Выбрать главу

– Ну й добра! Давай мне кошык, – з гэтымі словамі Мэры пагнаў поні наперад і зьнік у цемры.

Ад ракі трэба было яшчэ нямала ісьці да новага Фродавага жытла ў Цвыркуновай лагчыне. Хобіты пакінулі Бычую Строму з Прырэчнай сядзібай леваруч, і ля ўскрайку Бычышчаў выйшлі на галоўны прыбыцкі гасьцінец, які вёў на поўдзень ад мосту. Праз паўвярсты праваруч напаткалі вясковую дарогу, зьвярнулі й прайшлі яшчэ пару вёрстаў, уверх ды ўніз па пагорках.

Нарэшце дабрылі да вузенькай брамкі ў шчыльнай, буйной жывой агароджы. У цемры хата зусім не была відаць, бо стаяла далёка ад дарогі пасярэдзіне шырокага лужка, ды яшчэ й абкружаная колам невысокіх дрэваў. Фрода й абраў гэтую сядзібку таму, што яна схавалася ў самым куце – ані суседзяў паблізу, ані выпадковых мінакоў. Прыходзь, сыходзь – ніхто не заўважыць. Пабудавалі хаціну Бронь-Бычы даўнютка, для гасьцей ці тых сваякоў, што жадалі на пэўны час уцячы ад мітусьні Прырэчнай сядзібы. Будыніна была старамодная, адметна хобіцкая й вельмі нагадвала нару: доўгая, нізкая, з адным усяго паверхам, з дахам, пакрытым дзёрнам, з круглымі вакенцамі й вялікімі круглымі дзьвярыма.

Пакуль ішлі ад брамы, не пабачылі ані вагеньчыка, акенцы былі цёмныя й зачыненыя. Фрода пагрукаў у дзьверы. Адчыніў Фуфа Норс, ярка асьветлены з-за дзьвярэй сяброўным, цёплым сьвятлом. Хобіты хутчэй прасьлізнулі ўсярэдзіну дый зачынілі дзьверы, каб не выпускаць сьвятло вонкі, у ноч. Апынуліся ў шырокай залі зь дзьвярыма аберуч. Наперадзе калідор вёў усярэдзіну хаты. Неўзабаве там зьявіўся Мэры:

– Ну, як вам? Мы намагаліся зрабіць, як у роднай нары. Часу было небагата, праўда, бо апошні вазок з мэбляй толькі ўчора й прыбыў.

Фрода азірнуўся навокал. Сапраўды, падобна. Шмат ягоных улюбёных рэчаў (і Більбавых таксама – яны так нагадалі пра Більба тут, у новым жытле) былі расстаўленыя амаль гэтак, як і ў Торбе-пад-Стромай. Увогуле, такое прыемнае, утульнае, дабражытнае месца. Нават захацелася насамрэч прыехаць сюды жыць – спакойна, да шчасьлівага скону дзён. Нячэсна было, няправільна так турбаваць сваіх сяброў, бо празь яго столькі недарэчнасьцяў. Як жа распавесьці ім, што трэба ўсё пакінуць, трэба сыходзіць у самым хуткім часе? Найлепей – гэтай самай ноччу, да таго, як усе пакладуцца ў ложкі.

– Цудоўна! – перамог Фрода нарэшце горыч. – Быццам і не пераяжджаў зусім!

Вандроўнікі павесілі плашчы, паскідалі заплечнікі на падлогу й патэпалі за Мэры; ён урачыста расчыніў дзьверы ў дальнім канцы калідору – адтуль бліскала полымя, пыхкала пара.

– Лазьня! – загалёкаў Піпін. – Жыве найшаноўнейшы ягамосьць Мэрыядок!!

– Ну й як пойдзем? – спытаў Фрода. – Найстарэйшыя наперад ці найхутчэйшыя?.. Ці так, ці гэтак, але вы, спадару мой Перыгрыне, апошні!

– А давайце я за вас вырашу, – адгукнуўся Мэры. – Нельга ж пачынаць новае жыцьцё з сваркі ў лазьні. Там, у пакойчыку, ажно тры начоўкі ды паўнюткі катляр кіпню. I ручнікі, дыванкі, мылцы. Лезьце ды мыйцеся хутчэй!

Мэры з Фуфам скіраваліся ў іншы канец калідору – кухарыць, чараваць над позьняй вячэрай. З лазьні чуліся ўрыўкі лазенных песенек ды плёсканьне з вуханьнем. Раптам голас Піпіна перакрыў іншыя адной зь Більбавых самых улюбёных лазенных пяюшак:

Гэй! Да лазьні сьпякотнай – сьмялей! Змый бадзяньняў брыдоту хутчэй! Хто лазьні добрай ня хваліць, той ніколі ня знаўся з гарачай вадой!
Смагу прыцішыць летняй парою добра сьцюдзёнай крынічнай вадою, а ад гарачай – вось табе дзіва! – прагнецца моцнага, пеннага піва!
Слаўся, вада фантанаў высокіх, рэчак празрыстых, мораў далёкіх, а болей за ўсё хай славіцца тая, што ў лазьні парай сьпякотнай грае!

Тут пачуўся жудасны плёскат і Фродаў выгук "Вох!". Выдавала на тое, што ладная частка вады зь Піпінавай начоўкі палічыла сябе вадаграем – узьляцела да столі.

Мэры паклікаў зь дзьвярэй:

– Як наконт вячэры ды глыточку піва?

Выйшаў, выціраючы валасы, Фрода:

– Там столькі вады ў паветры, што я лепей пайду сохнуць на кухню.

– Бацюхны! – вымавіў Мэры, зірнуўшы ў лазьню: на каменнай падлозе можна было плаваць.

– Покі вы ўсё не падатраце, спадару Перыгрыне, вячэраць мы вам не дазволім. Пасьпяшайце, мы доўга чакаць ня будзем.

Вячэраць паселі на кухні, побач з агменем.

– Спадзяюся, вы грыбоў болей не жадаеце? – спытаў Фрэдэгар без асаблівай надзеі.