Налічвалася ў Прыгор'і ля сотні каменных дамоў даўгалыгага народу. Большасьць над Шляхам, на схіле, вокнамі на захад. З гэтага боку паўкругам ад падэшвы стромы ішла глыбокая канава з шчыльнай жывой агароджай, якая ў строму ж і ўпіралася. Шлях перасякаў яе па насыпе, а ў тым месцы, дзе праходзіў праз агароджу, зачыняўся моцнай брамай. Падобная брама была й з паўднёвага боку, дзе гасьцінец пакідаў вёску. Зь цемраю брамы зачыняліся, але пры іх у невялічкіх вартоўнях заставаліся на ноч вартавыя.
Дзе Шлях найбліжэй падыходзіў да падэшвы стромы, агінаючы яе, у тым месцы стаяў вялікі шынок. Пабудавалі яго даўна, калі рух па Шляху быў нашмат жывейшы. Бо Прыгор'е ляжала на старажытным скрыжаваньні: яшчэ адзін гасьцінец перасякаў Усходні шлях якраз побач з канаваю ля Ўсходняй брамы. Калісьці й людзі, і іншыя народы вандравалі па ім. Ва Ўсходнім падзеле яшчэ казалі: "Дзіўны, як прыгорскія навіны", узгадваючы ў прыказцы тыя часы, калі ў шынку распавядалі навіны з поўдня, поўначы й усходу й калі шырскім хобітам часьцяком шанцавала іх пачуць. Паўночныя землі з тых часоў спустэчыліся й заглохлі, дарогай на поўнач амаль ніхто не карыстаўся, і прыгорцы празвалі яе Травашлях, бо яна паціху зарастала травою.
А шынок стаяў як калісьці, так і цяпер, і шынкар па-ранейшаму быў значнай асобаю. Пад ягоным дахам зьбіраліся з усіх чатырох прыгорскіх вёсак усе, каму не было чаго рабіць ці хацелася перакінуцца словам-другім або пацікавіца падзеямі, – і вялікія зьбіраліся, і малыя, а яшчэ там адпачывалі сьледапыты й іншыя бадзягі, ды спыняліся на ноч вандроўнікі (пераважна гномы), якія дагэтуль хадзілі па Ўсходнім шляху, з гор ды ў горы.
Зусім сьцямнела, высыпалі бялюткія зоры, калі Фрода зь сябрамі нарэшце дабраліся да Травашляхавага скрыжаваньня й да вёскі. Заходнюю браму ўжо зачынілі, але ля дзьвярэй вартоўні сядзеў чалавек. Ён ускочыў, падхапіў ліхтар і зьдзіўлена ўгледзеўся ў хобітаў.
– Адкуль зьявіліся й чаго вам трэба? – спытаў груба.
– Нам патрэбны шынок, – адказаў Фрода. – Мы вандруем на ўсход і сёньня ня здольныя ехаць далей.
– Хобіты! Чатыры хобіты! I, мяркуючы па гаворцы, ажно з Шыру! – прамармытаў вартаўнік пад нос, нібы размаўляючы сам з сабою.
Зірнуў змрочна, тады адчыніў браму – асабліва не сьпяшаючыся – ды прапусьціў хобітаў.
– Ну, мы ня тое каб часта сустракалі шырскіх, якія ўночы езьдзяць па Шляху, – дадаў ён, калі хобіты прыпыніліся за брамай, ля дзьвярэй ягонай вартоўні. – Вы перапрашайце, але ж якія такія справы вас вядуць на ўсход? Ці можна даведацца вашыя імёны?
– Нашыя імёны й нашыя справы – прыватна нашыя, наўрад ці тут зручнае месца ды час, каб іх абмяркоўваць, – сказаў Фрода, якому не спадабаўся ані сам чалавек, ані ягоны тон.
– Безумоўна, вашыя справы – гэта вашыя ўласныя справы, а вось мая справа – гэта распытваць, хто бадзяецца поначы.
– Мы – хобіты з Прыбычча, і нам захацелася павандраваць ды наведаць тутэйшы шынок, – улез у размову Мэры. – Я – Мэрыядок Бронь-Быч. Гэтага табе хопіць? Мне казалі, народ у Прыгор'і ветлы да вандроўнікаў. Мо памыліліся?
– Добра, добра! – хутка прамовіў чалавек. – Я не хацеў анікога пакрыўдзіць. Адылі пабачыце: шмат хто апроч старога Гары-вартаўніка вас будзе распытваць. Тут у нас такі народ бадзяецца, не паверыце! Калі завітаеце ў "Коніка", дык убачыце, што вы не адзіныя вандроўныя госьці там.
Тады пажадаў ім дабраначы, і размова скончылася. Але Фрода бачыў у сьвятле ліхтара, што чалавек разглядае іх зь цікаўнасьцю. Калі брама грымнула за сьпінаю, зачыняючыся, Фрода ўздыхнуў з палёгкай. Цікава, чаму ў гэтага чалавека столькі падазронасьці? Можа, хто распытваў яго, ці завітвалі шырскія хобіты. Можа, сам Гэндальф? Ён мог сюды патрапіць, пакуль хобіты цягнуліся праз пушчу дый па Лысагор'і. Аднак нешта непрыемнае й трывожнае яўна адчувалася й у твары, і ў голасе вартаўніка.
Той пэўны час пазіраў усьлед хобітам, потым вярнуўся да вартоўні. Як толькі ён павярнуўся сьпінаю да брамы, на яе спрытна й бязгучна ўскараскалася цёмная постаць, саскочыла – і хутка зьнікла сярод ценяў вясковай вуліцы.
Хобіты ехалі ўгору па некрутым схіле паўз асобныя сядзібы, спыніліся ля шынка. Дзівіліся на людзкія хаты: гэткія ж вялізныя! Сэм зірнуў на шынок – трохпавярховы, з мноствам вокнаў – і зусім зьніякавеў. Вядома, уяўляў сабе, што калі-кольвек падчас вандроўкі сустрэне веліканаў, вышэйшых за дрэвы, ды іншых жудасных пачвараў, аднак першай сустрэчы зь людзьмі й іхнімі высачэзнымі хацінамі сталася досыць. Нават і болей чым досыць для ночы пасьля гэткага цяжкога дня. Уявіліся яму чорныя коні, ужо засядланыя, што чакаюць у ценях на шынковым падворку, і Чорныя Вершнікі, якія ўжо высоўваюцца зь цёмных вокнаў пад дахам.