– Спадару Фрода, мы ж тут начаваць не зьбіраемся, праўда? – усклікнуў ён. – Калі ўжо тут хобіты жывуць, мо папросімся да каго ў хату? Там утульней будзе.
– А што табе ня так з шынком? – перапытаў Фрода. – Том Бамбадзіл яго нам параіў. Думаю, унутры досыць утульна.
Для звыклага вандроўніка шынок і звонку падаваўся вельмі ўтульным. Фасадам паглядаў на Шлях, абодва крылы, якія адыходзілі назад ад галоўнага будынку, уразаліся ў схіл, так што ззаду вокны трэцяга паверху былі ўпоравень зь зямлёю. Праход пад шырокаю аркаю вёў да падворку паміж крыламі, а леваруч пад аркаю, над ганкам зь некалькімі прыступкамі высіліся дзьверы. Яны былі расчыненыя, і адтуль лілося сьвятло. Над аркаю тырчэў ліхтар, а пад ім вісела здаравенная шыльда з малюнкам тлустага белага поні, які ўзьняўся на дыбкі. Над дзьвярыма быў і надпіс белымі літарамі: "Скаклівы конік Ячмана Масьляка". З многіх акенцаў першага паверху, з-за тоўстых завесаў, сачылася сьвятло.
Хобіты прыпыніліся ў змроку перад дзьвярыма, не наважваючыся ўвайсьці, і тут нехта ў шынку весела засьпяваў і песьню падхапіла мноства галасоў, патрапляючы ў лад ды ў тон. Хобіты паслухалі троху – ну, тое ўзбадзёрвала – і нарэшце зьлезьлі з поні. Песьня скончылася й адразу ж выбухнула сьмехам, пляскам далоняў.
Вандроўнікі правялі поні пад аркаю ды, пакінуўшы іх стаяць на падворку, падняліся па прыступках. Фрода крочыў наперад – і ледзь ня тыцнуўся носам у тоўстага, невысокага чалавека з чырвоным тварам і цалкам лысаю галавою. На ім быў белы фартух, і, відавочна, чалавек ляцеў з усіх ног з адных дзьвярэй у іншыя, несучы паднос, застаўлены поўнымі куфлямі.
– Ці можна нам... – пачаў быў Фрода.
– Паўхвіліначкі, калі ласка! – крыкнуў чалавек, ужо праз плячо, ды зьнік за дзьвярыма ў гомане галасоў ды ў воблаку тытунёвага дыму. Але момант – і зьявіўся зноў, выціраючы рукі аб фартух.
– Добры вечар, маленькі спадар! – павітаў, пакланіўшыся. – Чым магу паслужыць?
– Ложкамі для чатырох ды стойламі для пяцёх поні, калі тое мажліва. Вы, мабыць, спадар Масьляк?
– Але, пане, але. Ячманам клічуць мяне. Ячман Масьляк да паслугаў! А вы з Шыру, так? – сказаў ён і раптоўна пляснуў сябе па лобе, быццам намагаючыся ўзгадаць нешта. – Хобіты! Што ж гэта такое мне трэ было, га? А ці можна, панове, вашыя імёны?
– Спадары Хват і Бронь-Быч, а вось гэта – Сэм Гэйхад. А маё імя – Падстромнік.
– Ну вось, зноў! – усклікнуў Масьляк, шчоўкнуўшы пальцамі. – Нешта ж такое блізка... не, потым, напэўна, узгадаю, калі час будзе. З ног валюся, сьпяшаючыся, але ж пабачым, што для вас зрабіць мажліва. Цяпер нячаста завітваюць да нас з Шыру, і я дзеля вас, спадарыкі, што заўгодна, усім сэрцам, дальбог, столькі ўжо народу сёньня, ну, здаўна ўжо гэткага не было! Ці пуста ці густа, як у нас у Прыгор'і кажуць. Гэй, Ноб!.. Гэй, дзе ты, паўсьцюк скуралапы? Ноб!
– Бягу, пане, бягу! – зь дзьвярэй выскачыў жвавы хобіцік, а пабачыўшы гасьцей, спыніўся, разглядаючы іх зь вялікай цікаўнасьцю.
– Дзе Боб? – крыкнуў Масьляк. – Ня ведаеш? Дык знайдзі яго! Ну, рукі ў ногі! У мяне ня тры пары ног, каб паўсюль пасьпяваць. I ня тры пары вачэй. Скажы Бобу, каб пяцёх поні ў стойлы завёў і дагледзеў. Няхай адшукае там месца, ён жа коньмі займаецца, ня я.
Ноб патэпаў прэч, падміргнуўшы ды ўсьміхнуўшыся.
– Так, што я хацеў сказаць? – спадар Масьляк пастукаў сябе пальцам па лобе. – Ну, за адно ўхопісься, другое выпусьціш, як гаворыцца. Такі вечар – ажно галава кругам ідзе. Па Травашляху з поўдня такая каманда зьявілася ўчора – навіна дый навіна, калі ня болей. А сёньня кампанія гномаў з усходу завітала. I вы цяпер. Калі б вы ня хобіты былі, дык, пэўна, і класьці вас не было б куды. А так ёсьць у нас у паўночным крыле адзін-два пакойчыкі выключна для хобітаў, зладзілі іх, шчэ калі шынок будавалі. На самым ніжнім паверсе, з круглымі вокнамі, па-васкаму. Спадзяюся, там вам будзе ўтульна. Так, напэўна, вы вячэраць жадаеце, ну як толькі, дык адразу. Хадзема, спадарства!
Ён правёў хобітаў крыху па калідоры ды адчыніў дзьверы.
– Вось такі маленькі цудоўны пакойчык! Спадзяюся, вам падыдзе. А цяпер мне трэба бегчы. Такі заняты, зусім і часу няма паразмаўляць. Вуй, бегчы – усяго ж дзьве нагі, ды шчэ й бруха на іх цягаць! Пазьней я знову забягу, але! Калі што спатрэбіцца, званіце ў званок, Ноб прыбяжыць. Калі не прыбяжыць, званіце яшчэ дый галасіце!