Выбрать главу

Хобіты таксама ўскараскаліся на поні й усё глядзелі на яго, пакуль ён ня зьнік у далечыні.

– Як шкада разьвітвацца з панам Бамбадзілам, – сказаў Сэм. – Усё ў яго здатна й выдатна. Падаецца мне, колькі б мы шчэ ні бадзяліся, анічога лепшага – і дзівосьнейшага – не сустрэнем. Але ня стану адмаўляцца: я цяпер болей за ўсё хачу завітаць у таго "Скаклівага коніка", пра якога ён згадваў. Спадзяюся, той "Конік" хоць крыху падобны да нашага "Цмока". Што за народ тут, у Прыгор'і?

– Хобіты тут, – адказаў Мэры, – і даўгалыгія таксама. Мяркую, будзе гасьцінна й падобна да нашых мясьцінаў. Нашыя сюды часьцяком завітваюць.

– Падобна ці не, – азваўся Фрода, – але ж гэта ўжо ня Шыр. I ня трэба лічыць, што мы на роднай зямлі ды ў роднай хаце! Калі ласка, запомніце: нават імя "Торбінс" нельга ўзгадваць! А калі ўжо надта спатрэбіцца, дык я спадар Падстромнік.

З тым паселі на поні ды паціху сунуліся ў прыцемках уніз па Шляху, тады зноў угору. Цемра спусьцілася хутка, і здалёк хобіты пабачылі нарэшце россып агеньчыкаў.

Наперадзе ўздымалася Тутэйшая гара, чорны цень сярод цьмяных зораў. Да яе заходняга боку прытулілася вялікая вёска. Хобіты пасьпяшаліся да яе, жадаючы толькі дабрацца да агменю, патрапіць пад дах ды зачыніць за сабою дзьверы, пакінуўшы ноч вонкі.

9. Пад шыльдаю "Скаклівага коніка"

Прыгор'е – галоўная вёска Прыгорскіх ускрайнаў, невялікага кавалку населенай зямлі, сапраўдная выспа сярод запустэчаных абшараў. Акрамя Прыгор'я, з другога боку стромы туліліся Стадлы, у глыбокай даліне на ўсход хаваліся Ярцы ды Прычыцы на ўскрайку Чыцкага лесу. Вакол іх апрацаваная зямля, палі й дагледжаныя ляскі цягнуліся ўсяго на некалькі вёрстаў.

Людзі Прыгорскіх ускрайнаў былі буравалосыя, шыракаплечыя, росту невысокага, вясёлыя, а характару надта незалежнага. Анікому не падпарадкоўваліся, сябравалі й з хобітамі, і з эльфамі ды гномамі, дый ведалі пра іх і астатніх жыхароў сусьвету нашмат болей, чым іншыя плямёны даўгалыгага народу. Самі распавядалі, што яны й ёсьць самыя першапачатковыя насельнікі гэтых мясьцінаў, наўпростыя нашчадкі тых людзей, што ўпершыню прыйшлі сюды з усходу. Няшмат іх ператрывала войны ды нягоды Даўніх дзён, аднак калі каралі вярнуліся зноў з-за Вялікага мора, прыгорцы жылі сабе на старым месцы. I дагэтуль жывуць, а пра каралёў нават і ўспаміны быльлём парасьлі.

У тыя дні так далёка на захадзе, ці ў прылеглай да памежжаў Шыру сотні міляў, іншых людзей не было. Праўда, у Дзіказем'і за Прыгорскай ускрайнай бадзяліся нейкія таемныя асобы. Прыгорцы клікалі іх ці сьледапытамі, ці валацугамі, а адкуль яны – ня ведалі. Высокія й цёмнавалосыя, па чутках, яны мелі незвычайны зрок і слых і разумелі мову зьвяроў і птушак. Яны вандравалі далёка на поўдзень, а на ўсход – ажно да самых Туманных гор, але з часам іх заставалася ўсё меней і бачылі іх зрэдку. Калі завітвалі ў Прыгорскія ўскрайны, прыносілі весткі з далёкіх краёў, распавядалі дзівосныя паданьні, пра якія аніхто болей ня памятаў. Слухалі іх ахвотна, аднак сябраваць з валацугамі не сьпяшаліся.

Жыло ў Прыгорскіх ускрайнах і шмат хобітаў, і вось яны сьцьвярджалі, што зьяўляюцца самымі першымі насельнікамі найстарэйшага хобіцкага селішча ва ўсім сьвеце, заснаванага задоўга да таго, як астатнія перайшлі Бранявін ды калянізавалі Шыр. Жылі хобіты большай часткаю ў Стадлах, хоць некаторыя і ў Прыгор'і, пераважна па схілах стромы над людзкімі хатамі. Вялікія й малыя (гэтак яны клікалі адзін аднаго) добра ладзілі, у справы адзін аднаго ня лезьлі, але слушна лічылі сябе неабходнай і законнай часткаю суцэльнага прыгорскага люду. Анідзе болей у сьвеце гэткага незвычайнага (і вельмі ж удалага) уладкаваньня не было.

Самі прыгорцы, вялікія ці малыя, вандравалі няшмат і турбаваліся пераважна справамі сваіх чатырох вёсак. Час ад часу прыгорскія хобіты дабіраліся да Прыбычча ці Ўсходняга падзелу. Аднак хоць іх маленькая ўскрайна была ўсяго за адзін дзень язды ад Каменналучнага мосту, шырскія хобіты зрэдку туды завітвалі. Выпадкова які прыбычац ці асабліва няўседлівы Хват заяжджаў ды начаваў у "Скаклівым коніку" ноч ці дзьве. Але й тое здаралася ўсё радзей. Шырскія хобіты клікалі прыгорскіх, дый любых астатніх, замежных, чужынцамі й амаль імі не цікавіліся. Лічылі іх грубымі й дурнаватымі. Трэба зазначыць, па захадзе Міжзем'я ў тыя часы бадзялася нашмат болей чужынцаў, чым уяўлялі сабе шырскія хобіты. Некаторыя, безумоўна, былі сапраўдныя бадзягі, гатовыя выкапаць нару ў першым прыдатным схіле й жыць там, пакуль ня прыйдзе ахвота сысьці. Аднак у Прыгорскай ускрайне хобіты былі заможныя й салідныя, і не грубейшыя за большасьць шырскіх. Да таго ж яшчэ не забыліся, што калісьці шмат народу езьдзіла ў Шыр ды з Шыру. Як ні лічы, а прыбычцы прыгорцам – радзіна.