Выбрать главу

– Дапамажыце! – загаласілі Фрода з Сэмам і кінуліся насустрач, выцягнуўшы рукі перад сабою.

– Ну? Хто тут, га? – усклікнуў чалавек, узьняўшы руку, і хобіты зьнянацку спыніліся, нібыта аслупянелыя. – Ну, мае сябручкі, мае маленькія, і куды гэта вы так, даражэнькія, бы мяхі пыхкаючы? Што ж тут робіцца, што дзеецца? А хто я, вы ведаеце? Я Том Бамбадзіл. Што хвалюе вас, малыя? Бачыце, сьпяшаюся! Ды лілеі мае не папарасьцісьніце!

– Маіх сяброў схапіла лаза! – выпаліў Фрода.

– Спадара Мэры заціснула ў шчыліну! – крыкнуў Сэм.

– Што? – усклікнуў Том, падскочыўшы. – Стары Лазьняк? I болей нічога? Ну, з гэтым хутка зладзім мы. Сьпеў мне для яго вядомы. Стары шэры хрыч Лазьняк! Як ня выправіцца зараз, сарцавіну замарожу, карані яму сурочу. Вецер напяю яму, каб лістоту стрэсла, каб гальлё паабламала! Стары хрыч Лазьняк!

Асьцярожна паклаўшы лілеі на траву, ён падбег да дрэва. Ды пабачыў Мэрывы ступакі – усё астатняе дрэва ўжо ўцягнула. Том нахіліўся да шчыліны, амаль дакрануўшыся да яе вуснамі, і ціхенька засьпяваў. Хобіты не разабралі словаў, але на Мэры яны, відавочна, неяк падзейнічалі, бо ён задрыгаў нагамі. Том адскочыў і, абламіўшы галіну, джгнуў ёй па дрэве.

– Што задумаў, га, Лазьняк? Ты чаго прачнуўся?! Караніся! Пі ваду! Глыбока ўкапайся! Табе кажа Бамбадзіл: сьпі, не прачынайся!

Тады схапіў ногі Мэры – дый выцягнуў з шчыліны, якая раптоўна расчынілася. Тут пачуўся аглушальны трэск, разявілася яшчэ адна дзірка, і адтуль вылецеў Піпін, нібыта ад высьпятка па азадку. З гучным храскам абедзьве шчыліны зачыніліся. Дрыготка прабегла па дрэве ад каранёў да вяршыні – і ўсё заціхла.

– Дзякуй вялікі вам, – сказалі хобіты Тому па чарзе.

А той зарагатаў.

– Так вось, хлопчыкі мае, сябры мае міленькія! – азваўся, нахіляючыся, каб зірнуць ім у твары. – Пойдзем-тка да мяне на гасьціну! Ёсьць у мяне пачастунак: досыць мёду, масла, хлебца белага й сьмятанкі. Залацінка мая, Златачка-сунічка зачакалася! За сталом спытаеце, чаго б ні пажадалася! А цяпер за мной пасьпяшайцеся ды хутчэй намагайцеся!

З гэтымі словамі ён падняў лілеі, запрашальна махнуў рукою ды пакрочыў, прыскокваючы ды прытанцоўваючы, па сьцежцы на ўсход, зноў гучна сьпяваючы ранейшую бяссэнсіцу. Надта зьдзіўленыя й узрадаваныя выратаваньнем, каб распытваць, хобіты пасьпяшаліся за ім колькі моцы. Але моцы не ставала. Том хутка зьнік наперадзе, і ягоная песьня ўсё слабела ў далечыні. Раптам ягоны голас пачуўся гучна й выразіста:

Пасьпяшайцеся па сьцежцы, па даліне рэчкі, Том наперад пабяжыць, у вакенцы сьвечкі Хабіцятам запаліць, каб не заблукаліся Ды навобмацак па цемры каб не прабіраліся, Не баяліся зьвяроў, гушчароў-абшараў, Караніскаў, ды сукоў, ды злавесных чараў. Том наперадзе паскача, Том і патурбуецца Ды бяседаю сустрэць хлопцаў падрыхтуецца!

Больш яны не пачулі анічога. Ужо й сонца схавалася за дрэвы, і хобіты ўзгадалі, як вечаровыя промні люструюцца ад Бранявіну, як вокны Бычышчаў асьвятляюцца сотнямі вагеньчыкаў. Чорныя цені леглі на даліну. Дрэвы пагрозьліва нахіліліся над сьцежкаю, працягнулі галіны. Над вадою заклубіўся белы туман, папоўз між каранямі прыбярэжных дрэваў. З самай глебы пад нагамі ўздымалася прывідная пара, мяшаючыся зь цемраю.

Сьцежку ў змроку было амаль не разабраць, і хобіты жудасна стаміліся. Ногі наліліся сьвінцом. Дзіўныя таемныя гукі даносіліся з чаратоў і кустоўя аберуч. Калі пазіралі ўгору, заўважалі вусьцішныя, крывыя, заскарузлыя твары, што цікавалі, высоўваючыся зь вечаровага змроку ад ускрайку лесу, з абрыву даліны, кпліва пасьміхаліся. Хобіты адчулі, нібыта ўсё навокал – несапраўднае, нерэальнае, што яны быццам брыдуць праз злавесны сон і аніяк не дабяруцца да абуджэньня.

Калі адчулі, што ногі перастаюць варушыцца, сьцежка павяла ўгору. I рака пачала пашумліваць. Празь цемру бачылася нават і пена – там, дзе вада зьбягала зь невялікага вадаспадзіку. Раптам абапал і наперадзе ня стала дрэваў і туман застаўся за сьпінамі. Хобіты выйшлі зь лесу й убачылі шырокі травяністы схіл, які павольна ўздымаўся перад імі. Рака, ужо зусім маленькая й жвавая, зьбягала ўпрыскок насустрач ім, пабліскваючы тут і там у сьвятле першых зораў.