Выбрать главу

– Дождж скончыўся, – сказала яна. – Што пралілося, бяжыць пад зорамі ў даліну. Адсьвяткуйма ж ды адсьмеямося!

– Пабалюйма! – усклікнуў Том. – Ад доўгіх расповедаў смага! Ад слуханьня ўсю раніцу, дзень ды ўзьвячорак зусім згаладнееш!

Скочыў з фатэлі, схапіў сьвечку з паліцы над агменем, запаліў ад той, што трымала Злата, ды затанчыў вакол стала. Зьнянацку – хоп! – скочыў у дзьверы й зьнік.

Неўзабаве вярнуўся зь вялікім, густа настаўленым падносам. Тады Том з Златаю зладзілі вячэру, і хобіты сядзелі, сьмеючыся й дзівячыся: такая гожая й зграбная Злата, такія забаўныя – Томавы скокі. Аднак чамусь здавалася, што танчылі яны агульны танец, не перашкаджаючы адно аднаму: у пакой, з пакою, вакол стала – і вельмі хутка ежа зь пітвом ды посуд стаялі на месцах, і палалі сьвечкі, жоўтыя й белыя. Том пакланіўся гасьцям.

– Калі ласка, вячэраць! – запрасіла Злата, і хобіты заўважылі, што цяпер яна апранутая ва ўсё срэбнае, з белым паском, і чаравічкі яе нібыта рыбіна луска. А Том увесь у чыста-блакітным, як прамытыя дажджом незабудкі, толькі гетры зялёныя.

Вячэра пераўзышла ўчорашнюю. Хобіты, слухаючы Томавы сьпевы, прапусьцілі мо й абед, і падвячорак, але калі пабачылі ежу перад сабою, адчулі, што згаладаліся як за цэлы тыдзень. I пэўны час не гаманілі, ані сьпявалі, напружана сілкуючыся. Хутка, аднак, праца дала плён, хобіцкія сэрцы й брушкі ўзрадаваліся, і хобіты зноў пачалі жартаваць ды сьмяяцца.

Тады Злата сьпяяла ім мноства песьняў. Яны пачыналіся з гор і заціхалі ў далінах, і ў цішыні хобітам уяўляліся азёры й разьлівы нябачанай шырыні, і пад самымі нагамі адлюстроўваліся нябёсы, і зоры дыямантамі зьзялі з глыбіняў. Потым гаспадыня знову пажадала кожнаму дабраначы й сышла, пакінуўшы іх ля агменю. Але ж тут абудзіўся Том і заваліў хобітаў пытаньнямі.

Высьветлілася, што ён шмат ведаў і пра іх саміх, і пра іхнія сем'і, дый увогуле пра шырскія падзеі з тых дзён, пра якія й самі хобіты наўрад ці памяталі. Яны ўжо не дзівіліся, а ён і не хаваў, што ведамі пра самыя раньнія падзеі абавязаны, галоўным чынам, старому Блазну, які падаваўся Тому асобай нашмат істотнейшай, чым уяўлялася хобітам.

– Так, пальцы ягоныя ў глебе, а ногі – моцна стаяць на зямлі, ён пазірае навокал абодвума вачыма, шмат заўважае й разумее, – казаў Том.

Відочна, і з эльфамі Том меў сякія-такія зносіны, бо неяк навіны ад Гільдара пра Фродавы ўцёкі з Шыру сягнулі яго.

Сапраўды, столькі ўжо ведаў Том і так па-майстэрску распытваў, што Фрода нечакана для сябе распавёў яму пра Більба ды пра свае надзеі й страхі болей, чым Гэндальфу. Том ківаў галавою, і ў ягоных вачох прабліснуў непакой, калі пачуў пра Чорных Вершнікаў.

– Ну-тка, пакажы-тка мне найкаштоўнейшы гэты пярсьцёнак! – загадаў, зьнянацку перабіўшы Фрода пасярэдзіне расповеду. I Фрода, на вялікі ўласны подзіў, пакорліва выцягнуў ланцуг з кішэні, адчапіў пярсьцёнак і працягнуў Тому.

Той, падалося, павялічыўся на вялікай загарэлай далоні. Раптам Том прыклаў яго да вока й засьмяяўся. I хобіты пабачылі карціну й камічную, і пагрозьлівую: зыркае блакітнае Томава вока ў залатым кольцы. Тады Том насунуў пярсьцёнак на кончык мезенца й падняў бліжэй да сьвечкі. Спачатку хобіты ня ўцямілі, а потым ажно вохнулі! Том жа ня зьнік!

Ён зноў засьмяяўся, пстрычкай закруціў, падкінуў пярсьцёнак у паветра – і той бліснуў і зьнік. Фрода ўскрыкнуў, а Том нахіліўся наперад і працягнуў яму пярсьцёнак, усьміхаючыся.

Фрода ўважліва й падазрона агледзеў пярсьцёнак (як той, хто быў даверыў каштоўнасьць штукару). Так, відавочна, ён не зьмяніўся, выглядае й важыць дакладна па-ранейшаму. Ён заўсёды падаваўся Фрода незвычайна цяжкім. Але ж нешта падштурхоўвала пераканацца канчаткова. Напэўна, крыху раззлаваўся, бо Том жа такі несур'ёзны з тым, што сам Гэндальф палічыў найістотнейшым. Дачакаўся, пакуль гаворка пойдзе пра іншае, пакуль Том пачаў распавядаць нейкую абсурдную гісторыю пра барсукоў ды барсуковыя нягеглыя звычкі – і насунуў пярсьцёнак!

Мэры якраз павярнуўся да яго, каб сказаць нешта, і ажно ўздрыгнуў, ледзь ня выкрыкнуўшы. Фрода ўзрадаваўся, ці нешта накшталт таго. Пярсьцёнак быў той самы, безумоўна, бо Мэры пазіраў на пустую фатэлю й яго ня бачыў. Фрода ўстаў і ціхенька пакрочыў да дзьвярэй вонкі.

– Гэй, там! – усклікнуў Том, зірнуўшы на яго пранізьлівымі блакітнымі вачыма. – Гэй, Фрода! Куды сабраўся? Стары Том Бамбадзіл шчэ не такі сьляпы! Здымай свой пярсьцёнак! Твая рука прыгажэйшая безь яго. Вярніся! До гуляцца, сядай побач. Ёсьць у нас яшчэ размова, трэба нам паразважаць! Што ж рабіць на раніцу? Трэба ж вам параду даць, каб не заблукацца!