Загрукатала, быццам пакаціліся, пападалі камяні, і нечакана заструменіла сьвятло, сапраўднае, звычайнае дзённае сьвятло. Сьцяна каморы ў Фродавых нагах развалілася, адчыніўшыся дзіркай, падобнай на нізкія дзьверы, і ў сонечным зьзяньні, сама нібыта праменячы, зьявілася Томава галава ў капелюшы зь пяром. Сьвятло трапіла на падлогу, на хобітаў, якія ляжалі побач з Фрода. Хворая бель пакінула іхнія твары, але ж самі яны не варухнуліся. Цяпер выглядала, што яны глыбока сьпяць.
Том нахіліўся, зьняў капялюш і зайшоў у камору, сьпяваючы:
Адразу пачуўся адчайны крык, і дальні канец каморы з храскам абрынуўся. Крык перакінуўся ў пранізьлівы лямант, слабеючы, аддаляючыся, і сьціх.
– Выходзь, сябра мой Фрода! – гукнуў Том. – Вонкі, на чыстую траву! Дапамажы мне вынесьці сяброў!
Разам яны выцягнулі вонкі Мэры, Піпіна й Сэма. Калі Фрода пакідаў скляпеньне, заўважыў: адсечаная рука яшчэ варушылася, абсыпаная зямлёй, бы паранены павук. Том зноў зьнік у скляпеньні – адтуль пачулася тупаценьне й грукат. А выйшаў зь вялізным ахапкам каштоўнасьцяў і кляйнодаў: залатыя, срэбныя, медныя ды бронзавыя рэчы – каралі, ланцугі й упрыгожваньні з каштоўнымі камянямі. Ускараскаўся на зялёны курган над скляпеньнем ды параскідаў усё там на вяршыні.
Стаў, трымаючы капялюш у руцэ, і вецер варушыў ягоныя валасы. Зірнуў на трох хобітаў, што ляжалі на траве з заходняга боку кургану. Узьняў правую руку й загадаў голасам моцным і гаспадарчым:
I, на вялікую Фродаву радасьць, хобіты заварушыліся, пацягнуліся, пацерлі вочы – ды паўскоквалі! Азірнуліся навокал, агаломшаныя, зірнулі спачатку на Фрода, потым на Тома, сапраўднага Тома на вяршыні над імі, а тады на саміх сябе, апранутых у станчэлыя белыя лахманы, укаранаваных ды апаясаных бляклым золатам, што зьвінела ад рухаў.
– Што гэта за брындзюлькі такія? – зьдзівіўся Мэры, мацаючы споўзлы набакір вянец. I замер, і твар ягоны азмрочыўся. Заплюшчыўшы вочы, прамармытаў: – Так яно было, я ўзгадаў... Людзі з Карн Думу набеглі на нас уночы, і худое нам выйшла. А! Дрот працяў мне сэрца...
Схапіўся за грудзі. Расплюшчыў вочы, зьдзіўлены:
– Ды не, што я нясу? Я трызьню. Фрода, а ты куды падзеўся?
– Я думаў, што згубіўся, – сказаў Фрода, – але не хачу пра гэта казаць. Лепей абмяркуйма, што цяпер рабіць. Ісьці трэба!
– Апранутымі так, спадару Фрода? – спытаў Сэм, скідаючы пярсьцёнкі, карону ды пас на траву. – Дзе ж мая адзежа?
I азірнуўся сподзіўна, нібы ягоныя хобіцкія нагавіцы й камізэлька з капелюшом валяюцца недзе побач.
– Не знайсьці цяпер вам вопраткі сваёй! – усклікнуў Том, саскокваючы зь вяршыні, прытанцоўваючы вакол хобітаў ды сьмеючыся. Можна падумаць, анічога небясьпечнага й жудаснага ані не здаралася! I сапраўды, хобіты пабачылі вясёлае сьвятло ў ягоных вачох, і жах пакінуў іхнія сэрцы.
– А чаму? Чаму не? – спытаў Піпін, паглядаючы на яго, напаўжартоўна, напаўсур'ёзна.
– Бо з глыбокіх вы глыбіняў выбраліся, хлопцы, – адказаў Том, пахітаўшы галавою. – Што тут вопратка, як самі ледзь не патанулі. Радуймася, сябрукі вы мае малыя, грэймася пад сонейкам! Скіньма лахманы старыя! Галышом па траўцы скокам, пакуль Том на паляваньні!
I скочыў уніз па схіле, галёкаючы й прысьвістваючы. Фрода ўбачыў, што Том бяжыць на поўдзень па лагчавіне паміж іхнім пагоркам і суседнім, і сьвішча, і кліча:
Так і сьпяваў на бягу, падкідваючы й ловячы капялюш, пакуль ня зьнік з вачэй за схілам, але пэўны час ягонае "Хэй! Хой!" шчэ даносілася ветрам, які цяпер зьмяніўся й дзьмуў з поўдня.