– Не, – адказаў Мэры. – Бо ня ведаю, у якім месцы мы выйшлі да Іўі, і аніякага ўяўленьня ня маю пра тое, хто сюды гэтак часта завітвае, што й сьцежку набіў. Але не магу ўявіць для нас аніякага іншага выйсьця.
Сапраўды, анічога рабіць не заставалася, як пайсьці цугам за Мэры па сьцежцы. Паўсюль травы й чараты былі высачэзныя, месцамі гайдаліся над галовамі, але па прыкметнай сьцежцы ісьці было няцяжка, яна абыходзіла яміны й багны, вяла па цьвярдзейшай глебе. Часам перасякала рачулкі, якія сьцякалі па цясьнінах з пушчы, і там праз ваду былі перакінутыя ды добра прыладжаныя ствалы дрэваў ці вязкі сукоў.
Зрабілася надзвычай сьпякотна. Суцэльныя легіёны мух розных колераў і памераў жужжэлі ля самых вушэй, надвячоркавае сонца паліла сьпіны. Нарэшце напаткалі сякі-такі цень: вялізныя шэрыя сукі працягнуліся над сьцежкаю – і санлівасьць цалкам авалодала хобітамі. Кожны крок наперад даваўся ўсё цяжэй. Санлівасьць нібыта сачылася зь зямлі, паўзла ўгору па нагах, нячутна ападала з паветра на галовы й вочы.
Фрода зусім апусьціў вочы й пачаў торкаць носам. Прама перад ім Піпін увогуле ўпаў на калені. Фрода прыпыніўся. I пачуў, як Мэры кажа:
– Сэнсу аніякага. Шчэ крок – і з ног звалюся. Трэба саснуць крышачку. Тут, пад лозамі. Тут сьвяжэй і мух меней.
Фрода тое не спадабалася. Ён крыкнуў:
– Трэба йсьці! Нам нельга тут заставацца! Найперш выйдзем з пушчы!
Але астатнія ўжо не зьвярталі ўвагі. Сэм стаяў, пазяхаючы, ды дурнавата міргаў вачыма.
Раптам Фрода пачуў, як і яго апаноўвае сон. Паплыла галава. Падавалася, усё зьбязгучыла – нават мухі болей не гулі. Толькі ледзь чутны, недзе на самым ускрайку слыху, гук, быццам неразборлівы ціхуткі сьпеў, далятаў аднекуль зьверху, ад шэрых галінаў. Фрода падняў ацяжэлую галаву й убачыў перад сабою велізарную, нахіленую ў ягоны бок, лазу, каранястую, вузлаватую, старую. Яна выглядала надзвычай вялікаю, з сучышчамі, нібы працягнутыя рукі зь безьліччу пальцаў, з шырокімі шчылінамі на пакручаным, скарузлым ствале. Галіны варушыліся ў вышыні, і расколіны ціхенька парыпвалі. Сыпалася лісьце, мільгацела ў Фродавых вачох, кружыла галаву – пакуль ён не абрынуўся ніцма на траву проста там, дзе стаяў.
Піпін з Мэры дабрылі да закарэлага ствала й паселі, абапершыся аб яго сьпінамі. Калі дрэва гайдалася на ветры, за імі шырока адчыняліся здаравезныя шчыліны – нібыта ашчэраныя пашчы. Хобіты глядзелі на жоўта-шэрае лісьце, якое павольна лунала, мільгала, адгароджваючы сонца, і нібыта сьпявала. Яны заплюшчылі вочы – і тады, ім падалося, у гэтым сьпеве пачуліся халодныя словы, нешта пра ваду й сон. І, паддаўшыся ім, хобіты моцна заснулі сярод каранёў вялізнай старой лазы.
Фрода ж ляжаў колькі часу, змагаючыся з жаданьнем заснуць, але потым усё-ткі знайшоў сілы падняцца на ногі. Ён прагнуў вады, халоднай, сьвежай вады.
– Ты мяне пачакай, Сэме, – прамармытаў ён. – Я толькі хвіліначку ногі апаласну.
Сонны, дакульгаў да струменю ля дрэва, чые магутныя кручаныя карані працягнуліся ў раку, нібы цмачаняты на вадапоі. Усьсеўся на адзін зь іх, пабоўтаў нагамі ў прахалоднай бурай вадзе – і таксама моцна заснуў, прываліўшыся сьпінаю да дрэва.
Сэм сеў, пачухаў патыліцу, пазяхнуў, ледзь ня вывіхнуўшы сківіцу. Яму было неспакойна. Надвячорак толькі набліжаўся й гэткая раптоўная санлівасьць падавалася яму падазронай і ненатуральнай.
– Тут ня проста сьпякота й духата, – прамармытаў ён сабе пад нос. – Нешта мне гэтае вялізманае дрэва не падабаецца. Не давяраю я яму. Толькі прыслухацца – яно ж пра сон сьпявае! Нічога сабе справы!
Ён прымусіў сябе ўстаць і, яшчэ хістаючыся, пайшоў зірнуць, што там з поні. Вынайшаў, што два зь іх забрылі далёка па сьцежцы. Ён злавіў іх і павёў назад – і толькі пасьпеў прывесьці, як раптам пачуў два гукі: адзін надта гучны, нібыта ўсплёск нечага цяжкога, што звалілася ў ваду, а другі ціхі, але вельмі адбітны, нібыта шчоўкнуў замок ахайна зачыненых дзьвярэй.
Сэм кінуўся да вады. Фрода ляжаў у хвалях побач зь берагам, і вялізны корань нібыта прыціскаў яго, не даючы ўсплысьці, а Фрода й не супраціўляўся, не варушыўся. Сэм ухапіў яго за куртку й выцягнуў з-пад кораня, а потым, напружыўшыся што моцы, з вады на бераг. Амаль адразу ж Фрода абудзіўся ды закашляўся, выплёўваючы ваду.
– Ведаеш, Сэме, – сказаў нарэшце. – Гэтае мярзотнае дрэва штурхнула мяне ў ваду! Сапраўды! Гэны корань выгнуўся ды пхнуў мяне!
– Здаецца мне, вы заснулі, спадару Фрода. Сядаць у гэтакім месцы ня трэба, калі спаць хочацца.
– А што з астатнімі? Цікава, якія сны ім прысьніліся?