Выбрать главу

– Ну, як вам заўгодна, – сказаў Фрэдэгар. – Мяне Старая пушча палохае больш за ўсё астатняе. Якія пра яе жудасьці распавядаюць! Але, вядома, мая рацыя тут не ў разьлік, бо я ж ня йду з вамі. I вельмі задаволены, што магу застацца тут і дачакацца Гэндальфа – упэўнены, ён неўзабаве зьявіцца – ды распавесьці яму, куды вы палезьлі.

Пры ўсёй вялікай павазе да Фрода Фуфа Норс ня меў жаданьня ані пакінуць Шыр, ані бачыць, што там, за ягонымі межамі. Сям'я ягоная паходзіла з Усходняга падзелу, з Бродаў, што ў Замосьці, аднак мост праз Бранявін ён ніколі не пераходзіў. Паводле пляну змоўнікаў, ён мусіў заставацца ў Цвыркуновай Лагчыне, каб супакойваць цікаўных хобітаў і рабіць выгляд, што спадар Торбінс яшчэ ў сядзібе. Нават і колькі старога Фродавага адзеньня прывезьлі, каб лепей маскавацца пад Фрода. Аднак змоўнікі не падумалі, як гэта можа быць небясьпечна.

– Цудоўна! – усьцешыўся Фрода, пачуўшы ўвесь плян. – Так ці інакш, цыдулу для Гэндальфа ўсё адно пакідаць нельга. Магчыма, гэныя Вершнікі й непісьменныя, але я ня стану рызыкаваць, пакідаючы запіску ў хаце, бо ж могуць і абшукаць. Калі Фуфа згадзіўся застацца тут і Гэндальф ужо дакладна даведаецца, куды мы выправіліся, дык я цалкам задаволены. Вырашана: раніцою рушым у Старую пушчу.

– Згода, – пагадзіўся Піпін. – Асабіста я лепей прайдуся па пушчы, чым, як Фуфа, дачакаюся тут Чорных Вершнікаў.

– Ты пачакай, пакуль у пушчу не патрапіш. Празь дзень ты яшчэ як пазайздросьціш мне, – зазначыў на тое Фуфа.

– Ну ўсё, вырашана, і спрачацца болей няма сэнсу, – сказаў Мэры. – Нам тут яшчэ прыбірацца й дапакоўвацца. Я пабуджу ўсіх на досьвітку.

Дабраўшыся нарэшце да ложка, Фрода некаторы час ня мог заснуць. Ногі балелі. Добра, што раніцою давядзецца ехаць, а ня тэпаць. Паступова Фрода заснуў і ўбачыў няясны, дзівосны сон, дзе ён, падавалася, паглядаў з высокай вежы на цьмянае мора адзічэлых, шчыльна пераплеценых дрэваў. Пад іх покрывам, ля каранёў, варушыліся, вышуквалі, вынюхвалі цьмяныя здані, і Фрода быў пэўны, раней ці пазьней яны яго вынюхаюць.

Потым аднекуль пачуўся гоман. Спачатку падумалася: моцны вецер узварушыў лясное лісьце. Потым здагадаўся: не, гэта гук далёкага мора, гук, які Фрода аніколі ўяве ня чуў, хоць той часьцяком трывожыў ягоныя сны. Раптам Фрода быццам апынуўся пасярод роўнядзі, змрочнай, бязьлеснай пустэчы. У паветры адчуваўся незнаёмы салёны пах. Падняўшы галаву, убачыў перад сабою высокую вежу, самотную, белую, на высокай гары. I адчуў моцную прагу ўскараскацца на вежу й пабачыць мора. Пачаў падымацца па схіле, але зьнянацку ў нябёсах бліснула маланка й пакаціліся грымоты.

6. Старая пушча

Калі Фрода раптоўна прачнуўся, у пакоі яшчэ было цёмна. Мэры зь сьвечкаю ў руцэ стаяў ля дзьвярэй і грукаў у іх.

– Ну? Што такое? – спытаў Фрода, зьбянтэжаны й сонны.

– Што такое? Раніца, трэба ўставаць! Ужо палова на пятую, давай-тка! Сэм ужо й сьняданак зладзіў. Нават Піпін падняўся. Я пайду асядлаю поні й прывяду пакладнага сюды. А ты абудзі лянотніка Фуфу! Няхай хоць бы правёў нас.

На пачатку сёмай усё спакавалі, уладкавалі й падрыхтаваліся самі. Фуфа Норс яшчэ пазяхаў. Ціхенька выбраліся з хаты. Мэры ішоў наперадзе, ведучы пакладнага поні па сьцежцы, што вяла праз зарасьці за сядзібай ды палі. Лісьце на дрэвах блішчэла вільгацьцю, кропала з кожнай галінкі. Трава была шэрая ад халоднай расы. Усё навокал падавалася вельмі спакойным, зацішным, далёкія гукі чуліся ясна й празрыста: птушкі гамоняць на падвор'і, нехта дзесьці зачыніў дзьверы ў хаце.

У пуні стаялі поні, цягавітыя маленькія коні пароды, якая болей за ўсё падабалася хобітам, – ня надта жвавыя, але вельмі здатныя для цяжкой і доўгай працы. Хобіты паселі ў сёдлы й паехалі праз туман, які, падавалася, неахвотна расступаўся перад імі – і адразу ж змыкаўся шчыльнай сьцяною. Ехалі з гадзіну, павольна й моўчкі, – і раптам пабачылі наперадзе Засеку, высокую, моцную, у срабрыстым восеньскім павуціньні.

– Як жа вы празь яе пераберацеся? – спытаў Фрэдэгар.

– Едзьма за мною, – адказаў Мэры, – і пабачыш.

Ён зьвярнуў леваруч, кіруючы ўздоўж Засекі. Хутка хобіты дабраліся да месца, дзе яна выгіналася ўсярэдзіну, абыходзячы па краі пагорку глыбокую лагчавіну. Непадалёк ад Засекі праз пагорак быў пракапаны ход з цаглянымі сьценамі. Сьцены змыкаліся над галавою, ператвараючы ход у тунэль, які паглыбляўся пад Засеку й выводзіў у лагчавіну за ёю.

Перад ходам Фуфа Норс спыніўся.

– Бывай, Фрода! Каб толькі вы ня ехалі ў пушчу... Спадзяюся, што не спатрэбіцца выратоўваць вас адтуль яшчэ да ночы. Шанцунку вам – сёньня й заўжды!