Фрода змушана засьмяяўся, зьняў пярсьцёнак і сеў. А Том распавёў, што раніца, найхутчэй, будзе сонечная, добрая, і выяжджаць будзе прыемна. Але давядзецца выбірацца рана, бо надвор'е тут такое, што сам Том ня ведае, на колькі яго хопіць, – можа зьмяніцца хутчэй, чым Том жупаны памяняе. Сказаў:
– Бо ж надвор'ю я не гаспадар – ані таму, што ходзіць на дзьвюх нагах.
Паводле ягонай парады, вырашылі раніцою кіравацца прама ад хаты на поўнач, празь ніжнія заходнія схілы Лысагор'я. Тады магчыма дасягнуць гасьцінцу за дзень ды Скляпеньні абмінуць здаля. Том параіў ім не баяцца й не хвалявацца, але трымацца сваёй дарогі й ня лезьці анікуды.
– Ідзіце па зялёнай траве! Ня лезьце да старых камяніцаў ці мерцьвякоў, ня суйцеся ў іхняе жытло – адтуль здольныя выбрацца толькі моцныя й бясстрашныя! – і паўтарыў гэта зноў ды параіў абыходзіць Скляпеньні з захаду, калі ўжо надарыцца набрысьці на што-колечы. А потым навучыў іх песеньцы, якую трэба засьпяваць у выпадку, калі такі ўлезуць у якую трасцу:
Калі хобіты прасьпявалі яе разам, паўтараючы за ім, ён, сьмеючыся, паляпаў кожнага па сьпіне ды, узяўшы сьвечкі, правёў хобітаў да іхняй спальні.
8. Туманы над скляпеньнямі
Гэтай ноччу аніякія вусьцішныя гукі не прыходзілі. Але ці ў сьне, ці ў яве Фрода чуў лагодны сьпеў, песьню, што прабіралася да яго слыху, нібы сьвятло з-за шэрай завесы дажджу. Песьня мацнела, завеса заблішчэла срэбрам і крышталём, нарэшце рассунулася – і за ёю разьвінулася далёкая зялёная краіна й раніца над ёю.
Мара зьлілася зь яваю, бо Том ужо насьвістваў, бы птушыная зграя на дрэве, і сонца ўжо забралася праз акенца ў пакой, выкараскаўшыся з-за пагорку. А вонкі ўсё зьзяла зелянінаю й мяккім золатам.
Сьнедалі зноў у самоце, і ад думак пра разьвітаньне рабілася цяжка на сэрцы, нягледзячы на цудоўную раніцу, такую зыркую, сьвежую, чыстую пад прамытым, празрыстым блакітам нябёсаў. З паўночнага захаду дзьмуў сьвежы ветрык. Поні, хоць былі досыць флегматычнымі жывёлінамі, нецярпліва пераступалі з нагі на нагу, фыркалі. Том выйшаў з хаты, махнуў капелюшом ды затанчыў на ганку, запрашаючы хобітаў устаць і пасьпяшацца з ад'ездам ды ехаць як хутчэй.
Паехалі па сьцежцы, што вілася за хатай уверх па схіле да паўночнага краю пагорку, які агароджваў хату. Там сьпешыліся, павялі поні пад аброць угору па апошнім стромкім схіле, і тут Фрода раптам спыніўся.
– Злата! – усклікнуў ён. – Чароўная гаспадыня, апранутая ў срэбра й зеляніну! Мы ж не разьвіталіся зь ёю й ня бачылі яе зь вечару!
Фрода так зьбянтэжыўся, што й назад ужо быў павярнуў, але ў гэты момант да іх даляцеў ясны, празрысты голас. На вяршыні пагорку над імі стаяла Злата, і ў яе доўгіх валасах мігцела, люструючыся, маладое сонца. Яна танчыла, і пад нагамі ўспыхвала раса на траве.
Хобіты пасьпяшаліся наверх і сталі побач, няздольныя й слова вымавіць. Пакланіліся, а яна, павёўшы рукою, запрасіла іх азірнуцца, і яны зірнулі зь вяршыні на ранішнюю зямлю навокал. Цяпер было настолькі ж ясна й далёка відаць, як было туманна й смужна ў той дзень, калі стаялі на лысай строме пасярод лесу. Яна й цяпер бачылася, блядна-зялёная, нібы выспа над цёмным морам дрэваў на захадзе. Там зялёнымі, жоўтымі, рудымі пад сонцам хвалямі лес каціўся да далёкай даліны Бранявіну. На поўдні, за Іўяй, відаць было шклістае слабое зьзяньне: там Бранявін рабіў вялікую пятлю па нізінах і струменіў далей у краі, хобітам не вядомыя. На поўначы пагоркі паніжаліся, шэра-бурае бляклае ўзгор'ё, логі ды стромы раставалі ў смузе, і было не разабраць, што там за імі. А на ўсходзе ўздымалася Лысагор'е, хрыбет за хрыбтом, захіляючы далягляд, але за імі ўгадваліся, болей з памяці старых паданьняў, чым насамрэч, белыя іскрыстыя кроплі сьвятла, зьліваючыся з блакітам нябёсаў, вяршыні далёкіх гор.
Хобіты глыбока ўдыхнулі й адчулі: некалькі добрых, доўгіх крокаў адсюль – і патрапіш куды заўгодна. Як жа маладушна й нудна цягнуцца па крывых адгор'ях да Шляху, калі можна было б паскакаць, як Том, з пагорку на пагорак, бы па лесьвіцы, да самых Гор!
– Пасьпяшайцеся цяпер, мае госьці! – сказала нарэшце Злата, і яны павярнуліся да яе. – Трымайцеся ж таго, што задумалі! Хай будзе вецер леваруч, хай лёгкім будзе крок! Сьпяшайцеся, пакуль сонца зьзяе ў нябёсах!