Слухаючы, яны пачалі разумець жыцьцё вялікага лесу, пачуліся незапрошанымі гасьцямі там, дзе ўсё астатняе было ў сваім жытле. Увесь час згадваў Том Старога Лазьняка, і Фрода даведаўся дастаткова, каб зразумець яго, нават болей, чым хацеў, бо гэткае ня вельмі прыемна ведаць. Том казаў пра думкі дрэваў, іх намеры й жаданьні, іх сэрцы, часьцяком дзівакаватыя й нядобрыя, паўнюткія нянавісьці да ўсяго, што вольна бадзяецца па зямлі, падгрызаючы, кусаючы, ламаючы, сьсякаючы, спальваючы: нянавісьці да зьнішчальнікаў і гвалтаўнікоў. Старая пушча не дарма так называлася, бо сапраўды была старажытная, рэшта лясоў пракаветнай даўніны, і жылі яшчэ тут, старэючы павольней за горы, продкі продкаў усіх сёньняшніх дрэваў, і памяталі яшчэ часы сваёй улады над зямлёю. Незьлічоныя гады напоўнілі іх гонарам і мудрасьцю, а таксама злосьцю. А найнебясьпечнейшы зь іх быў Стары Лазьняк – ягоная сарцавіна выгніла, а моц заставалася маладою, быў ён разумнік і штукар, гаспадарыў над вятрамі, ягоныя сьпевы й думкі чуў увесь лес паабапал ракі. Яго шэры, прагны дух цягнуў сілу зь зямлі й распаўсюдзіўся, нібы паўзучыя танюткія карані ў зямлі, нібы нябачныя галіны-пальцы ў паветры, – пакуль Лазьняк не падпарадкаваў амаль усе дрэвы ў лесе ад Засекі да Лысагор'я.
Раптам Томаў расповед пакінуў пушчу й паскакаў па маладой рацэ, па зіхоткіх вадаспадах, па жвіры ды выветраных камянях, паўз квяцінкі ў шчыльнай траве вільготных лагчавінаў і, нарэшце, да Лысагор'я. Хобіты пачулі пра Вялікія Склепы, зялёныя курганы, каменные кольцы на вяршынях і ля пячораў паміж стромамі. Бляялі авечыя атары. Прарасталі белыя й зялёныя сьцены, уздымаліся крэпасьці на гарах. Князі малых каралеўстваў біліся адзін з адным, і ранішняе сонца зьзяла полымем на сталі іхніх маладых, прагных крыві мечаў. Перамагалі, цярпелі паразы – да апошняй, калі пабурыліся вежы, абрынуліся сьцены й полымя ўзьнялося высока над крэпасьцямі. Дамавіны мёртвых каралёў і каралеўнаў напаўнялі золатам, насыпалі над імі курганы, зачынялі каменнымі брамамі – і ўсё парасло травой. Шчэ папасьвіліся на ёй авечкі, а потым усё спусьцела. Здалёк, зь цемры прыйшоў чорны цень, і косткі заварушыліся ў трунах. Магільныя мерцьвякі пабрылі ўночы між стромамі, звонячы залатымі ланцугамі на ветры, зь пярсьцёнкамі на халодных пальцах. Каменныя кольцы шчэрыліся зь зямлі ў месяцовым сьвятле, бы паламаныя зубы.
Хобіты ўздрыгнулі. Нават да Шыру даляталі чуткі пра Племя Магілаў з скляпеньняў Лысагор’я, што за Старой пушчай. Але наўрад ці які хобіт пажадаў бы слухаць пра гэткае, нават ва ўтульнай фатэлі ля агменю, далёка ад тых жудасных мясьцінаў. Раптам згадалася раней выгнанае з думак гасьціннасьцю й радасьцю Томавай хаты: гэтая хаціна стаіць на ўскрайку таго самага Лысагор’я! Хобіты перасталі слухаць, заварушыліся, пазіраючы скоса адзін на аднаго.
А калі ўслухаліся зноў, вынайшлі, што расповед Тома забрыў у зусім ужо спракаветныя абшары, па-за хобіцкай памяцьцю, забрыў у тыя часы, калі сусьвет быў прасторнейшы й мора яшчэ плёскалася аб далёкі заходні бераг. А Том забіраўся ўсё далей, дасьпяваў да старажытнага зорнага сьвятла, калі абудзіліся толькі прабацькі эльфаў. Раптоўна змоўк, і хобіты пабачылі, што ён ківае галавою, нібыта засынае. Хобіты сядзелі перад ім, зачараваныя, і падавалася, быццам сілаю ягоных словаў зьнік вецер, ссохліся, распусьціліся аблокі, адляцеў прэч дзень, цемра прыйшла з усходу й захаду й нябёсы заліло сьвятло бялюткіх зораў.
Ці адзін дзень прамільгнуў, зьмяніўшы раніцу змрокам, ці шмат – Фрода ня ведаў. Не адчуваў ані голаду, ані стомы – толькі пачуцьцё бязьмежнага цуду. Зорнае сьвятло лілося праз акно, і цішыня нябёсаў ахутала яго. I, спалохаўшыся раптоўна той цішыні, ён спытаў зьдзіўлена:
– Хто ж вашамосьць, Гаспадар?
– Э, чаго? – спытаў Том, выпрастаўшыся, бліснуўшы вачыма ў змроку. – Ці ж невядома шчэ табе маё імя? Тое й адказ табе. Скажы: што такое сам па сабе ты, існы й безыменны? Такі й я, толькі ты малады, а я стары. Найстарэйшы, вось хто я. Запомніце, сябры мае: Том быў тут да ракі й да дрэваў, Том памятае першы жолуд і першы дождж. Шчэ да вялікага народу Том пратаптаў сьцежкі, Том бачыў, як прыйшоў народ маленькі. Том быў тут да каралёў, скляпеньняў і мерцьвякоў. Том ужо быў тут, калі эльфы рушылі на Захад, Том быў тут шчэ да таго, як мора замкнула сусьвет. Том памятае, калі ноч не была жахам, да таго, як крочыў у гэты сьвет Уладар Цемры.
Падалося, цень прамільгнуў ля вокнаў, і хобіты спалохана азірнуліся. А калі зноў павярнуліся да Тома, у дзьвярох, амытая плыньню сьвятла, стаяла Злата. У руцэ трымала сьвечку, прыкрываючы яе даланёю ад скразьняку, і сьвятло сачылася праз далонь, быццам сонца праз тонкую белую ракаўку.