– Жадаем!! – зычна абвесьціў Піпін.
– Яны мае! – строга сьцьвердзіў Фрода. – Дадзеныя мне самой спадарыняй Блазнавай, каралеўнай усіх сялянскіх гаспадыняў. Лапы прэч! Я сам вам пакладу.
Трэба зазначыць, хобітава прага да грыбоў нашмат пераўзыходзіць найвялікшыя апэтыты даўгалыгіх – што часткова растлумачвае доўгія вылазкі малога спадарыча Торбінса на знакамітыя грыбныя палі Багнючынаў і таксама Блазнава шаленства. Ну, цяпер ужо грыбоў было досыць нават паводле хобіцкіх меркаваньняў. Вядома, тут знайшлося й яшчэ да чаго прыкласьціся, таму, калі скончылі вячэраць, нават Фуфа Норс уздыхнуў задаволена, хоць зь некаторай цяжкасьцю. Паджалюбаўшы, хобіты адсунулі стол і прысунулі фатэлі бліжэй да агменю.
– Ну, прыбярэм апасьля, – сказаў Мэры. – А зараз – распавядайце ўсё. Здэцца мне, вы прыгодаў сабе адшукалі – што нячэсна, бо безь мяне. Таму расповед чакаю найпадрабязьнейшы, а болей за ўсё мяне цікавіць, што такое зрабілася з старым Блазнам, што ён нават з мною гэтак размаўляў. Скажу больш: мне падалося, што ён спалохаўся, калі гэткае ўвогуле магчыма.
– Мы ўсе перапалохаліся, – пачаў Піпін пасьля пэўнай паўзы, цягам якой Фрода моўчкі пазіраў на полымя. – I ты таксама спужаўся б, каб за табою два дні гналіся Чорныя Вершнікі.
– Хто такія?
– Чорныя постаці верхам на чорных конях. Раз ужо Фрода маўчыць, я распавяду табе ўсю гэтую гісторыю ад самага пачатку, – і апісаў у падрабязнасьцях падарожжа з таго часу, як пакінулі Хобіцак. Сэм ківаў дый згаджаўся. Фрода маўчаў.
– Я падумаў бы: хлопцы, нешта вы мне лухту верзяце. Калі б ня бачыў сам той чорнай здані на прыпаромніку і каб ня Блазнаў голас. Мо ты нам што патлумачыш, Фрода?
– А, сваяк Фрода апошнім часам сакрэтнічае, – сказаў Піпін. – Ну, мяркую, досыць – час прызнацца. Блазан і той здагадаўся, што тут справа з кляйнодамі, якія прыдбаў падчас вандроўкі стары Більба.
– Гэта толькі здагадка, – прамармытаў Фрода пасьпешліва. – Блазан анічога ня ведае, анічога!
– У старога Блазна на плячох ёсьць галава, – сказаў Мэры. – Ён можа й ня выказаць шмат з таго, што ў ёй згатавалася, і паглядаючы на ягоны круглы твар, пра гэта аніяк не падумаеш. Я чуў, ён заходзіў і ў Старую пушчу. Кажуць, ён безьліч усялякіх дзіўнотаў ведае. А ты хоць бы нам прызнаўся: блізка патрапіў Блазан ці не?
– Мне падаецца, – працягнуў Фрода задумліва, – ён патрапіў досыць блізка. Так, гэта зьвязанае з той даўняй Більбавай прыгодай, і Чорныя Вершнікі шукаюць, а дакладней, перасьледуюць яго ці мяне. Я баюся, калі ўжо вы жадаеце ведаць, тут не да жартаў. I наўрад мне бясьпечна тут заставацца – тут ці дзе яшчэ.
Ён азірнуўся навокал, на вокны й дзьверы, нібыта чакаючы, што яны раптоўна адчыняцца. А хобіты пераглянуліся.
– Вось зараз, – прашаптаў Піпін Мэры. Мэры кіўнуў.
– Добра! – рашуча вымавіў Фрода нарэшце, выпрастаўшыся. – Болей я гэта ў сакрэце трымаць ня буду. Я павінен сказаць вам. Але ж я ня ведаю, як пачаць.
– Тады, можа, я табе дапамагу, – прапанаваў Мэры абыякава, – і сам пра тое скажу.
– Што ты маеш на ўвазе? – занепакоіўся Фрода.
– А тое, даражэнькі мой Фрода, што на душы ў цябе паскудна, бо ня ведаеш, як нам сказаць "бывайце". Вядома, ты даўно хацеў пакінуць Шыр. А небясьпека дагнала цябе раней, чым ты спадзяваўся, і цяпер ты вырашыў сыходзіць адразу ж. Таго не жадаючы. Нам надта цябе шкада.
Фрода адкрыў быў рот – і закрыў. Зьдзіўленьне на ягоным твары было такое сьмешнае, што хобіты зарагаталі.
– Дружа Фрода! – усклікнуў Піпін. – Ты сапраўды лічыў, што мы ні пра што не здагадваемся? Ды табе на гэта не хапае ані асьцярожнасьці, ані розуму! Відавочна, ты шчэ з красавіка плянаваў і ўсё разьвітваўся з сваімі ўлюбёнымі мясьцінкамі. Увесь час мармытаў: "Ці зірну я калі на гэтую даліну зноў", і накшталт таго. Рабіў выгляд, што скончыліся грошы, а каму сваю ўлюбёную Торбу прадаў? Кескам-Торбінсам! Дый шчэ з Гэндальфам усе твае гутаркі.
– Зямля й нябёсы! А я лічыў, што такі асьцярожны, усё так прыдумаў. Што ж цяпер Гэндальф скажа? Што, увесь Шыр цяпер гамоніць пра мой сыход?
– Не, не! – усклікнуў Мэры. – Пра гэта не турбуйся. Вядома, доўга твой сыход у сакрэце не захаваецца, але зараз ён вядомы, мяркую, толькі нам, змоўнікам. Мы ж цябе ведаем як аблупленага, часьцяком бачымся. Нам няцяжка здагадацца, пра што ты думаеш. Я добра ведаў Більба. I, шчыра кажучы, пільна сачыў за табою ад ягонага сыходу. Бо думаў: і ты сыдзеш раней ці пазьней, прычым хутчэй раней, чым пазьней. Апошнім часам мы надта непакоіліся. Баяліся, зьнікнеш зьнянацку, сам па сабе, як Більба. Зь вясны сачылі на ўсе вочы й самі плянавалі. Так што лёгка ты ад нас цяпер не ўцячэш.