– Згода! Значыць, вырашана. Ура, ура, ура капітану Фрода й ягонай камандзе! – загаласілі ўсе й заскакалі вакол яго. Мэры зь Піпінам засьпявалі песьню, якую, безумоўна, падрыхтавалі на такі выпадак загадзя. Прыдумалі яе яны на манер старога гномскага сьпеву, які Більба пачуў на самым пачатку сваёй авантуры доўгі час таму, і на тую самую мэлёдыю:
– Нядрэнна! – заўважыў Фрода. – Але ж тады нам яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, пакуль не пакладземся ў ложкі – пад дахам, хоць бы сёньня.
– Ну, дык тое ж паэзія, – сказаў Піпін. – Ты што, сапраўды зьбіраесься сыходзіць да сьвятла?
– Ня ведаю. Я баюся Чорных Вершнікаў і ўпэўнены – небясьпечна заставацца доўга на адным месцы. Асабліва ў тым, пра якое я абвесьціў на ўсю ваколіцу. Але я вельмі хацеў бы пабачыцца з Гэндальфам. Таксама й Гільдар раіў мне не затрымлівацца. Ведаеце, ён занепакоіўся, калі пачуў, што Гэндальф так і не зьявіўся. Увогуле, час, які ў нас ёсьць, залежыць ад дзьвюх рэчаў: першае – як хутка Чорныя Вершнікі здолеюць дабрацца ў Бычышчы; і другое – як хутка мы здолеем адсюль выбрацца. Бо трэба ж столькі сабраць і шмат пра што паклапаціцца.
– Адказ на другое тваё пытаньне, – азваўся Мэры, – такі: за адну гадзіну. За полем у пуні шэсьць поні, прыпасы спакаваныя, хіба што апраткі трэба дадаць ды той ежы, якая хутка псуецца.
– Дык у вас надта плённая змова, я бачу. А што з Чорнымі Вершнікамі? Ці можна тут дзень пачакаць Гэндальфа?
– Залежыць ад таго, што, на тваю думку, Чорныя Вершнікі зробяць з табою, злавіўшы. Яны ўжо цяпер маглі быць тут, аднак іх, безумоўна, затрымалі ў Паўночнай браме, дзе Засека падыходзіць да берагу, якраз ля мосту. Уночы вартаўнікі іх не прапусьцяць, хоць вершнікі могуць і праламіцца гвалтам. Я мяркую, нават і ўдзень варта паспрабуе іх затрымаць – хоць бы да таго часу, пакуль адправяць вестку гаспадару Прырэчнай сядзібы, бо вартаўнікам, бясспрэчна, выгляд гэтых зданяў не спадабаецца, дый напалохаюцца яны. Але ж калі яны пачнуць прабівацца сілаю, Прыбычча доўга не пратрымаецца. Ня трэба выключаць і таго, што раніцою нават Чорны Вершнік здолее спакойна праехаць, распытваючы пра спадара Торбінса. Бо ж амаль усім вядома, што ты сабраўся асталявацца ў Цвыркуновай Лагчыне.
Колькі часу Фрода маўчаў, мяркуючы.
– Я вырашыў, – абвесьціў ён нарэшце, – пойдзем раніцою, зь сьвятлом. I не па гасьцінцы – нават тут чакаць бясьпечней, чым ехаць па гасьцінцы. Калі я выйду праз Паўночную браму, пра мой сыход умомант усе даведаюцца. А так колькі дзён, магчыма, гэта пратрымаецца ў сакрэце. Болей за тое, не сумняюся: за мостам і Ўсходнім шляхам паблізу межаў сочаць, незалежна ад таго, здолеюць Вершнікі патрапіць у Прыбычча ці не. Мы ж ня ведаем, колькі іх. Як найменш два, а мо й болей. Нам застаецца толькі сысьці ў нечаканым для іх напрамку.
– Гэта значыць – у Старую пушчу! – спалохана ўсклікнуў Фрэдэгар. – Як вам толькі да галавы такое прыйшло! Яна ж небясьпечнейшая за Чорных Вершнікаў!
– Ну, не зусім, – сказаў Мэры. – Гучыць палахліва, але ж Фрода мае рацыю. Адзінае выйсьце для нас, каб сыходу не заўважылі. Калі пашанцуе, дык пакінем пагоню далёка за сьпінамі.
– Не пашанцуе вам у Старой пушчы! – запярэчыў Фрэдэгар. – Нікому не шанцавала. Згінеце! Туды аніхто ня ходзіць.
– Ходзяць, і яшчэ як! Бронь-Бычы ходзяць, калі панясе іх туды якая трасца. У нас і лазы свае ёсьць. I Фрода хадзіў калісьці, даўнютка таму. Я дык некалькі разоў – звычайна ўдзень, вядома, калі дрэвы сонныя й спакойныя.