– Калі мне не патрапіцца нічога страшнейшага за Старую пушчу, значыць, сапраўды пашанцуе, – адказаў Фрода. – Скажы Гэндальфу, каб сьпяшаўся па Ўсходнім Шляху. Мы хутка на яго вернемся й затрымлівацца не зьбіраемся.
Разьвіталіся з Фуфам, паехалі ўніз дый зьніклі з Фрэдэгаравых вачэй у тунэлі. Там было цёмна й вогла. З другога боку тунэль загароджвала брама з тоўстых жалезных прутоў. Мэры зьлез з поні, адчыніў браму. Калі ўсе прайшлі, зачыніў зноў, ужо па той бок. Брама грукнула, замок шчоўкнуў. Гук падаўся злавесным.
– Ну вось, – сказаў Мэры, – мы й пакінулі Шыр. Цяпер мы на ўскрайку Старой пушчы.
– А гэтыя гісторыі пра яе – праўда? – спытаў Піпін.
– Ня ведаю, якія гісторыі ты маеш на ўвазе. Калі тыя жахалкі, якімі палохалі Фуфу ягоныя бабкі – пра гоблінаў, ваўкоў ды ўсялякае рознае, дык не. Ва ўсялякім выпадку, я ў іх ня веру. Але ж пушча сапраўды страшнаватая. Усё ў ёй, у параўнаньні з Шырам, нейкае жывое. Яно, падаецца, разумее, што робіцца навокал. А незнаёмцаў дрэвы ня любяць. Сочаць за імі. Звычайна ўдзень яны толькі й глядзяць, анічога болей. Ну, хіба што галіну скінуць, ці корань пад нагу вытыркнуць, ці аплятуць атожылкам. Але ж уночы горш, як мне казалі. Уночы я быў за Засекаю толькі раз ці два, і тое блізка да яе. Дрэвы тады нібыта перашэптваліся, ці змаўляліся, ці навінамі абменьваліся на незразумелай мове, і галіны калыхаліся без аніякага ветру. Кажуць, дрэвы насамрэч могуць рухацца, абкружыць і заціснуць. Колькі часу таму яны сапраўды падступіліся да Засекі, проста кранаючы яе, і нахіляліся над ёю. Тады хобіты выйшлі й пасеклі сотні дрэваў ды распалілі вялікае вогнішча ў лесе, выпаліўшы доўгую паласу ўздоўж Засекі. Тады дрэвы адступіліся, але зрабіліся вельмі нядобрыя. Непадалёк яшчэ ёсьць шырокая прагаліна, дзе было тое вогнішча.
– Тут толькі дрэвы небясьпечныя? – перапытаў Піпін.
– Я чуў, глыбока ў лесе, з другога боку, ёсьць і іншыя істоты, можа, больш незвычайныя ды благія, – адказаў Мэры, – але сам я ня бачыў іх. Адылі нехта робіць у лесе сьцежкі, і добра ўтаптаныя, і яны, здаецца, час ад часу перамяшчаюцца й зьмяняюцца. Непадалёк ад брамы ёсьць ці была калісьці шырокая сьцяжына на Выпаліну, туды, дзе хобіты дрэвы палілі. Нам якраз па дарозе, на ўсход і крыху на поўнач. Тую сьцяжыну я й паспрабую знайсьці.
Цяпер хобіты ехалі ад брамы па шырокай лагчавіне. Ад яе ўскрайку ледзь прыкметная сьцежка вяла да пушчы, але праз сотню крокаў ці блізу таго зьнікла, ледзь сягнуўшы дрэваў. Азірнуўшыся, хобіты згледзелі паміж стваламі, якія расьлі ўжо даволі шчыльна, цьмяны абрыс Засекі. А наперадзе бачыліся толькі дрэвы: прамыя, пакручастыя, пахіленыя, пагнутыя, тоўстыя, гонкія, гладкія, каржакаватыя, разгалінаваныя – і ўсе пазелянелыя ці нават пашарэлыя ад моху й сьлізкай, кашлатай цьвілі.
Мэры адзіны з усіх падаваўся ўзрадаваным.
– Ты лепей вядзі нас хутчэй ды знаходзь сваю сьцяжыну, – азваўся Фрода. – І трэба глядзець у два вокі, каб не згубіць адзін аднаго ды не забыцца, у якім кірунку Засека.
Асьцярожна прабіраліся паміж дрэвамі, і поні ступалі, пазьбягаючы пераплеценых крывых каранёў. Падлеску амаль не было. Рушылі ўсё ўгору й угору, дрэвы рабіліся ўсё больш змрочныя, тоўстыя ды высокія. Ані гуку ня чулася, адно калі кропля вады падала зь нерухомага лістка. Ня рухалася анічога, ані галінкі, але хобіты адчувалі, што за імі ўважліва сочаць, і надта нядобразычліва, каб не сказаць варожа. Непрыемнае гэтае пачуцьцё ўсё ўзмацнялася, пакуль хобіты не пачалі, амаль і самі не ўсьведамляючы, што робяць, азірацца, быццам каб засьцерагчыся ад нечаканага ліха.
Ані прыкметы сьцяжынкі не было, і дрэвы, падавалася, наўмысна захілялі шлях, перашкаджаючы ехаць. Піпін раптам адчуў, што больш ня здольны выносіць гэта й загаласіў:
– Гэ-эй! Я анічога дрэннага не раблю! Прапусьціце мяне, калі ласка!
Усе ўздрыгнулі й прыпыніліся, але ж крык нібы прыглушыла цяжкая завеса. Не было ні водгульля, ні водгуку, хоць дрэвы, выглядала на тое, шчыльней абступілі вандроўнікаў і пільней прыслухаліся.
– На тваім месцы я не лямантаваў бы, – папярэдзіў Мэры. – Шчэ горш зробіш.
Фрода меркаваў, ці мажліва ўвогуле знайсьці шлях праз гэты агідны лес і ці меў ён права цягнуць сюды сяброў. Мэры круціў галавою з боку ў бок – відавочна, ужо й ня ведаў, куды кіраваць. Піпін заўважыў гэта й зазначыў:
– Табе няшмат часу спатрэбілася, каб нас усіх заблытаць.
Але ў гэты самы момант Мэры сьвіснуў, задаволены, і паказаў наперад.
– Так, так! Гэтыя дрэвы сапраўды рухаюцца. Вунь яна, Выпаліна, перад намі. Ці нешта надта падобнае. А сьцяжына да яе зьнікла!