Выбрать главу

Пайшлі адзін за адным, ведучы поні пад аброць, за паўночны ўскраек ды па схіле, уніз, у туманнае мора. Там туман быў халаднейшы, вільготнейшы, валасы намоклі й абвісьлі, на вочы сачылася вада. Калі сягнулі дна даліны, так схаладнела, што давялося павыцягваць плашчы з каптурамі, якія адразу пакрыліся шэрымі кроплямі вільгаці. Унізе зноў паехалі верхам, павольна, вышукваючы найніжэйшы напрамак. Кіраваліся да вузкага праходу, падобнага да брамы ў канцы даліны, які бачылі з пагорку. Ад яго заставалася толькі ехаць прама – і абавязкова дабраліся б да Шляху. Болей хобіты ані пра што й ня думалі – спадзяваліся хіба толькі, што за Лысагор'ем туманоў ня будзе.

Прабіраліся вельмі марудна. Цугам, каб не паразбрысьціся й не пагубляцца. Фрода наперадзе. За ім Сэм, потым Піпін, тады Мэры. Даліна, падавалася, цягнулася бясконца. Раптам Фрода ўбачыў спадзеўны відарыс: нешта цёмнае, вялізнае вымалявалася аберуч скрозь туман – напэўна, наблізіліся такі да таго праходу паміж стромамі, да паўночнай брамы Лысагор'я. Засталося толькі прайсьці – і апынуцца на волі.

– Хадзем! За мною! – паклікаў, не азіраючыся, і пасьпяшаўся наперад. Але надзея яго хутка зьмянілася зьбянтэжанасьцю й трывогай. Цёмныя плямы яшчэ пацямнелі, але неяк паменшыліся, і зьнянацку Фрода ўбачыў перад сабою два велізарныя камяні. Яны стаялі бы дзьвярніцы абапал нябачнай брамы, крыху нахіліўшыся адзін да аднаго, змрочныя й злавесныя. Зьверху, калі пазіралі ў даліну раніцою, іх дакладна ня бачылі. Але пакуль разважаў, што рабіць, ужо й праехаў паміж імі – і тут нібыта цемра абрынулася на аго. Поні захрыпеў, уздыбіўся, і Фрода пакаціўся на зямлю. Зірнуўшы назад, пабачыў, што застаўся адзін. Астатнія не паехалі за ім.

– Сэме! – паклікаў ён. – Піпіне! Мэры! Дзе вы! Чаго не йдзяце за мною!

Ніхто не адгукнуўся. Пераляканы, Фрода пабег назад, да камянёў, галосячы: "Сэме! Сэме! Піпіне! Мэры!" Поні раптам ірвануў і паскакаў некуды ў туман. Аднекуль здалёк, ці так падалося, даляцеў крык: "Гэй, Фрода! Гэй!" – аднекуль з усходу, леваруч ад Фрода й камянёў-калёнаў. Ён стаяў, намагаючыся разгледзець што-кольвек у змроку, потым кінуўся туды, адкуль быў гук, пачаў караскацца па стромым схіле.

Падымаючыся, адчайна клікаў зноў і зноў. Спачатку анічога ня чулася, тады нешта слаба гукнулася далёка наперадзе й зьверху. "Гэй, Фрода!" – пачулася з туману, і нехта загаласіў ледзь чутна нешта накшталт "Ратуйце, ратуйце!" паўтараючы шмат разоў, апошняе "ратуйце" ператварылася ў доўгі пранізьлівы енк і абарвалася раптоўна. Фрода палез наверх з усім спрытам, на які быў здатны, але ж зрабілася ўжо цалкам цёмна, шчыльная, густая ноч абкружыла яго, адняўшы ўсялякае пачуцьцё напрамку. Толькі й караскаўся ўгору ды ўгору.

Зьнянацку схіл пад нагамі зьнік – напэўна, выйшаў на вяршыню пагорку ці хрыбта. Фрода стаміўся, сапрэў – і зьмерз. Цемра навокал была паўнюткая.

– Дзе ж вы? – выклікнуў ён разгублена.

Адказу не было. Фрода стаяў, прыслухоўваючыся. Зрабілася халодна, надзвычай халодна, узьняўся льдзісты пранізьлівы вецер, падраў туманы, панёс лахманамі. Цемра парадзела, і Фродаў подых вырываўся з роту парай. Зірнуў угору й пабачыў, зьдзівіўшыся, што паміж імклівымі абрыўкамі туману квола зазьзялі зоркі. Вецер зашапацеў, засьвістаў у траве.

Прымроілася раптам, што нехта прыдушана крыкнуў, і Фрода кінуўся на крык. Пакуль бег, туманы канчаткова разьнесла й разьвінуліся над галавою абсыпаныя зоркамі нябёсы. Цяпер Фрода знаходзіўся на круглай пляскатай вяршыні, на якую, відавочна, ускараскаўся з поўначы, і рушыў на поўдзень. Востры, як нож, вецер дзьмуў з усходу. Праваруч змрочнаю плямаю ў зорным сьвятле ўзвышаўся цень – там стаяла вялізная пахавальня.

– Дзе ж вы? – гукнуў зноў, раззлаваны й напалоханы.

– Тут! – адказаў гулкі, халодны голас, бы з глыбіняў зямлі. – Я чакаю цябе!

– Не! – выдыхнуў Фрода, але не пабег. Калені задрыжэлі, і ён зваліўся на зямлю. Зірнуў наверх, трапечучы, і ўбачыў чорную постаць, нібыта цень паміж зораў. Цень схіліўся над Фрода і, падалося, зірнуў халоднымі вачыма, бледным сьвятлом, быццам аднекуль з далёкай далечы. Фрода нібы абхапіла абцугамі з ільдзянага жалеза, замарозіўшы да самых костак, і ён анічога болей ня памятаў.

Калі апрытомнеў, пэўны час нічога ня мог узгадаць – хіба што агульны жах. Уцяміў потым: усё, ён у пахавальні, замураваны, пахаваны жыўцом. Мерцьвякі схапілі яго ды, напэўна, зачаравалі жахлівымі чарамі, пра якія ў Шыры распавядалі толькі прышаптам. I варухнуцца не наважваўся, ляжаў сьпінаю на халодным камені, з рукамі на грудзёх.