Выбрать главу

Трава пад нагамі была мяккая, кароткая, нібы падстрыжаная ці пакошаная. I дрэвы на ўзьлеску таксама былі падрэзаныя й выглядалі як жывая агароджа. Сьцежка ператварылася ў добрую дарогу, дагледжаную ды абкладзеную па бакох каменьчыкамі. Яна вяла на вяршыню травяністага пагорку, шэрага ў няпэўным зорным сьвятле, а зь яго, яшчэ вышай, на супрацьлеглым схіле, мігцелі зіхоткія агеньчыкі хаты. Дарога павяла ўніз і зноў угору, па доўгім гладкім схіле, да агеньчыкаў. Раптам усё асьветлілася зыркім жоўтым сьвятлом ад расчыненых дзьвярэй. Хобітаў вітала хата Тома Бамбадзіла. За ёю ляжаў голы шэры пагорак з стромымі схіламі, а далей, на ўсходзе, губляліся ў ночы змрочныя абрысы Лысагор'я.

I хобіты, і поні засьпяшаліся наперад. Быццам разам пазбавіліся ад усялякага страху й ад паловы стомленасьці. I пачулі:

Гэй, топ! Стук і скок! Госьці, павітаймася! Хабіцяты! Поні-коні! Ну-тка, пабалюймася! За бяседу, за вячэру! Засьпявайма разам!

I другі голас, юны й спракаветны, нібы вясна, нібы чыстая крыніца на горным схіле ці зыркая раніца, што працінае ноч, срэбрам зазьвінеў насустрач ім:

Баляваць прыйшла пара! Разам засьпяваем! Пра дажджы, віхуры, зоры, пра туман над гаем, Пра сьвятло на юным лісьці, пра расінкі зранку, Цёплы вецер на пагорку ды траву ля ганку, Верасы над цёмным ярам, месяц ціхай ночкай, Пра старога Бамбадзіла зь Іўі-рэчкі дочкай!

I з гэтай песьняй хобіты крочылі за ганак, і залатое сьвятло агарнула іх.

7. У хаце Тома Бамбадзіла

Чатыры хобіты крочылі за шырокі каменны ганак і сталі міргаючы. Перад імі быў доўгі нізкі пакой, заліты сьвятлом лямпаў, што зьвісалі з бэлек. На стале зь цёмнага сьлігтаванага дрэва стаяла мноства сьвечак, высокіх, жоўтых, зыркіх.

У дальнім канцы пакою ў фатэлі сядзела кабета. Доўгія жоўтыя валасы струменілі ёй на плечы, на сукенку – зялёную, вышытую срэбрам, бы малады чарот у кроплях расы. Сукню абвіваў залаты пас – ланцуг зь пераплеценых лілеяў, аздоблены сьветла-блакітнымі вачанятамі незабудак. Ля ног панны ў шырокіх зялёных і рудых гліняных пасудзінах з вадою плавалі белыя лілеі, і яна здавалася каралеўнай на стальцы пасярод возера.

– Уваходзьце, шаноўныя госьці! – запрасіла яна, і хобіты зразумелі, што гэта яе чысты голас яны чулі ў змроку на схіле.

Яны баязьліва крочылі наперад і пачалі нізка кланяцца, нечакана пачуваючыся надзіва няёмка, быццам пагрукалі ў дзьверы простай сялянскай хаты, каб папрасіць вады, а ўбачылі перад сабою чароўную эльфскую каралеўну, апранутую ў жывыя кветкі. Але не пасьпелі хобіты нічога вымавіць, як яна паднялася, лёгка пераскочыла чарапкі, падбегла, сьмеючыся, а яе сукенка нягучна шапацела на бягу, нібыта вецер у заквітнелых зарасьцях рачных берагоў.

– Праходзьце, даражэнькія! – сказала, узяўшы Фрода за руку. – Сьмейцеся, весяліцеся! Я Злата, дачка ракі.

Потым лёгка крочыла да дзьвярэй, зачыніла, павярнулася да іх сьпінаю, захіліла рукамі.

– Адгародзімся ад ночы! Бо вы, пэўна, шчэ баіцеся туманоў ды лясных ценяў, глыбокай вады й дзікіх пачвараў. Ня бойцеся! Цяпер вы пад дахам Тома Бамбадзіла!

Хобіты зьдзіўлена зірнулі на яе, а яна паглядзела на кожнага й усьміхнулася.

– Чароўная гаспадыня, пані Злата! – вымавіў Фрода нарэшце, адчуваючы ў сэрцы невыказную радасьць. Нібы, як калісьці, замілаваны цудоўнымі эльфавымі галасамі, але й ня цалкам падобна, бо радасьць гэтая была не такая далёкая й узвышаная, а бліжэйшая да сэрца, раднейшая – чароўная, ды быццам знаёмая.

– Чароўная гаспадыня! – вымавіў ён зноў. – Цяпер я сапраўды разумею, пра якое дзіва сьпявалася ў песьнях!

Дачка чароўнае ракі! Званчэй ад кроплі звонкае! Чысьцей ад чыстае вады! Гнутчэй ад вербы тонкае! Сьвятлей за сьветлую вясну ды лета за вясною! Заўжды вясна – і ветру сьмех над ціхаю ракою!

Раптам ён змоўк, запнуўшыся, ня змогшы перамагчы подзіў ад таго, што вось так зьнянацку прамаўляе. А Злата засьмяялася.

– Калі ласка! Я й ня чула аніколі, што шырскія хобіты гэткія майстры-дабрасловы! Але ж, відаць, ты Сябра Эльфаў, бо ў тваіх вачох сьвятло, а ў голасе звонь. Якая добрая сустрэча! Сядайце, пачакайма гаспадара. Ён хутка вернецца, толькі дагледзіць вашых стомленых конікаў.