А Сэм анічога ня сьніў ці ня памятаў, сьніў што ці не, бо праспаў ноч глуха, бы пень, і прачнуўся цалкам задаволены.
Абудзіліся ўсе разам з ранішнім сьвятлом. Том хадзіў па пакоі, насьвістваючы, рыхтык шпак. Калі пачуў, што хобіты заварушыліся, пляснуў у далоні й выгукнуў: "Гэй, гоп! Скок, паскок, даражэнькія!" Адшмаргнуў жоўтыя фіранкі, за якімі хаваліся вокны па абодвух канцах пакою – адно на захад, другое на ўсход.
Хобіты паўскоквалі – адпачылыя й бадзёрыя. Фрода падбег на ўсходняга вакна, чакаючы, што яно будзе нізенькім, на ўзроўні зь зямлёю, стаптанай капытамі, а пабачыў за ім агарод з расьлінамі, срабрыстымі ад расы. Краявіды захіляў радок бабоў на высокіх шастках, а над ім, далёка, абрысавалася ў ранішнім сьвятле шэрая вяршыня пагорку. Бляклая была раніца: на ўсходзе кучамі мокрай поўсьці клубіліся аблокі, чырвоныя па краёх ды зь цёмна-жоўтымі плямамі там і тут. Відавочна, зьбіралася на дождж. Але ўсё ж хутка сьвятлела, і чырвоныя кветкі зноў зазьзялі на мокрым бабовым зялёным лісьці.
Піпін з заходняга вакна пабачыў мора туману. Туман схаваў пушчу – падавалася, нібы пазіраеш зьверху на пахілы туманны дах. Непадалёк ён прасядаў, ірваўся, выплёскваўся асобнымі языкамі, відавочна, над далінаю Іўі. Тая зьбягала па схіле леваруч ад акна й зьнікала ў тумане. Пад акном быў кветнік, абгароджаны пастрыжанымі кустамі, у срэбным ад расы павуціньні, а за ім – пастрыжаная трава, блядна-шэрая ад расы. Старых вербалозаў нідзе побач не было.
– Дабранак, сябры дарагія! – усклікнуў Том, расчыняючы шырока ўсходняе вакно. Пацягнула прахалодным паветрам, патыхнула дажджом. – Баюся, сонца ненадоўга пакажа нам сёньня сваё аблічча. Паскакаў я па пагорках ад самага ранку, вынюхаць каб вецер, выведаць надвор'е, унізе воглая трава ды ўверсе неба воглае. Златачку пабудзіў, пад акном сьпяваючы, але ж хто здалее ўзьняць раніцою хобітаў? Абудзіліся ўначы малыя ды сьпяць потым за сьвятлом. Гэй, хоп ды скок! Прачынаймася, сябры! Ды забудзьмася на ўсе згукі цемрадзі! Скок, так, там ды тут, даражэнькія! Пасьпяшаймася, мае маленькія, гайда да стала! Хто спазьніцца, таму вада з крыніцы дый сена!
Хоць Томавы пагрозы ўсур'ёз аніхто не прыняў, за сталом хобіты апынуліся вельмі хутка й пакінулі яго, толькі калі ён апусьцеў. Ані Тома, ані Златы відаць не было. Было чуваць: Том недзе побач, ляскае на кухні, тапочы ўніз ды ўгору па лесьвіцах, сьпявае – то ў хаце, то звонку. Расчыненыя вокны пакою выходзілі на захад, на зацягнутую туманом даліну. З саламянага даху струменьчыкамі зьбягала вада. Яшчэ да канца сьнеданьня аблокі сашчапіліся над галавою ў суцэльнае покрыва, вецер сьцішыўся, і заструменіўся шэры спакойны дождж, суздрам захіліўшы лес.
А калі вызірнулі ў вокны, то пачулі, нібыта аднекуль зьверху павольна падае зь нябёсаў разам з дажджом ясны голас Златы. Хобіты амаль не разьбіралі словаў, але не сумняваліся: яна сьпявала песьню дажджу, салодкую, як кроплі на ссохлых вяршынях, песьню пра раку ад яе вытокаў з горных крыніцаў да мора ў далёкай далечыні. Хобіты слухалі зь вялікай асалодаю. Фрода надта радаваўся й дзякаваў надвор'ю, бо з-за яго адцягвалася разьвітаньне зь бясьпечнай і ўтульнай Томавай хатай. Фрода думаў з страхам пра неабходнасьць ісьці далей з таго самага моманту, як прачнуўся, але цяпер, як падавалася, да раніцы наўрад ці куды трэба было выпраўляцца.
З захаду прыйшоў верхні вецер, і яшчэ цяжэйшыя аблокі папаўзьлі праліцца на голыя вяршыні Лысагор'я. Вакол хаты болей анічога не было відаць – суцэльная сьцяна вады. Фрода стаяў побач зь дзьвярыма й назіраў, як сьцежка, белая ад вапны, ператвараецца ў малочную рачулку ды булькоча, імкнучыся да даліны ўнізе. З-за кута зьявіўся Том Бамбадзіл, разводзячы рукамі над галавой, нібыта адхіляючы дождж, і сапраўды, калі крочыў за ганак, апынуўся зусім сухі, акрамя хіба што ботаў. Тыя ён зьняў ды паставіў ля агменю. Потым сеў у найвялікшую фатэлю й паклікаў хобітаў пасесьці навокал.
– Сёньня мая Златачка-сунічка чысьціць і абмывае, сёньня восеньская прыборка. Надта мокра вандраваць будзе хобітам – няхай адпачнуць, покуль могуць! Сёньня добры дзень для доўгага расповеду, для пытаньняў і адказаў! Распавядаць Том пачне!
I распавёў ім безьліч найвыдатнейшых і найцікавейшых гісторыяў, часам быццам ведучы гаворку сам з сабою, часам пільна назіраючы за хобітамі з-пад калматых броваў яснымі блакітнымі вачыма. Часьцяком расповед ператвараўся ў сьпеў, і тады Том ускокваў і прытанцоўваў вакол. Хобіты пачулі пра пчолаў і кветкі, пра жыцьцё дрэваў і дзівосных лясных пачвараў, пра добрае й ліхое ў пушчы, сяброўскае й злаўмыснае, пра жорсткае й лагоднае, пра таямніцы, затоеныя ў гушчарах.