Выбрать главу

Абышлі дрэва кругам – і тут Сэм зразумеў, які ж такі "шчоўк" ён пачуў. Піпін зьнік. Шчыліна, ля якой ён ляжаў, зачынілася – нават і дзірачкі аніякай не засталося. Другая шчыліна схапіла Мэры ўпоперак цела, вонкі засталіся толькі ногі, а рэшта была ўнутрох, у цёмнай дзірцы, краі якой сьціснуліся, нібы абцугі.

Спачатку Фрода з Сэмам калацілі па дрэве ў тым месцы, дзе ляжаў Піпін. Пасьля адчайна намагаліся рассунуць краі шчыліны, якая схапіла небараку Мэры. Усё бяз сэнсу.

– Ды што ж гэта за мярзота творыцца? – ускрычаў Фрода разьюшана. – Чаго толькі нас панесла ў гэтую пушчу? Лепш бы мы засталіся ў Прыбыччы!

I пхнуў дрэва што моцы нагою, ня думаючы, што толькі паб'е нагу. Ледзь прыкметныя дрыжыкі прабеглі па кары, паварушыліся галіны. Лісьце зашапацела, зашаптала, нібы далёкі, ледзь чутны сьмех.

– Калі не памыляюся, спадару Фрода, сякеру мы з сабою не захапілі? – спытаў Сэм.

– Толькі маленькую, секчы галіны для вогнішча. Наўрад ці яна дапаможа.

– Пачакайце хвілінку! – выклікнуў Сэм, у якога слова "вогнішча" абудзіла ідэю. – Полымя! Нам дапаможа полымя!

– Магчыма. Магчыма таксама, што мы жыўцом засмажым Піпіна прама ў дрэве.

– Ну, трэ паспрабаваць пашкодзіць дрэву дый запалохаць яго, – заявіў Сэм рашуча. – Калі яно іх ня выпусьціць, я яго звалю, нат калі зубамі грызьці давядзецца.

Пабег да поні й вярнуўся з двума красаламі й сякеркай. Хутка сабралі сухую траву і лістоту, кавалкі кары, кучу наламаных галінак і пасечаных сукоў. Сэм высек іскру – занялася трава, заскакалі язычкі полымя й пацягнуўся ўгору дымок. Галіны затрашчалі. Полымя лізнула высахлую кару старога дрэва, апаліла яе. Дрыжыкі пабегла па ствале, і лісьце над галавою зашыпела ад болю й нянавісьці. I тут Мэры загаласіў, а з глыбіні дрэва данёсься прыглушаны Піпінаў крык.

– Загасіце! Загасіце! – лямантаваў Мэры. – Бо ён надвое перацісьне мяне! Ён так кажа!

– Хто? Чаго? – усклікнуў Фрода, абягаючы дрэва.

– Гасіце, гасіце! – енчыў Мэры.

Галіны старой лазы захісталіся, затрэсьліся, і пачулася: быццам бы вецер узьняўся, пабег па лісьці ўсіх вакольных дрэваў, нібыта камень кінулі ў ціхую затоку рачной даліны й хвалі злосьці пабеглі па ўсім лесе. Сэм раскідаў нагамі маленькае вогнішча, затаптаў вугольле. А Фрода, сам кепска ўсьведамляючы, што робіць, на што спадзяецца, пабег па сьцежцы й загаласіў: "Ратуйце! Ратуйце!" Падавалася, што пранізьлівае галашэньне не далятае нават да ягоных уласных вушэй: як толькі словы пакідалі вусны, іх зносіў вецер, узьняты лазою, дый тапіў у гомане лісьця. Адчай завалодаў Фрода: што рабіць, куды бегчы?

Раптам спыніўся. Вось і адказ, водгалас на ягоны лямант, ці толькі падалося. Ён далятаў аднекуль ззаду, з глыбіні пушчы. Фрода азірнуўся, прыслухоўваючыся, і хутка ўпэўніўся: нехта сьпявае, моцным, вясёлым голасам, сьпявае шчасьліва й бесклапотна, але ж нейкую бязглузьдзіцу:

Скок, так! Ветрык грук! Лісьце варушылі! Дзінь-донь! Вербы кронь! Вунь загаманілі! Том, Бам! Добры Том, Томе Бамбадзіле!

Напаўабнадзеяныя, напаўпераляканыя верагоднай новай небясьпекай, Фрода з Сэмам стаялі нерухома. Зьнянацку з доўгай чарады незразумелых словаў (ці яны толькі падаваліся словамі?) склалася песьня, гучная й ясная:

Гэй, гоп! Скок ды топ! Чуеш, маё дзіва? Летні ветрык над ракою скача гаманліва! Дачакайся ж, мая краска, зорка-вясялінка, Маё сонейка-паненка, срэбная дажджынка! З-за гары і праз гару, з кветкамі ў далоні Стары Том да прыгажуні, Іўі-рэчкі доні, Цуд лілеяў ад затокаў несьці пасьпяшаецца! Добра Тому скачацца, весела сьпяваецца! Гэй, гоп! Тук ды топ! Рэчка ды крынічка! Зьнічка-Златачка мая, птушачка-сунічка! Да цябе Бамбадзіл з кветкамі вяртаецца. Хрыч Лазьняк, злы Лазьняк хай тут не мяшаецца! Вечар цёплы над ракою хутка апускаецца, Спрытна Тому скачацца, весела сьпяваецца!

Фрода з Сэмам стаялі, нібыта зачараваныя. Вецер сьцішыўся, і лісьце маўкліва павісла на нерухомых галінах. Зноў загучала песьня, і раптам, прыскокваючы ды падскокваючы ўздоўж сьцежкі, над чаратамі зьявіўся стары падраны капялюш – высачэзны дый з доўгім блакітным пяром за аколышам. Капялюш скокнуў яшчэ раз ці два, і за ім узьнік ягоны гаспадар. Чалавек, ці гэтак падалося хобітам. Бо для хобіта ён быў надта ж высокі й вялікі, хоць, напэўна, для чалавека малаваты, але гармідару рабіў ня менш за людзей, тупочучы здаравеннымі жоўтымі ботамі на тоўстых нагах ды ломячыся праз кусты й чараты, нібы карова да вадапою. Апрануты ён быў у блакітны жупан, меў доўгую рудую бараду, вочы – пранізьлівыя, блакітныя, а твар чырвоны, рыхтык сьпелы яблык, з мноствам зморшчынак-сьмяшынак. У руках нёс на вялікім лісьце, што на падносе, колькі белых рачных лілеяў.