Выбрать главу

Нарэшце выправіліся. Зьвялі поні ўніз, пад схіл, там паехалі ўжо верхам уздоўж даліны. Азірнуўшыся, пабачылі вяршыню старога кургану на пагорку. Золата зіхацела там пад сонцам жоўтым полымем. Тады завярнулі за адгор'е й болей таго бляску ня бачылі.

Хоць Фрода толькі й рабіў, што круціў галавою навокал, аніякіх вялізных камянёў, што стаялі б як брама, так і не заўважыў. Неўзабаве вершнікі дабраліся да таго праходу на поўначы, які бачылі калісьці зь вяршыні, і хутка яго мінулі. Зямля нібы сама кацілася пад нагамі. Так было прыемна вандраваць побач з Томам! Ягоны Таўстун крочыў сабе бадзёра ці побач з хобітамі, ці наперадзе – відавочна, перамяшчацца ён мог даволі спрытна, нягледзячы на тлушч, а Том Бамбадзіл амаль увесь час сьпяваў. Бязглузьдзіцу, галоўным чынам, ці гэта была мова, незнаёмая хобітам, нейкая найстаражытнейшая, найдаўнейшая, дзе й словы былі амаль усе выклікамі зьдзіўленьня й радасьці ад навакольнага сусьвету.

Рушылі ўпарта, але неўзабаве пераканаліся, што Шлях нашмат далей, чым уяўлялася. Нават без туманоў, праспаўшы ўчора на вяршыні пагорку, Шляху да цемры не сягнулі б. Цёмная рыса, якую бачылі зьверху, апынулася ня шэрагам дрэваў ля Шляху, а кустамі ля ўскрайку глыбокай канавы з стромай сьцяной на другім баку. Том сказаў, што калісьці даўно гэта была мяжа каралеўства. Здаецца, яму ўзгадалася нешта невясёлае, болей ён не распавядаў.

Пералезьлі праз канаву й празь дзірку ў муры, потым павярнулі на поўнач, бо Том палічыў, што надта збочылі на захад. Цяпер ехалі па роўнядзі, лёгка й хутка, аднак ужо сутонела, калі пабачылі нарэшце доўгі шэраг высокіх дрэваў і ўцямілі, што пасьля ўсіх нечаканых прыгодаў такі дабраліся Шляху. Апошнія асьміны праскакалі намётам, спыніўшыся толькі пад доўгімі ценямі дрэваў. Пасталі на пагорку й пабачылі Шлях, асьветлены вечаровым сонцам. У гэтым месцы ён вёў амаль прама з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і праваруч ад хобітаў спускаўся ў шырокую лагчавіну. Відавочна, нядаўна тут дажджыла, і моцна. Шматлікія каляіны заліло вадою, тут і там былі лужыны. Зьехалі ўніз, азіраючыся. Нічога трывожнага не прыкмецілі.

– Ну, нарэшце! – выгукнуў Фрода. – Спадзяюся, змарнавалі ня болей за два дні, паехаўшы праз пушчу напрамкі, з маёй парады! А мо й не змарнавалі – зьбілі з панталыку перасьлед.

Астатнія зірнулі на яго – і прыпомнілі Чорных Вершнікаў, былыя жахі. Бо калі патрапілі ў пушчу, думалі адно: як узьбіцца на Шлях. А калі ён апынуўся пад нагамі, згадалі на небясьпеку, што ішла наўздагон, а цяпер, верагодна, падсьцерагала іх на Шляху. Павярнуліся назад, заклапочаныя, але Шлях быў пусты.

– Вашамосьць, мяркуеце, сёньня яны возьмуць наш сьлед? – спытаў Піпін баязьліва.

– Не, сёньня, напэўна, не, – адказаў Бамбадзіл. – Можа, і раніцою таксама не. Але маім здагадкам цалкам не давярайцеся – Том не гаспадар Вершнікам з Чорнай зямлі, што гэтак далёка ад Томавых межаў.

Так ці інакш, хобіты хацелі, каб ён выправіўся зь імі. Калі хто й здольны справіцца з Чорнымі Вершнікамі, дык напэўна ён. Неўзабаве ж давядзецца трапіць у землі, цалкам незнаёмыя, пра якія распавядалі толькі самыя даўнія й цьмяныя шырскія паданьні. Ужо й сонца амаль схавалася, і ў вечаровым змроку хобітам так захацелася дахаты! Адчулі сябе згубленымі й бездапаможнымі. Каб толькі Том не пакінуў іх! Стаялі нерухома, расчуленыя, нават і не зразумелі адразу, што Том ужо разьвітваецца зь імі, зычыць ня падаць духам ды ехаць да самай начной цемры не спыняючыся.

– Покуль дзень ня скончыўся, Том шчэ дасьць параду. А тады ўжо на сябе ды на свой шанцунак толькі спадзявайцеся. Дык вось: праз дзьве з паловай мілі вёску напаткаеце, гэта значыць Прыгор'е пад Тутэйшай гарою, вакенцамі на захад. Там стаіць шынок стары, шынок "Скаклівы конік", гаспадар ягоны добры, Ячман Масьляк. Там і заначуеце, і ранкам спрытна рушыце. Едзьце вы адважна, але й сьцеражыцеся! Весела насустрач лёсу!

Хобіты прасілі яго даехаць разам хоць да шынка ды ўзьняць на разьвітаньне куфаль зь імі, аднак Том адмовіўся, сьмеючыся, і дадаў:

Томава памежжа тут, ён далей ня пойдзе! Трэба ў хаце шчэ рабіць, Злата зачакалася!

Павярнуўся, падкінуў капялюш. Злавіўшы яго, ускочыў на Таўстуна дый паехаў угору па схіле, напяваючы ў змроку.