Выбрать главу

Шыр падчас нашага расповеду амаль што й ня меў аніякага "ўраду". Рады самі вырашалі свае справы. Вырасьціць ежу ды зьесьці яе – гэта й займала большасьць хобіцкага часу. У іншых справах хобіты былі звычайна шчодрыя, не зайздросьлівыя й на лёс асабліва не наракалі, таму сядзібы, фэрмы, майстэрні ды крамкі мірна пераходзілі ад бацькоў дзецям з пакаленьня ў пакаленьне.

Вядома, яшчэ памяталі й пра ўладу караля ў Форнасьце, ці, як яго называлі хобіты, Паўночнай Гародні. Між тым караля на поўначы не было ўжо болей за тысячу гадоў і руіны Паўночнай Гародні парасьлі травой. Але ж хобіты яшчэ казалі пра разбэшчаных ды нягодных істотаў (накшталт троляў), што яны – без караля ў галаве. Самі хобіты лічылі, што ўсе законы паходзяць з старажытнасьці, менавіта ад каралёў, і законам гэтым падпарадкоўваліся з уласнага жаданьня, таму што былі каралеўскія законы Правільнымі статутамі (як самі хобіты кажуць) – і старажытнымі, і справядлівымі.

Здаўна Хваты былі, бясспрэчна, найвыдатнейшым родам Шыру. Некалькі стагодзьдзяў таму пасада тана перайшла да іх ад Старабычаў, і найстарэйшы Хват дасюль носіць тытул тана. Тан склікае агульнашырскі сход і ўзначальвае шырскае рушэньне й шырскае войска. Але робіцца гэта толькі падчас вялікай небясьпекі, якой ужо даўно не здаралася, і таму танства цяпер, хутчэй, проста ганаровае прозьвішча. Хваты карысталіся й карыстаюцца асаблівай павагай, бо яны й шматлікія, і надзвычай заможныя. Яшчэ ў кожным іх пакаленьні абавязкова нараджаўся які-небудзь дзіўнаваты ці нават авантурнага складу Хват. На гэткія рысы характару хобіты паглядалі кепска, аднак ставіліся ўсё ж досыць цярпліва (дзівосы багатых, вядома). Усталяваўся звычай клікаць найстарэйшага ў гэтым родзе Наш Хват, дадаючы да імя, калі трэба, і нумар: напрыклад, Ізенгрым Другі.

Адзіным сапраўдным прадстаўніком шырскай улады ў той час быў галава Міхальскага Выкапу (і ўсяго Шыру), якога выбіралі раз на сем гадоў на Вольным кірмашы ў Белых Панізьзях на Ліпкі – сьвята паловы лета. Галава меў адзіны афіцыйны абавязак у якасьці менавіта галавы – ачольваць бяседы з нагоды шырскіх сьвятаў, даволі частых. Аднак жа пасады Галоўнага Паштмайстра ды Шырыфа сумяшчаліся з кіраўніцтвам, і таму яму даводзілася й Пошту даглядаць, і Ахову. Толькі гэтыя дзьве афіцыйныя ўправы ў Шыры й меліся. Пошта рабіла нашмат болей клопатаў за Ахову. Пісьменнымі былі далёка ня ўсе хобіты, але ж тыя, што былі, няспынна пісалі й пісалі ўсім сваім сябрам (і выбранай частцы сваякоў), калі толькі тыя жылі за межамі пасьлясьняданкавага шпацыру.

Шырыфамі хобіты называлі сваіх ахоўнікаў, вартаўнікоў спакою й дабрабыту. Вядома, нейкай асаблівай уніформы ў іх ня мелася (бо што такое "ўніформа", хобіты ня ведалі), насілі на капелюшы пяро й вартавалі пераважна зьвяроў – каб у якую псоту ня ўлезьлі. Было іх па тры ў кожным падзеле – для Ўнутраных справаў, як кажуць. Крыху болей склікалася – у залежнасьці ад патрэбы – даглядаць за межамі ды сачыць, каб прышлыя, вялікія ці малыя, шкоды не нарабілі.

На пачатку нашага расповеду колькасьць прымежнікаў, як іх называлі, значна павялічылася. Тут і там пасельнікі скардзіліся на чужынцаў ды ўсялякіх пачвараў, што шлындаюць ля межаў ці нават па-за імі. Бо падступалі часы небясьпечныя, вядомыя толькі з даўніх паданьняў ды казак. Зрэдку хто зьвяртаў увагу на трывожныя прыкметы пераменаў, нават і сам Більба. Шэсьцьдзесят гадоў мінула зь ягонай помнай вандроўкі, ён сягнуў узросту вельмі старога нават паводле хобіцкіх вымярэньняў, бо хобіты звычайна дажывалі да сотні й болей. Скрыні з здабыткам, прывезеным з той вандроўкі, відавочна, былі далёка да спусташэньня, а ў якой ступені далёка, Більба не распавядаў нікому, нават свайму самаму ўлюбёнаму пляменьніку Фрода. А яшчэ Більба захоўваў, анікому не паказваючы, дзівосны пярсьцёнак, які прыдбаў падчас той вандроўкі.

4. Пра знаходку пярсьцёнка

Як пра тое распаведзена ў "Хобіце", аднойчы ля Більбавых дзьвярэй зьявіўся вялікі чараўнік Гэндальф Сівы, а зь ім – трынаццаць гномаў: сам нашчадак каралёў Торын Дубатарч і дванаццаць спадарожнікаў яго выгнаньня. Зь імі Більба, не перастаючы зьдзіўляцца гэткай сваёй дзёрзкасьці, красавіцкай раніцою 1341 году паводле шырскага адліку выправіўся па вялікі скарб гномскіх Каралёў-пад-Гарой да Эрэбару ў Доле, далёка на ўсходзе. Авантура завершылася пасьпяхова, цмок, які ахоўваў скарб, загінуў. Пасьля гібелі цмока адбылася Бітва Пяці Войскаў, у якой загінуў Торын. Шмат гераічнага зьдзейсьнілася, але ж усё было б вартае ня болей як некалькіх радкоў у доўгім летапісе Трэцяй эпохі, калі б не маленькі выпадак (магчыма, зусім не выпадковы выпадак). На высокім перавале праз Туманныя горы па шляху да Дзіказем'я на вандроўнікаў напалі оркі. I так здарылася, што Більба згубіўся ў чорных оркаўскіх тунэлях глыбока пад гарамі й там, у паўнюткай цемры, навобмацак натрапіў на пярсьцёнак, які ляжаў на падлозе. Більба падалося – пашанцавала дый усё. Ён схаваў пярсьцёнак у кішэню.