Выбрать главу

Намагаючыся знайсьці выйсьце, Більба спусьціўся да самых горных каранёў і ня ведаў, куды ісьці далей. А там на выспачцы пасярод халоднага цёмнага возера жыў Глыкс – агідны маленькі пачварань. Глыкс плаваў у чоўніку, падграбаючы пляскатымі ступакамі, углядаўся ў цемру бляднымі пранізьлівымі вачыма, лавіў сьляпую рыбу доўгімі пальцамі ды жэр яе жыўцом. Ён што заўгодна мог зжэрці жыўцом, нават орка, калі толькі шанцавала цішком ухапіць і прыдушыць без асаблівых намаганьняў. Ён здаўна, калі яшчэ жыў пад сонцам, валодаў дзівосным скарбам – залатым пярсьцёнкам, які рабіў свайго гаспадара нябачным. Адзін гэты пярсьцёнак ён любіў, называў "мая каштоўнасьць", размаўляў зь ім, нават калі ня меў з сабою. Бо трымаў яго ў патаемнай дзірцы на сваім востраве й насоўваў на палец, толькі калі выходзіў паляваць ці віжаваць за оркамі ў тунэлях.

Магчыма, ён адразу напаў бы на Більба, калі б меў з сабою пярсьцёнак, аднак пярсьцёнка не было, а хобіт да таго ж трымаў руку на эльфскім кордзе. Таму, каб выйграць час, Глыкс прапанаваў згуляць у загадкі: калі Більба не адкажа, Глыкс яго зжарэ, а калі Глыкс прайграе, то пакажа, як хоча Більба, шлях на паверхню.

Другой надзеі Більба ня меў, дзе выхад, ня ведаў, і таму згадзіўся. Яны загадалі адзін аднаму мноства загадак, і ўрэшце Більба выйграў, хутчэй, дзякуючы выпадку (ці так падалося), а ня розуму. Бо ён ня мог прыдумаць, што загадаць Глыксу, і мацаючы ў задуменьні па кішэнях, натрапіў на пярсьцёнак, пра які ўжо быў забыўся, і сказаў, зьдзівіўшыся, уголас: "А што ж гэта такое ў маёй кішэні?" Глыкс адгадаць ня здолеў, хоць і патрабаваў тры спробы.

Напэўна, можна паспрачацца, сапраўдная гэта была "загадка" ці проста "пытаньне", а не загадка паводле суворых правілаў гэтай гульні. Тым ня менш усе пагаджаюцца, што раз Глыкс прыняў загадку й спрабаваў адказваць, ён быў ужо абавязаны падпарадкавацца правілам. Більба прымушаў яго стрымаць слова, бо аніякага даверу да сьлізкага пачварня ня меў, але ж марна. Хоць гульня ў загадкі лічылася вельмі істотнай і непарушнай, блізкай да клятвы, і толькі самыя злаўмысныя ды нягодныя істоты насьмельваліся парушыць яе правілы, Глыкс і сапраўды задумаў здраду, бо за доўгія гады адзіноты й цемры душа яго зрабілася чорнай. Глыкс уцёк, дабраўся да недалёкай сваёй выспачкі, пра якую Більба не здагадваўся, і палез па пярсьцёнак. Глыкс згаладаўся, раззлаваўся, а з сваёй "каштоўнасьцю" на пальцы мог ужо не баяцца аніякай зброі.

Але ж пярсьцёнка на востраве не было. Глыкс згубіў яго, пярсьцёнак зьнік. Ад Глыксавага ляманту Більба скалануўся. Што здарылася, ён не зразумеў. Затое Глыкс зразумеў – позна. Ён загаласіў: "Ш-што ў ягоныхх кішэнікаххх?!" Ягоныя вочы зазьзялі зялёным полымем. Ён шалёна ірвануў назад – забіць хобіта ды ўратаваць сваю "каш-штоўнась-сь-сьць". Більба адчуў небясьпеку й кінуўся наўцёкі па тунэлі, наўздагад, толькі каб далей ад вады, – і зноў яму пашэнціла. Уцякаючы, сунуў руку ў кішэню, а пярсьцёнак нібы сам сабою насунуўся на палец. Гэтак і выратаваўся, бо Глыкс прабег, не заўважыўшы хобіта, і памчаўся да выхаду, каб ля яго падпільнаваць "злодзея". Більба асьцярожненька пракраўся за ім, чуючы, як Глыкс лаецца й размаўляе сам з сабою пра сваю "каштоўнасьць". З той размовы Більба й здагадаўся пра пярсьцёнкавы ўласьцівасьці, і пасярод цемры ў яго нарадзілася надзея: разам зь дзівосным кляйнодам знайшоўся й шанец уцячы ад оркаў і Глыкса.

Урэшце, абодва дабраліся да непрыкметнага праходу, які вёў да ніжняй гоблінскай брамы на ўсходнім краі гор. Там Глыкс стаў на кукішкі, прынюхваючыся ды прыслухоўваючыся. Більба хацеў пырнуць яго кордам. Аднак пашкадаваў небараку. Хоць ад пярсьцёнка ня мог адмовіцца, бо той быў адзінай надзеяй выратавацца, – выкарыстаць яго, каб забіць няшчасную пачвару, ня мог. Нарэшце, сабраўшыся з духам, хобіт пераскочыў праз Глыкса ў цемры й памчаў прэч па тунэлі, пачуўшы за сьпінаю крыкі адчаю й нянавісьці: "Злодзей! Злодзей! Торбінс-с-с!! Назаўсьсёды ненавісс-с-ны!!!"

Цікава, што спадарожнікам Більба распавёў цалкам іншае: нібыта Глыкс паабяцаў яму "падарунак", калі Більба выйграе. А калі Глыкс выправіўся на востраў па "падарунак", то ўбачыў, што ягоны кляйнод, чароўны пярсьцёнак, падараваны яму шмат гадоў таму на дзень народзінаў, зьнік. Наш хобіт здагадаўся, што ягоная знаходка й ёсьць той самы пярсьцёнак. Выйграўшы гульню, Більба меў права ўтрымаць яго. I анічога не сказаў пра яго Глыксу, бо, вядома, трэба ж было выратоўвацца, і таму замест падарунку прымусіў Глыкса паказаць шлях да выхаду. У Більбавых запісах засталася менавіта гэтая вэрсія, і ён яе не зьмяніў нават пасьля Рады ў Эльранда. Відавочна, так яна ўвайшла і ў арыгінал Пунсовай кнігі, і ў яе сьпісы-копіі, і ў скарочаныя пераказы. Але ж шмат у якіх сьпісах распаведзеная й сапраўдная гісторыя (як іншая вэрсія), складзеная, безумоўна, паводле нататкаў Фрода ці Сэмвайза. Абодва вызналі праўду, аднак (як падаецца) не хацелі выкрэсьліваць анічога, напісанага рукою старога хобіта.