Выбрать главу

– Але ж я мушу йсьці, – сказаў Фрода. – Тут ужо анічога ня зробіш, дарагія мае сябры. Вядома, гэта ўсім непрыемна, але затрымліваць мяне бессэнсоўна. Калі вы ўжо пра столькі здагадаліся, дык дапамажыце мне, не перашкаджайце!

– Ты не разумееш! – абурыўся Піпін. – Ты павінен ісьці – і мы таксама. Мэры й я пойдзем з табою. Сэм, вядома, увогуле найцудоўнейшы з хобітаў. У цмокаву глытку скочыць, каб цябе дастаць, калі перад тым за ўласныя лапы не зачэпіцца, вядома. Але ж табе патрэбна болей паплечнікаў.

– Дарагія мае, найшаноўнейшыя хобіты, – расчуліўся Фрода. – Я не магу гэтага дазволіць. Я даўно вырашыўся. Вы кажаце пра небясьпекі, але не разумееце, пра што гаворка. Гэта ня скарбы шукаць, не вандроўка туды-й-назад. Гэта ад адной сьмяротнае пасткі да іншае.

– Мы разумеем, – сказаў Мэры нязломна. – Таму й вырашылі йсьці з табою. Мы ведаем: пярсьцёнак – ня жарты. Але мы зробім што толькі зможам, каб дапамагчы табе супраць Ворага.

– Пярсьцёнак! – толькі й выдыхнуў Фрода, цалкам зьбянтэжаны.

– Так, пярсьцёнак. Даражэнькі мой, твае сябры не сьляпыя, і да таго ж цікаўныя. Я пра пярсьцёнак ведаю ўжо колькі гадкоў – шчэ да Більбавага сыходу. Але ж ён, відочна, лічыў пярсьцёнак сваёй таямніцай, ну, таму й я не трапаўся, пакуль мы не арганізавалі нашую змову. Вядома, я ведаў Більба ня так, як цябе. Я быў маладзейшы, ён быў асьцеражнейшы за цябе, але ўсё ж недастаткова. Калі жадаеш ведаць, як я вызнаў пра пярсьцёнак, магу распавесьці.

– Давай, – згадзіўся Фрода ледзь чутна.

– Гэта здарылася з-за Кескаў-Торбінсаў, як і трэ было чакаць. Недзе за год да Вечарыны йшоў я па дарозе, бачу: Більба наперадзе. Раптам зьявіліся Кескі, і да нас. Більба крыху прыпыніўся, а потым – бац! – і зьнік. Я так перапалохаўся, што ледзь скеміў сам схавацца – як-небудзь больш звыкла: пралез праз агароджу дый пайшоў уздоўж яе полем. Пазіраю на дарогу, на сьпіны Кескавы – і раптам Більба ўзьнікае прама перада мною! Я заўважыў нават, як ён нешта залатое сунуў у кішэню нагавіцаў. Пасьля таго я ўжо прыглядаўся, як мог. Прызнаюся, нават і падглядаў. Аднак, зразумей, гэтак мяне цягнула да таямніцы!.. I быў я шчэ зусім падлетак. Напэўна, толькі я адзін ва ўсім Шыры, акрамя цябе, бачыў Більбаву кнігу.

– Ты чытаў ягоную кнігу! – ускрычаў Фрода. – Да што ж гэта такое?! Анічагуткі нельга ў сакрэце захаваць?

– Ну, цалкам не. Але ж я толькі разок зірнуў, мімаходзь, і тое было няпроста. Ён жа сачыў за кнігай. Цікава, што зь ёю сталася? Я яшчэ паглядзеў бы. Ён пакінуў яе табе?

– Не. У Торбе яе не было. Напэўна, узяў з сабою.

– Ну, як я ўжо казаў, – працягнуў расповед Мэры, – я анікому ані слоўца да гэтай вясны. Тады ўжо справы пайшлі іншыя. Тады мы й стварылі нашую змову. А таму што справы былі ўжо досыць сур'ёзныя, мы й ня цацкаліся. Бо зь цябе паспрабуй што выцягні, а з Гэндальфа шчэ горай. Але калі жадаеш, каб мы пазнаёмілі цябе з нашым галоўным выведнікам, – калі ласка.

– Дык дзе ж ён? – спытаў Фрода, азіраючыся навокал, быццам чакаў, што якая-небудзь злавесная постаць у масцы вылезе з-пад канапы.

– Павітай спадара Фрода, Сэме! – сказаў Мэры, і Сэм устаў, пачырванеўшы да вушэй. – Вось ён, наш выведнік. Нямала здабываў, пакуль не злавілі. А потым, здаецца, палічыў сябе зьвязаным словам – і змоўк.

– Сэм! – усклікнуў Фрода, адчуваючы, што сягнуў апошняй мяжы зьдзіўленьня, і ня ведаючы, ці злуецца, ці радуецца, ці адчувае палёгку, ці цікавасьць, а можа, проста ўласнае глупства.

– Так, спадару! – адрапартаваў Сэм. – Прашу прабачэньня! Але я аніякай шкоды не хацеў ні вам, ні Гэндальфу. Бо ён жа, мусіць, меў рацыю, калі казаў вам на вашае "адзін пайду": не, вазьмі таго, каму давяраеш, во як.

– Ня бачу я, каму тут можна давяраць, – пахмура сказаў Фрода.

Сэм зірнуў на яго разгублена.

– Ну, гэта гледзячы як меркаваць, – умяшаўся Мэры, – калі хочаш, каб мы з табою йшлі скрозь агонь, ваду й медныя трубы да самага канца, дык можаш давяраць. I што таямніцу тваю мы захаваем ня горш за цябе – таксама. Але калі ты жадаеш сысьці на самоце, ані слова не сказаўшы, дый адному сягнуць усялякіх жудасьцяў – дык не. Мы – твае сябры. Карацей, мы ведаем, што табе казаў Гэндальф. Шмат чаго ведаем пра пярсьцёнак. Мы жахліва напалоханыя, але пойдзем з табою ці за табою, нібы сабакі па сьлядох.

– Увогуле, – дадаў Сэм, – эльфы ж вам гэна сама параілі. Гільдар казаў: вазьмі з сабою тых, хто хоча, – ужо ж ад гэтага вы не адмовіцеся!

– І ня стану адмаўляцца, – сказаў Фрода, прыглядаючыся да Сэма, які ўжо ўсьміхаўся. – Але калі наступны раз мне падасца, што ты сьпіш, я цябе нагою пхну памацней, каб праверыць. Ну, якія ж вы хітруны злаўмысныя, аёй! – усклікнуў, павярнуўшыся да астатніх. I засьмяяўся, устаючы, ды махнуў рукою. – Усё. Здаюся. Прымаю Гільдараву параду. Калі б толькі не небясьпекі наперадзе, напэўна, і заскакаў бы з радасьці! Нават і так, як жа добра! Я такім шчасьлівым ужо колькі не пачуваўся! А я ж так баяўся гэтага вечару!