віючыся, караскалася ад прыпаромку сьцежка. Там таксама паблісквалі ліхтары. Наверсе ўздымалася Бычая Строма. На ёй праз падраную завесу туману зьзялі чырвоным ды жоўтым круглыя вакенцы. Гэта былі вокны Прырэчнай сядзібы, старажытнага жытла Бронь-Бычаў.
Шмат гадоў таму Гарыдзед Старабыч, галава сям'і Старабычаў, найстарэйшай на Багнючынах ці нават ва ўсім Шыры, перабраўся за раку, якая да таго была ўсходняй мяжою шырскіх земляў. Там ён пабудаваў і павыкопваў норы Прырэчнай сядзібы, зьмяніў імя на Бронь-Быч ды заснаваў, па сутнасьці, маленькую, але ж незалежную краіну. Сям'я ягоная ўсё памнажалася ды памнажалася, нават і пасьля яго, пакуль уся строма ня стала Прырэчнай сядзібай – з трыма вялікімі параднымі брамамі, безьліччу бакавых дзьверцаў ды з сотняю вакенцаў. Потым Бронь-Бычы й шматлікія іх паплечнікі й паслужнікі папараскопвалі й папазабудоўвалі ўсё навокал. Гэтак вось і атрымалася Прыбычча, шчыльна заселеная паласа земляў паміж ракою й Старой пушчай, амаль незалежная шырская калёнія. Яе сталіцаю была вёска Бычышчы – на рачным беразе й схілах пагоркаў за Прырэчнай сядзібай.
Прыбычцы сябравалі з народам Багнючынаў, і сяляне ад Бярвішча да Чароцінаў яшчэ прызнавалі сябе пад рукою Гаспадара сядзібы (як звалі галаву роду Бронь-Бычаў). Аднак большасьць насельнікаў старога Шыру лічыла прыбычцаў напалову чужынцамі ды дзівакамі. Хоць яны й не адрозьніваліся амаль ні ў чым ад хобітаў Чатырох Падзелаў, хіба што любілі плаваць у чоўнах, а некаторыя й бязь іх, самі.
Спачатку іхняя зямля не была нічым агароджаная з усходу. Цягам часу пабудавалі заслону – Засеку, як яе назвалі прыбычцы. У Фродаў час яна існавала ўжо некалькі стагодзьдзяў. Яе няспынна рамантавалі й аднаўлялі, высокая й тоўстая, яна цягнулася ад Бранявінскага мосту, выгінаючыся разам з ракой, да Засечышчаў, дзе пятлявая Іўя ўпадала ў Бранявін, пакідаючы Старую пушчу, – амаль дваццаць вёрстаў ад аднаго канца да другога. Вядома, Засека не гарантавала цалкам надзейнай абароны. На ноч прыбычцы зачынялі дзьверы на замок, што таксама для Шыру было нязвыкла.
Плыт павольна рушыў па вадзе. Прыбыцкі бераг набліжаўся. Сэм адзін з усёй кампаніі раней ня быў за ракою. І пачуваўся няўтульна, паглядаючы на павольную плынь, што ціха ўсхліпвала: колішняе жыцьцё засталося там, за туманамі, а наперадзе чакала невядома што, змрочнае й жудаснае. Сэм пачухаў патыліцу – вох, каб толькі спадар Фрода застаўся сабе ў Торбе дый жыў спакойна!
Хобіты ўжо крочылі на бераг, Мэры ўжо прывязаў плыт, а Піпін выводзіў поні наверх па сьцежцы, калі Сэм, які ўсё паглядаў назад, быццам разьвітваючыся з Шырам, прашаптаў хрыпата:
– Азірніцеся, спадару Фрода! Ці бачыце?
На далёкім беразе ў сьвятле ліхтароў нарысавалася постаць: чорная, невыразная, нібыта пакінуты кімсьці чорны мех. Але ж, падавалася, яна рухалася, гайдалася налева й направа, быццам абшукваючы прыпаромак. Потым папаўзла, пахіленая, назад, у цемру па-за ліхтарамі.
– Дзеля ўсяго Шыру, што гэта? – усклікнуў Мэры.
– Тое, што нас перасьледуе, – адказаў Фрода. – Ня трэ ані пра што распытваць цяпер! Хадзем хутчэй адсюль!
Хобіты хутка падняліся на ўзгорак. Там азірнуліся на супрацьлеглы бераг, але ж яго цалкам зацягнула: за туманом нічога не відно.
– Добра хоць, што вы чаўноў на тым беразе не трымаеце! – сказаў Фрода. – А ці магчыма тут перабрацца на кані?
– Толькі пераплысьці ці праехаць дваццаць вёрстаў на поўнач, да мосту, – адказаў Мэры. – Толькі я аніколі ня чуў пра тое, каб нехта на кані пераплыў Бранявін. А пры чым тут коні?
– Я табе пазьней распавяду. Як патрапім пад свой дах.
– Згода! Вы зь Піпінам ведаеце, куды йсьці. А я паеду, Фуфу Норса папярэджу. Вячэру зладзім дый астатняе.
– Мы павячэралі ў Блазна, але ж і яшчэ раз не адмовімся.