Выбрать главу

Хобіты ахвотна паселі ў нізенькія трасьняговыя крэслы, пакуль Злата ладзіла вячэру. За ёй назіралі зь вялікім задавальненьнем, бо ад грацыёзных яе рухаў на серцы рабілася спакойна й радасна. Аднекуль з-за хаты далятаў сьпеў. Час ад часу хобіты чулі сярод шматлікіх "Скок-так!" ды "Гэй, хоп!" словы:

Бамбадзіл, стары Том, сьмешлівы ды спрытны! Боты жоўтыя на ім, а жупан блакітны!

– Наймілейшая панна, – спытаў нарэшце Фрода. – Калі маё пытаньне не падасца вашэці зусім глупствам, скажыце мне: хто ж такі Том Бамбадзіл?

– Ён такі, – адказала Злата, прыпыніўшыся й усьміхнуўшыся.

Фрода зірнуў на яе запытальна.

– Ён менавіта такі, якім ты яго бачыш, – адказала яна на ягоны позірк. – Ён – Гаспадар лесу, водаў ды пагоркаў.

– Дык тады ўся гэтая дзівосная зямля належыць яму?

– Не, зусім не! Як гэта было б цяжка й нудна, – сказала яна, ужо не ўсьміхаючыся, дый нягучна, амаль пра сябе. – Дрэвы з травою, усё, што жыве й расьце на зямлі, належаць толькі самі сабе. А Том Бамбадзіл – Гаспадар. Ніхто не падловіць старога Тома, не падпільнуе ў лесе ці калі ён пераходзіць раку, скача на пагорках удзень ці ўночы. Ён не баіцца анічога. Бо ён – Гаспадар.

Дзьверы адчыніліся й увайшоў Том Бамбадзіл. Цяпер на ім не было капелюша, густыя рудыя валасы аздабляла карона з восеньскага лісьця. Ён засьмяяўся, падышоў да Златы, узяў яе за руку.

– Вось мая гаспадынька-прыгажунька! – сказаў, кланяючыся хобітам. – Вось мая Златачка-сунічка, у срабрыстую зеляніну апранутая, з кветкамі на паску! Ці вячэра згатаваная? Бачу жоўтую сьмятанку з сотамі мядовымі, белы хлеб і масла, тлусты сыр ды малако, ды зёлкі зялёныя, ды сьпелыя ягады – усё пасабранае. Ці хопіць нам? Ці ўсё падрыхтаванае?

– Так, – адказала Злата. – А можа, госьці шчэ не?

Том пляснуў у далоні й усклікнуў:

– Томе, госьці стаміліся, а ты амаль і забыўся! Хадзем, хадзем, сябры ласкавыя, асьвежымося! Змыйма хутка з твараў пыл, рукі апалошчам, скінем брудныя плашчы ды расчэшам патлы!

Адчыніў дзьверы, і яны пайшлі ўсьлед за ім па нядоўгім калідорыку, завярнулі за вугал – патрапілі ў нізенькі пакой з пахілым дахам, напэўна, прыбудову з паўночнага боку Томавай хаціны. Сьцены былі з гладкага каменю, завешаныя зялёнымі пляцянкамі й жоўтымі фіранкамі. Падлога таксама была каменная, засланая сьвежым зялёным аерам. Ляжалі ў пакоі чатыры тоўстыя матрацы з гарою белых коўдраў ля кожнага, ля дальняй сьцяны на доўгай лаве стаялі шырокія гліняныя місы, а побач – рудыя гарлачы з вадою, некаторыя з халоднаю, некаторыя з гарачаю, амаль кіпнем. Ды мяккія зялёныя шлэпцікі ляжалі побач з кожным матрацам.

Неўзабаве хобіты, умытыя й пасьвяжэлыя, ужо сядзелі за сталом, па два з кожнага боку, а Злата з Томам – насупраць адно аднаго. Вячэралі доўга й надта весела. Хоць госьці й налягалі на ежу, як здатныя толькі згаладнелыя хобіты, хапала ўсяго. У келіхах іхніх была нібыта простая халодная вада, але яна ахмяляла, і зь ёй рабілася лёгка на сэрцы. Хутка госьці вынайшлі, што яны радасна сьпяваюць, быццам тое было лягчэй і прыдатней, чым размаўляць.

Нарэшце Том з Златаю паўсталі ды спрытна прыбралі з стала. Гасьцям загадалі не турбавацца, сядзець спакойна, парассадзілі іх па фатэлях, даўшы кожнаму нізенькі ўслончык пад ногі. У шырокім агмені перад імі палаў агонь, і патыхала ад яго салодка, быццам ад яблыневых дроваў. Калі ўсё зладзілі, згасілі ўсе ліхтары, апроч аднога, усе сьвечкі, акрамя дзьвюх па краёх паліцы над агменем. Злата падышла да хобітаў зь сьвечкаю ў руцэ дый пажадала кожнаму дабранач.

– Сьпіце спакойна да самага ранку! Ня бойцеся галасоў ночы! Бо анічога не пралезе сюды празь дзьверы й вокны, адно сьвятло месяца й зораў ды сьпевы ветру над пагоркамі. Дабранач!

I зьнікла, прабліснуўшы ў змроку. Лёгкі шомаст, гук яе крокаў падаўся хобітам голасам рачулкі, што зьбягае схілам па чыстых камянёх у цёплай ночы.

Том пэўны час маўчаў, а сябры ўсё набіраліся мужнасьці задаць хоць адно з пытаньняў, падрыхтаваных за вячэраю. Але ўжо санлівасьць абцяжарыла ім павекі. Урэшце Фрода спытаў.

– Ці вашамосьць пачуў мяне, Гаспадар, альбо натрапіў на нас цалкам выпадкова?

Том варухнуўся, нібы абуджаны з прыемнага сну.

– Э-э, чаго? Ці чуў я? Не, не, бо ж быў заняты, сьпяваў. Выпадкова, вядома, калі такое вы жадаеце называць выпадкам. Бо так, я не чакаў вас сустрэць, хоць чакаў вас. Мы пачулі пра вас і пра вашую вандроўку. Ведалі, што неўзабаве выйдзеце да рэчкі – усе шляхі туды вядуць, сьцежкі ды сьцяжынкі. Стары шэры хрыч Лазьняк – ён сьпявак магутны. Цяжка хобітам малым тут не заблукацца. Засьпявае, завядзе, да сябе завабіць. Але ж я меў справу там, мне ён не адважыцца ў справе перашкодзіць, – Том заківаў, нібыта зноў адолены сном, але ўсё ж распавёў далей, напаўсьпяваючы: