Зноў прыгрэла. Хобіты, скарыстаўшы Томаву параду, сапраўды пабегалі па траве. Тады паразьлегліся, грэючыся на сонцы, бы перанесьліся ўмомант з жорсткай зімы ў мяккае й ласкавае лета або рыхтык цяжка хворыя, якія ляжалі, прыкаваныя да ложкаў, а потым раптоўна прачнуліся й вынайшлі, што нечакана паправіліся, і сусьвет навокал зноў паўнюткі радасьці.
Калі Том вярнуўся, пачуваліся ўжо моцнымі, бадзёрымі й надта галоднымі. Пабачылі Томаў капялюш над пагоркам, а потым і самога Тома, а за ім пакорлівым ланцужком ішлі поні – шэсьць поні! Апошні, ня хобітаў, а Томаў, відавочна, і быў Таўстун, бо ж быў большы, мацнейшы, таўсьцейшы й старэйшы за астатніх. Мэры, гаспадар поні, такіх імёнаў ім не даваў, але адгэтуль поні адгукаліся да скону жыцьця толькі на імёны, дадзеныя Томам. Том клікаў іх па чарзе, і яны выходзілі з-за пагорку й станавіліся радком, побач. Тады Том пакланіўся хобітам.
– Вось і поні вашы тут! Кемяць яны лепш за вас, хобітаў бадзяжных. Бо здалёк пачулі ліха, а вы напрасткі туды! Уцяклі яны, пракуды, ды прыбеглі куды трэба. Вы даруйце небаракам, хоць і верныя яны, па скляпеньнях лазіць цёмных – гэта не па іх, ані! А вось гляньце: тут яны, ды з усёй пакладай!
Сэм, Піпін і Мэры апрануліся ў запасную вопратку й неўзабаве зусім спарыліся, бо нацягнулі найцяплейшыя рэчы, прызапашаныя на зімовыя халады.
– А адкуль гэты стары конік, Таўстун? – спытаў Фрода.
– Ён мой, – адказаў Том. – Мой чатырохногі сябра. Хоць я зрэдку ежджу верхам, найчасьцей ён сам сабе пасьвіцца паміж пагоркаў. Калі поні гасьцявалі ў маёй сядзібе, то з старым Таўстуном пазнаёміліся, вынюхалі ў цёмнай ночы ды назад прыбеглі хутка. Ён суцешыў іх, мяркую, бо ён мудры стары конік! Вох цяпер, мой Таўстунішка, стары Том цябе ўсцугляе. Гэй! Том малых суправаджае й да Шляху давядзе, таму трэба яму конік. Гаманіць нязручна будзе, як яны вярхамі, а ты на сваіх дзьвюх ледзь іх даганяеш.
Хобіты надзвычай усьцешыліся й засыпалі Тома падзякамі, а ён засьмяяўся й сказаў, што хобіты да таго здатныя губляцца, што ён не адчуе спакою, пакуль не суправодзіць іх да межаў сваёй зямлі.
– Ёсьць у мяне мора справаў: трэба працаваць, сьпяваць, край абыходзіць, назіраць, ды размаўляць, ды даглядаць. Том ня можа быць заўсёды побач, дзьверы расчыняць, шчыліны ў лозах. У Тома свая хата ёсьць, дзе Злата чакае.
Сонца паказвала, што яшчэ рана, недзе а дзясятай хобіты прыняліся за ежу. Апошні раз елі апоўдні ля таго стаячага каменя – амаль судні таму. I цяпер сьнедалі рэшткамі Томавых прыпасаў, якія раней прызначалі на вячэру, дый і цяпер Том тое-сёе з сабою прынёс. Было небагата (улічваючы хобіцкую згаладнеласьць пасьля столькіх прыгодаў), але, паджалюбаўшы, адчулі сябе нашмат лепей. А тым часам Том падняўся на вяршыню кургану агледзець скарб. Большасьць рэчаў паскідаў у адну кучу, зіхоткую й бліскучую пад сонцам. I загадаў ім ляжаць тут, пакуль ня возьме іх той, хто знойдзе – "птушка, зьвер, эльф ці чалавек – любое добрае стварэньне". Гэтак уладарны магільны заклён зьняўся з скарбаў, распусьціўся, каб болей Здані не вярнуліся да скляпеньня. Сабе Том пакінуў толькі брошку з блакітнымі каменьчыкамі, пералівістымі, як кветкі ільну ці крылы мятлушак. Доўга пазіраў на яе, нібы кранаючы трывожныя старыя ўспаміны, хітаючы галавою, і вымавіў нарэшце:
– Вось файны падарунак мне ды Злаце! Маёй сунічаньцы насіць – і згадваць нам дваім пра гаспадыню, красуню тую даўнюю ды сьветлую.
А кожнаму хобіту даў па кордзе – доўгім, зь лязом, як ліст лазы, вострым. Найцудоўнейшыя корды, бліскучыя, з чырвона-залатым зьмяістым кувезным карункам па сталі. Похвы да іх былі чорныя, вырабленыя зь незнаёмага мэталу, лёгкага й пругкага, інкруставаныя мноствам зыркіх каменьчыкаў. Ці з-за цудоўнах похваў, ці з-за магільнага заклёну лёзы, падавалася, не крануў час: ані іржавінкі на іх не было, і не затупіліся, ня страцілі бляску.
– Ножыкі старыя як мечы будуць хобітам, – сказаў Том. – Вострае лязо нядрэнна мець з сабою падчас вандроўкі, калі на поўдні, ці на ўсходзе, ці шчэ дзе далёка ў небясьпеку хобіты патрапяць.
I дадаў, што тыя лёзы скаваныя шмат гадоў таму людзьмі Захаду, змагарамі з Чорным Уладаром. Аднак іх перамог ліхі кароль Карн Думу з краіны Ангмар.
– Няшмат хто памятае іх, – прамармытаў Том, – але ж ня згінула іхняя кроў. Шчэ самотна вандруюць нашчадкі забытых каралёў, ахоўваючы бяспамятных і бесклапотных ад цёмных пачвараў.
Хобіты не зразумелі, пра што ён, але зь ягонымі словамі паўстала перад іхнімі вачыма бясконцая чарада гадоў, цьмяная роўнядзь былога, і па ёй крочылі людзі, высокія, суворыя, зь цяжкімі мечамі, а апошні зь іх – укаранаваны зыркаю зоркай. Тое ўявілася на момант і зьнікла, і яны вярнуліся на залітую сонцам траву. Трэ было зьбірацца й пакавацца. Зброю прычапілі да скураных пасоў, схавалі пад камізэлькамі. Няёмка пачуваліся зь ёй. Дзівіліся, ці давядзецца насамрэч выкарыстаць? Вандроўка вандроўкай, а патрапіць у бойку ніхто сабе нават і не ўяўляў.